Вялізныя корпусы з пустымі цэхамі, якія стаяць і займаюць месца на карце — вось што часта застаецца ад некалі буйных заводаў, калі іх прадукцыя робіцца неактуальнай. Не заўсёды іх магчыма пераабсталяваць, або гэта патрабуе большых выдаткаў, чым збудаваць новы. Другое жыццё для іх — культурныя кластэры, арт-прасторы, якім пасуе індустрыяльная атмасфера і прасторныя памяшканні.

Пры такім сцэнары збанкрутаваны завод атрымае грошы за арэнду ці продаж, а горад — рост культуры, якой для рэалізацыі не хапала толькі пляцоўкі.

У сучасных гарадскіх арт-прасторах знаходзіцца месца ўсяму: мастацтву, спорту, адукацыі, кіно, музыцы, ежы. Крыху змяніць інтэр'ер, дадаць бары і месцы для сядзення, пафарбаваць ці размаляваць сцены… і пляцоўка гатовая. Перавага такіх памяшканняў у тым, што на вялікай плошчы можа з камфортам змясціцца нашмат больш людзей, чым могуць сабе дазволіць многія клубы.

Глядзіце, як у Беларусі і ў іншых краінах выкарыстоўваюць старыя, ужо непатрэбныя завадскія памяшканні.

Гродна. Пальчаткавая фабрыка

Гродна не можа пахваліцца лофтамі. Незапатрабаваная прамысловая архітэктура тут прастойвае або нішчыцца. Неблагі прыклад выкарыстання — былы будынак пальчаткавай фабрыкі «Акцэнт». Амаль два гады, як фабрыка канчаткова з’ехала з самага цэнтра горада.

Яшчэ некалькі гадоў таму фабрыка выглядала так

Будынак «Акцэнта» пачаткова належаў тытунёвай фабрыцы Шарашэўскага. Да 1880-х яна ператварылася з невялікага сямейнага прадпрыемства ў буйную вытворчасць і займала цэлы квартал у цэнтры горада. З 1967 года ў будынку знаходзілася вытворчасць пальчатак. Зараз усе памяшканні здаюцца ў арэнду.

Завадская прахадная ператварылася ў лофтавую кавярню «Прахадная», а вялікі будынак і прылеглыя да яго літаральна за пару год напоўніўся жыццём: танцавальныя і фітнэс-залы, некалькі бараў, офісы, фотастудыя.

Адзін з варыянтаў праекта ўнутранага дворыка — прастора для адпачынку

Дызайн-студыя Interio Pro нават распрацавала некалькі праектаў дворыка і ўласнікі паспелі расфарбаваць унутраны фасад былой фабрыкі. Гараджане ацанілі праект, але радавацца давялося нядоўга: будынак лічыцца гістарычным, такія змены не ўзгаднілі і ўсё давялося зафарбаваць у стандартны светла-шэры колер.

Дворык размалявалі ў вясёлныя колеры, але забылі ўзгадніць гэта. Таму ўсё прыйшлося зноў фарбаваць у шэры колер

Гродна. Склады Шарашэўскіх

У будынках былых складоў фабрыкі Шарашэўскіх на Будзёнага цяпер месціцца польскае консульства, безліч офісаў страхавых агенцтваў і турфірмаў, моўныя курсы ды шмат іншага. Гродзенская НДА «Трэці сектар» ладзіць тут адукацыйныя курсы для дарослых, тамсама тут збіраюцца на заняткі студэнты «Універсітэта залатога веку».

Лофты. Як завадскія руіны ператвараюцца ў сэрцы гарадоў

Гродна. Піўзавод

Гродзенскаму піўзаводу пашанцавала нашмат менш, хаця патэнцыял вялікі. Гэта комплекс з 14 будынкаў, сярод якіх 3 пабудовы адносяцца да гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У другой палове 19 стагоддзя аўстрыйскі купец Кунц заснаваў тут бровар. Піва выраблялі адно да 2007 года, калі завод, не вытрымаўшы канкурэнцыі, збанкрутаваў.

piuzavod-2
Гродзенскі піўзавод гэта не толькі помнік прамысловай архітэктуры. Да 19 ст. тут быў магнацкі палац Сапегаў і Агінскіх.

У 2012 года комплекс выкупіла прыватная кампанія «Экапрамэнерга» пад будаўніцтва гасцініцы, музея піва і міні-бровара. «Інвестары» павывозілі з тэрыторыі метал, а праз пару гадоў будынкі ў іх канфіскавалі. У 2017 годзе, незадоўга да чарговага аўкцыёна, там здарыўся вялікі пажар.

Адзін з эскізаў магчымай рэстаўрацыі завода

Сёлета піўзавод зноў збіраюцца выставіць на аўкцыён.

Мінск. ОК16, ЦЭХ, Кастрычніцкая

У сталіцы з лофтамі сітуацыя значна лепшая. Горад звык да іх, і яны сталі расці ў памерах і колькасці. Мінскі культурны хаб ОК16 займае цэхі дарэвалюцыйнага корпуса былога чыгуналіцейнага завода «Энергія» (першасна «Гігант»), які ў савецкі час ператварыўся ў станкабудаўнічы «Минский завод Октябрьской революции» (МЗОР). Завод пачаў здаваць памяшканні з 2010 года.

У 2017 годзе будынак выкупіў «Белгазпромбанк», каб стварыць там інкубатар культурных праектаў і эканамічных інструментаў. Гэта цэхі агульнай плошчай у шэсць з паловай тысяч квадратных метраў: «Мадэльны ўчастак» для культурных інавацый, «Бэкстэйдж», цэх першаснага завода «Гігант» — цяпер тэатральная пляцоўка, некалькі неацепленыхых вялікіх памяшканняў для выстаў і летніх мерапрыемстваў, бар.

Лофты. Як завадскія руіны ператвараюцца ў сэрцы гарадоў
«Руінны бар». Фота ok16.by

Памяшканні былога завода здаюцца ў арэнду, там праходзяць семінары на самыя розныя тэмы, трэнінгі, выставы, канцэрты, фестывалі. Вялікі плюс — зручнае размяшчэнне і блізкасць метро. Каб правесці мерапрыемства, не трэба праходзіць працэдуры зацверджання, расклад і планаванне гнуткія.

Месца «намоленае» актыўнай гарадской моладдзю: ОК16 змяніла тут культурніцкі цэнтр ЦЭХ, які раней арандаваў вялікі завадскі ангар. Перамясціўся сюды ён з іншага напаўнепрацоўнага завода «Ударнік» у цэнтры Мінска, дзе функцыянаваў з 2013 года, і быў хіба адной з першых мінскіх крэатыўных прастор у лофтах.

Цягам дзевяці год Кастрычніцкая ператварылася ў цэлую вуліцу лофтаў у былых завадскіх будынках. Тут пахне свабодай творчасці. Кавярні, культурныя прасторы, вядомыя бары, ёга-студыя… усё ў лепшых традыцыях. Тут праходзіць міжнародны фестываль урбан-арту Vulica Brasil, які пакрыў муры вуліцы вялізнымі мураламі. Дзякуючы яму беларуская сталіца звыкала да стрыт-арту і таго, што вялізныя малюнкі на будынках — не мазня і шкода, а мастацтва.

Гэта не адзіны фестываль Кастрычніцкай. Тут ладзяць фестывалі вулічнай ежы, літаратуры, музычныя ды іншыя. На час фэстаў вуліца робіцца пешаходнай.

Мінск. «Корпус»

Другі вядомы і вялікі мінскі лофт — культурны цэнтр «Корпус» — месціцца на тэрыторыі завода «Гарызонт», у корпусе № 8. І гэта не першы будынак, які вырабнік айчынных тэлевізараў здаў у арэнду пад офісы, творчыя пляцоўкі, кветкавыя крамы і шоў-румы. Квартал завода паступова ператварыўся ў творчы кластар, у якім ёсць нават пастаянны фуд-корт «Песочница».

Першыя савецкія каляровыя тэлевізары сталі збіраць на «Гарызонце» ў 1972 годзе. З 90-х завод пачаў здаваць памяшканні, а ў 2000-х наогул перавёз склады і вытворчыя магутнасці на ўскраіну горада.

На пляцоўцы «Корпуса» пастаянна праходзяць выставы сучаснага мастацтва, канцэрты, вечарыны, фестывалі, адукацыйныя і лекцыйныя праграмы, публічныя дыскусіі, маркеты, кіна і тэатральныя паказы, культурныя і сацыяльныя праекты — плошча дазваляе.

Лофты. Як завадскія руіны ператвараюцца ў сэрцы гарадоў

Зараз гарадскі ўрад прыняў рашэнне рэканструяваць будынак, дзе месціцца прастора «Корпус», і корпус 6, які быў «раздадзены» яшчэ раней, пад культурна-адукацыйныя і забаўляльныя цэнтры, а іншы завадскі будынак перарабіць на жылы дом. Зносу падлягае ўвесь завадскі квартал, у глыбіні якога збудуюць гандлёвы цэнтр з падземным паркінгам.

Вільня. Loftas

У ідэі перарабіць мінскі «Гарызонт» на лофтавае жытло і офісы беларускія ўлады натхняліся досведам блізкай Вільні. Самая актыўная культурная пляцоўка ў Літве — клуб Loftas. Тут ладзяць найлепшыя жывыя канцэрты знакамітых музыкаў, спектаклі, канферэнцыі, вечарыны да світання.

Loftas займае вялікі будынак электратэхнічнага завода «Эльфа» ў былым завадскім раёне Наўямесціс. Цяпер пра гэта нагадвае назва тутэйшага гастрабара Elfa. Завод з’явіўся ў 1948 годзе, вырабляў рухавікі для лядоўняў, магнітафоны, пацефоны — большая частка прадукцыі ішла на экспарт. У адзін час там было 8300 працоўных, там працавалі сем’ямі, пакаленнямі. Закрыўся ён ў 1993 годзе.

Блізкасць да Старога горада, прасторны ўнутраны дворык і шэраг невялікіх лофтаў побач стварылі ідэальныя ўмовы для творчых кластараў. Клуб аформлены ў лаканічным індустрыяльным стылі. Былыя завадскія цэхі лёгка пераўтвараюцца ў канцэртны клуб, спартовую залу, кінатэатр, лекторый, дзіцячае свята, маркет.

Loftas называюць «фабрыкай мастацтва», гэта і праўда вялікая арт-прастора, дзе нараджаюцца і ўвасабляюцца ідэі, адукацыйныя мерапрыемствы, канцэрты, барахолкі. З 2012 годзе тут выступалі і забароненыя ў Беларусі музыкі, збіраючы поўныя залы беларусаў і не толькі. На канцэрт «Крамбамбулі» прадалі пяць тысяч квіткоў.

Дзякуючы плошчы і падзяленню прасторы, на штогадовым фестывалі гарадской культуры Loftas-фэсце працуе шмат сцэнаў адначасова, змяшчаецца фуд-корт, кірмаш і актыўнасці на розны густ. Гэта добры прыклад таго, як можна прыстасаваць закінутыя плошчы пад шматкампанентны фестываль. Атмасфера Loftas спрыяе розным праявам гарадской культуры не замінаць адна адной і захоўваць уласны каларыт.


Лофты. Як завадскія руіны ператвараюцца ў сэрцы гарадоў

«Лофтас Фест» (Loftas Fest) пройдзе 13−14 верасня ў арт-цэнтры Loftas, ул. Švitrigailos 29.

Вас чакае электронная музыка, тэхна, рок, альтэрнатыва, індзі.

Білеты на фестываль ужо ад 17 еўра. Да 15 жніўня — зніжка 20% па промакодзе GO_LOFTASFEST.

Лофты. Як завадскія руіны ператвараюцца ў сэрцы гарадоў

Рыга. VEF

У часы СССР рыжскі дзяржаўны электратэхнічны завод ВЭФ (латыш. VEF, Valsts Elektrotehniskā Fabrika) быў найбуйнейшым вытворцам электратэхнічнага абсталявання і бытавой электронікі Латвіі, там працавала 20 000 чалавек. Адсюль выходзілі знакамітыя на ўвесь Савецкі саюз радыёпрыёмнікі і тэлефоны. Пасля развалу Саюза завод не вытрымаў канкурэнцыі, абароты знізіліся. У 1999 годзе завод рэарганізавалі, ён перастаў нешта выпускаць.

Лофты. Як завадскія руіны ператвараюцца ў сэрцы гарадоў

Затое на яго тэрыторыі, недалёка ад цэнтра Рыгі, па плошчы роўнай мікрараёну, размясціліся офісы-лофты, кафэ, спорт-клубы, вялікі гандлёвы цэнтр Domina і арт-цэнтр Totaldobže. З цягам часу з аб’яднання мастакоў ён ператварыўся ў буйны культурны цэнтр, які ладзіць фестывалі сучаснага мастацтва, выставы, канцэрты, паэтычныя конкурсы, мультымедыйныя прэзентацыі, перформансы і мноства іншага. Мерапрыемствы прыносяць неблагі прыбытак.

Лофты. Як завадскія руіны ператвараюцца ў сэрцы гарадоў

Талін. Ротэрман, Телісківі

Квартал Ротэрман у Таліне радуе аматараў архітэктуры і прыцягвае турыстаў. Кварталу пераваліла за 200 гадоў. Тут быў зернавы элеватар, млын, саляны склад (па прозвішчы яго ўласніка названы квартал) з плітняка — будынак захаваўся. Пазней з’явіліся хлебзавод, гарэлкавая фабрыка, выраблялі палатно і фарфор. У Савецкі час квартал пачаў руйнавацца, тут здымалі «Сталкера» Таркоўскага.

Пасля абвяшчэння незалежнасці Эстоніі квартал узялі пад ахову, старыя фабрыкі Rottermann перабудавалі, ператварыўшы былы комплекс заводаў у офісы, крамы і рэстаранчыкі.

Лофты. Як завадскія руіны ператвараюцца ў сэрцы гарадоў

Тэлісківі — Telliskivi Creative City — квартал былога савецкага завода імя Калініна. Пераўтварацца ў арт-квартал ён пачаў у 2007 годзе. Праз пару год там з’явіўся талінскі кінафестываль «Чорныя ночы», штотыднёвы блышыны рынак і скейт-парк, пасля — клубы, бары.

Цяпер гэта «творчы гарадок» — комплекс будынкаў, у якіх месцяцца крэатыўныя пляцоўкі, крамы дызайнерскага адзення і прадметаў інтэр'ера, кнігарня, некалькі кавярняў з незвычайным інтэр'ерам, офісы медыя, дызайнераў, стартапаў. Прастора паміж будынкамі запоўнена арт-аб'ектамі і летнімі пляцоўкамі. Тут ужываюцца культура і бізнес. Штогод тут праходзіць каля 600 канцэртаў і іншых мерапрыемстваў і амаль мільён наведнікаў.

Берлін. Не пералічыць

Надзвычай багаты на культурныя прасторы ў індустрыяльных будынках Берлін, а лофтавыя бары і клубы не пералічыць. Хаўс Шварцэнберг (Haus Schwarzenberg) — двор старой фабрыкі, дзе падчас другой сусветнай працавалі сляпыя і глуханямыя яўрэі. Уласнік фабрыкі ўсімі праўдамі і няпраўдамі ратаваў іх ад смерці, падкупаючы нацыстаў. Цяпер тут пануе альтэрнатыўная культура і стрыт-арт.

У вялізным будынку нядзейнага цяпер аэрапорта Тэмпельгоф (Tempelhof) 1923 года праходзяць выставы і фестывалі, а на полі былога аэрапорта ўтварыўся гарадскі парк.

Гамбургер Бангоф (Hamburger Bahnhof) — значны ў Еўропе музей сучаснага мастацтва ў будынку былога вакзала, з працамі Эндзі Уорхала і Роя Ліхтэнштейна.

Клуб Berghain — культавы для аматараў тэхна-культуры, размясціўся ў былой электрастанцыі. У памяшканні з 18-метровымі столямі могуць змясціцца адначасова каля палутара тысяч чалавек.


Бліжэйшы да нас прыклад выдатнага пераўтварэння былой прамысловай забудовы — віленскі Loftas. Самы лепшы спосаб пазнаёміцца з гэтай пляцоўкаў - паездка на Loftas Fest, які адбудзецца ўжо ў верасні. Там можна адпачыць і натхніцца на тое, каб і ў Беларусі пераўтвараць закінутыя пляцоўкі ў культурныя цэнтры.

Лофты. Як завадскія руіны ператвараюцца ў сэрцы гарадоў

ТАА «Ірвінга Група»

УНП 191 751 509