“Хірург ходнікаў” ці “свой Бэнксі”? Невядомы майстар у Гродне стварае стрыт-арт пад нагамі

Стрыт-арт у выглядзе рознакаляровай мазаікі на месцы разбураных плітак ходніка заўважылі многія: “Не ведаем, хто гэта зрабіў, але плітку заўважылі”. Эксперты ад урбаністыкі называюць з’яву тактычным урбанизмом, а гараджане радасна ўздыхаюць: “Дачакаліся!”. Карэспандэнтка Hrodna.life даведалася ў гродзенцаў і экспертаў, што значаць для горада падобныя практыкі.

Адна з рознакаляровых плітак знаходзіцца каля кавярні-рэстарана «Нёман» на Савецкай плошчы. Работнік кавярні Аляксандр Янчы кажа: “Плітку заўважыў, а хто рабіў – не бачыў”. З навінавых паблікаў ён даведаўся, што прыклад такога “рамонту” ў Гродне не адзіны. Аляксандр лічыць, што гэта крэатыўна і выдатна.

Гродзенка Ганна Арлюк, архітэктарка, экспертка сацыяльнага хакантона “Урбаністыка” і адна з заснавальніц урбаністычнай ініцыятывы “Good city” лічыць, што такая творчасць на вуліцах заўсёды добра ўплывае на развіццё гарадскога асяроддзя і культуры: “Прыгожы ўзор пад нагамі адцягвае ад штодзённай манатоннасці гарадскога жыцця”.

Чытайце таксама: Арт-куток, моладзевая прастора і Гараднічанка па плошчы Леніна. Гродзенка прапануе зрабіць цэнтр зручным для гараджан

“Дачакаліся!”

На вуліцы Карла Маркса арт-латка адрозніваецца ад іншых. Тут на месцы пашкоджанай пліткі выкладзеныя выявы крыжа і вочы.

Кацярыне Кучаровай 41 год. Яна ў захапленні ад мазаікі на ходніку: “Былі б матэрыялы, сама з задавальненнем паспрабавала б “залатаць” праселыя месцы на дарожках”.

Раней падобныя стрыт-арт элементы яна бачыла ва Украіне, але на сценах. Тады Кацярыне гэта вельмі спадабалася, і яна хацела, каб падобнае з’явілася і ў Гродне. «Дачакалася!» – кажа Кацярына.

«Пластыр да хворага месца»

Адна з арт-плітак з люстэркам знаходзіцца насупраць Фарнага касцёла. Вольга Ватура, убачыўшы гэтую плітку, кажа: “Рада, што ходнік прынамсі наогул заладзілі”.

Вольга адзначыла, што яна не з Гродна, і было б добра адрамантаваць яшчэ і дарогі з ходнікамі, напрыклад, у вёсцы Галавачы, а не толькі ў цэнтры горада.

“«Латкі», што з’явіліся на вуліцах нашага горада – гэта як прыкласці пластыр да хворага месца, – кажа пра стрыт-арт пад нагамі архітэктарка Ганна Арлюк. – Адцягнуць увагу ад такой “болю”, як ямы на дарогах”.

Тактычны ўрбанізм

Ганна Арлюк расказала, што падобную практыку па “рэанімацыі” ходніка можна аднесці да сучаснай урбаністыкі.

Тактычным урбанізмам называюць набор практык хуткай і з малымі выдаткамі змены гарадскога асяроддзя. Галоўная перавага тактычнага ўрбанізму – уцягнутасць жыхароў у жыццё горада. Мяркуюць, што ініцыятыва з боку грамадства дапаможа наладзіць кантакты з горадабудаўніком і разам вырашаць невялікія праблемы ў жыцці горада.

Тактычны ўрбанізм трансфармуе гарадскую прастору праз пачатак дыялогу. Гэта не спосаб рашэння праблемы, а дэманстрацыя імкнення да паляпшэння гарадской прасторы. Магчымасць паказаць, як у будучыні можна зрабіць прастору больш прывабнай.

Адзін з прыкладаў тактычнага ўрбанізму — змена вуліцы Таймс-сквер у Нью-Ёрку. Тут было шмат дарожна-транспартных здарэнняў, і дэпартамент транспарту прапанаваў грамадзянам самім падумаць, як вырашыць гэтую праблему. Гараджане забарыкадавалі Брадвей, расставіўшы складныя крэслы. Пасля гэтага рух наладзілася і аварый стала значна менш. Пасля гэтай ініцыятывы ў 2009 годзе вуліцу зрабілі пешаходнай.

Чытайце таксама: Кажуць: «дрэвы», а саджаюць «пруткі». Чаму Гродна дагэтуль не патанае ў парках, і навошта нам схема азелянення

“Хірург ходнікаў” ці “Новы Бэнксі”?

Аўтара гродзенскага стрыт-арту ўжо параўноўвалі з французскім “Хірургам ходнікаў” і англійскім Бэнксі.

Хірург ходнікаў – мастак па мянушцы Эмемем з Ліёна. Ён запаўняе мазаікай разбураныя месцы ходнікаў. Ён лечыць раны гарадскіх вуліц з 2016 года.

Адна з працаў “Хірурга ходнікаў” ў Ліёне

Бэнксі – англійскі андэграўндны мастак стрыт-арту. Сапраўднае імя і паходжанне Бэнксі невядомыя. Міжнароднае прызнанне атрымаў дзякуючы сатырыченаму вулічнаму мастацтву і графіці.

Адзін з шырока вядомых твораў Бэнксі – «Дзяўчынка з паветраным шарам» або «Каханне ў стылі барока».

“Зараз мы назіраем новую для нашага горада стрыт-арт падзею. Яна ўжо ўзрушыла ўвагу грамадскасці, а ў будучыні можа папоўніць і спіс матэрыяльнай спадчыны горада, – кажа Ганна Арлюк. – Можна сказаць, што ў нас з’явіўся свой Бэнксі. Значыць – горад жыве”.

Чытайце таксама:

Апошнія запісы

“Клубничка” і “бабочки”. Мануал па скажэнні рэчаіснасці ад “Гродзенскай праўды”

Штомесяц абласная праўладная газета ў рубрыцы “Окошко в Европу” робіць разбор “забугорных” навін. Пад тэкстамі…

30 студзеня 2026

Арцыменя, Прасняк і «чаўнакі». Тры рэзанансныя злачынствы Гродна, якія дагэтуль не раскрытыя

Шэсць гадоў таму, 14 студзеня 2020 года, у вёсцы Чэхаўшчызна пад Гроднам застрэлілі прадпрымальніка Аляксандра…

29 студзеня 2026

Гродна перавялі на LED-свяцільнікі для эканамічнай выгады. Як гэта паўплывае на здароўе людзей і прыроду?

Вуліцы Гродна цяпер святлейшыя ноччу, а плацім мы за гэта менш - дзякуючы новаму LED-асвятленню.…

27 студзеня 2026

«Плаці, калі выкідваеш». Як беларуска сартавала смецце ў шасці краінах свету

Беларуска Марыя Ігнаценка (імя змененае) з Мінска паспела пажыць у шасці краінах свету. Усюды яна…

27 студзеня 2026

Бунт супраць продкаў Дастаеўскага. Адкуль у вёсцы пад Янавам «казацкія» могілкі?

Вёска Дастоева падарыла прозвішча роду Фёдара Дастаеўскага. Але гэтая зямля захоўвае і памяць пра трагічныя…

26 студзеня 2026

Гродна-2016: прымяраем да горада папулярны трэнд

У сетках завірусіўся трэнд "2016". Людзі ўзгадваюць, як яны выглядалі 10 гадоў назад. Узгадваем, што…

24 студзеня 2026