Беларускія закаткі, 38-гадовы плюшавы зайчык, сны і прагляданне мапаў дапамагаюць гродзенцам перажыць растанне з домам. Вяртанне яны будуць святкаваць з «шампанам» на плошчы каля (пакуль існуючага) помніка Леніну. Запыталіся ў гродзенцаў, якія з’ехалі ад пераследу і пакуль не могуць вярнуцца, як яны захоўваюць сувязь з радзімай і што зробяць першым пасля вяртання дамоў.
Hrodna.life працуе для вас. Калі вам падабаецца наша выданне, калі ласка, падтрымайце нас, стаўшы падпісчыкамі на Patreon. Гэта дазволіць нам рыхтаваць яшчэ больш цікавых аўтарскіх матэрыялаў.
Але рабіце гэта толькі, калі вы ў бяспецы. Напрыклад — за мяжой. І ні ў якім разе не з карты беларускага банка.[З'ехаў] больш чым год таму. Пасля чарговага затрымання выйшаў, ды праз колькі дзён вырашыў з’ехаць, ад граху падалей. Чарговае затрыманне было б пытаннем часу. Чалавек ёсць — справа знойдзецца.
А я яе [сувязь] і не губляў. У 21 стагоддзі вельмі шмат сродкаў сувязі з блізкімі. Сябры прыязджаюць у госці. Зараз лепей разумееш кошт такіх сувязяў. Кожны дзень чытаю навіны свайго месца, сачу за тым, што адбываецца, за пераменамі. Часам заходжу на Яндэкс-мэп, каб паглядзець на сваё месца ў віртуальнай рэальнасці.
Калі зусім дрэнна, тэлефаную каму-небудзь з блізкіх. Выходжу прайсціся нагамі, паслухаць музыку ў навушніках. Калі было надвор’е — браў велік ды ехаў кіламетраў з 50. Вельмі дапамагае. Стараюся трымацца рэжыму дня і не чапаць алкаголь, бо ад яго значна горш. Спрабаваў - ведаю. Яшчэ ў вольны час вывучаю англійскую, польскую ды трошкі літоўскую мовы. Гэта пашырае разуменне і сваёй Радзімы. Ну вось, напрыклад, мяне здзівіла, што «Гожа» заўсёды была «Казлом», «Скідзель» — «Шчытом».
Мне перавезлі шмат з маіх рэчаў, якімі я карыстаўся дома: адзенне, камп’ютар, усякія прылады. Іншы раз перадаюць нешта эксклюзіўнае, кнігі альбо беларускія закаткі.
[Калі вярнуся дамоў], я буду сядзець на плошчы Леніна, ля пастаменту, на якім пакуль што стаіць добры дзядуля Ленін. Каля мяне будуць дзве ці тры скрыні з шампанам, можа і болей. Запрашаю ўсіх жадаючых. Дату анансаваць не буду — вы самі ведаеце, калі гэта будзе.
З’ехаў перад самай вайной, уцёк з-пад следства. Сувязь з радзімай асабліва не падтрымліваю, размаўляю з кім размаўляў, толькі менш і па інтэрнэту. Калі хочацца дадому — успамінаю жрачку на Акрэсціна і папускае імгненнем.
Тупа не хапае грошай, каб вырашаць усе пытанні, звязаныя з Радзімай, аддалена. Былі б грошы, усе пытанні было б парашаць значна лягчэй. Візы для тых, хто застаўся — дорага, прывезці барахло — дорага і клапотна. Я і сваю эміграцыю ўспрымаю як эканамічныя санкцы і -вось, быў чалавек, аднаго ПДВ плаціў у год на тысячу-паўтары, акцызы на паліва, падаткі. Херак — і няма мяне, а я ў паліклініцы быў двойчы за 10 гадоў, атрымаць даведку на правы і дазвол на ўдзел у марафоне.
Першае што зраблю, калі вярнуся — пайду цынічна парушаць цяперашнія законы, калі гэта будзе беспакарана больш-менш. Крымінальныя, хоць і адміністрацыйныя таксама не збіраюся выконваць.
Я не лічу, што я ў эміграцыі, а лічу, што я ў доўгатэрміновай камандзіроўцы. Са жніўня 2021 года знаходжуся ў Грузіі. Чаму з’ехаў? Таму што адразу з пяці розных інстанцый мне патэлефанавалі і папрасілі на размову.
Я падпісаны на ўсе гарадзенскія Telegram-каналы, розныя паблікі, на інфармацыйныя, гарадзенскія, каналы па гісторыі. Таксама я кантачу з людзьмі, якія жывуць да сённяшняга часу ў родным горадзе. Я з імі пастаянна ці сазвоньваюся, ці спісваюся, ці нейкім чынам кантактую.
Я пытаю, як там стаіць музей, як стаяць замкі, ці адбываюцца нейкія экскурсіі, сустрэчы з людзьмі. Бывае, я час ад часу перапытваю гарадзенцаў, якія прыязджаюць сюды да мяне ў Грузію, што адбываецца ў горадзе. Кожны дзень амаль што нешта адбываецца.
Перадачы з радзімы — так, сапраўды, я вельмі рады, што гэта ўдаецца зрабіць. Час ад часу мне перадаюць каўбасу з Гародні нейкую. Ці нейкія гульні кшталту «Паўстанцаў», «Мовы», якія робіць кампанія «А4».
Адна з першых рэчаў, якія я зраблю, калі вярнуся ў родны горад — прайдуся па набярэжнай, схаджу да Каложы, потым праз Каложскі парк вярнуся да замкаў, пагляджу на сінагогу, прайдуся па мясцінах, якія мне з дзяцінства дарагія. Спушчуся па лесвіцы закаханых, прайдуся ля старога піўзавода, прайдуся па старым мосце і схаджу ў кляштар Францысканаў, які мне вельмі падабаецца з самага дзяцінства.
У эміграцыі я ўсяго некалькі месяцаў. Свядома я заставаўся ў Беларусі ўсё сваё жыццё. Усё жыццё маёй звышмэтай было развіццё гарызантальных сувязяў грамадскага самаасэнсавання.
Сэнсам маёй дзейнасці была адукацыя. Спачатку свая. Я трапіў на шлях, дзе сам ператварыўся ў настаўніка. Нязручнага — пасіянарыя, інсургента. Таму ў афіцыйнай адукацыі не затрымаўся надоўга. У школьнай сістэме пратрымаўся ўсяго шэсць год, у пазашкольнай з’яўляўся ўрыўкамі - толькі з’яўляўся канфлікт з ідэолагамі, сістэма агрызалася і я сыходзіў. У неафіцыйнай, партызанскай адукацыі я амаль ўсё жыццё. Гэта і трымала мяне ў родным горадзе пасля пачатку жорсткіх рэпрэсій і ціску. З’ехаць вымусіла толькі пагроза турмы на доўгі тэрмін, фізычнай расправы, і, галоўнае, пагроза маім сябрам і вучням праз мяне.
У маім горадзе (свядома ўжываю слова «маім») засталіся СЭНСЫ. Засталося ўсё, чаму я прысвяціў сябе. Мой горад — месца моцы. Месца прыкладання ўсяго імпэту для мене. Усе свае сорак-плюс гады жыцця я ЖЫЎ тут. Усё, што я пабудаваў, выгадаваў, стварыў - тут. Усё, што мяне натхняла і рухала наперад самаасэнсаванне, рост — тут. І ЛЮДЗІ. Сям’я, сябры, вучні, якія выраслі ў сапраўдных ЛЮДЗЕЙ і сталі сябрамі, верныя паплечнікі - шмат хто застаўся. І менавіта яны даюць шанец усім нам на ўздым, на перамогу, на вяртанне.
Таму я захоўваю сувязь. Як? Па першае, праз тэзу Уладзіміра Мацкевіча — «Думай Беларусь». Можна спрачацца з ім у розных яго высновах, але «Думаць Беларусь» — бездакорная тэза.
Калі невыносна, калі туга і сум запаўняюць душу — дазваляю сабе выплакацца. І пішу. Рознае. Нарысы, адукацыйную праграму. Прапановы рэформаў… І размаўляю аб гэтым з адмыслоўцамі, сябрамі, якія тут побач і з тымі, якія там — далёка ад мяне, але біліжэй чым здаецца.
Я, негледзячы на суворы выгляд мужыка сорак-плюс, без грама лішняга тлушчу і павадкамі вулічнага хулігана, даволі сентыментальная асоба. У мяне ёсць мяккая цацка, якой трыццаць восемь год. Гэта плюшавы заяц, ён невялічкі - мо сантыметраў дваццаць вышынёй, колеру спелай морквы. Ён пацёрты, але… Мне падарыла яго матуля ў дзяцінстве, калі мы з малодшым братам-пагодкам мелі аднаго плюшавага зайчыка на дваіх, кожны хацеў песціць яго, і я саступіў. Гэта быў важны досвед, які ў многім сфармаваў мяне як чалавека. І вось, гэты памаранчавы плюшавы зайчык падтрымлівае мяне, сталога чалавека, як ратавальнае кола ў моманты ментальных штормаў.
У эміграцыі я з 29 лістапада 2021 года — пайшоў другі год. Чаму з’ехала? Па-першае, ад пераследу. Мы яшчэ да 2020 года былі актывістамі. Таксама працавалі ў краме нацыянальнай сімволікі. Пасля трох вобшукаў з’ехала ад пагрозы. Немагчыма было больш ні жыць там, ні працаваць.
Чаму важна захоўваць сувязь? Таму што гэта мой самы любімы горад Беларусь. Горад, які стаў родным за шэсць год, якія я там пражыла. Было шмат сяброў.
Чытаю ўсе навіны. Тыя людзі, з якімі я там сябравала, сустракалася — яны ўжо амаль што ўсе тут. Калі-некалі тых людзей, што засталіся ў Гродне, прашу, каб зрабілі здымкі тых месцаў, якія мне былі важныя ў Гродне.
За год, які я тут, у мяне яшчэ не было такога, каб туга па радзіме была невыноснай. Я, канешне, хачу ў Гродна, хачу дахаты з’ездзіць паглядзець, можа, вярнуцца. Але каб так кідацца на сценкі ці плакаць — не, такога за год яшчэ не было. Я заўсёды мела меркаванне, што мой дом там, дзе мае родныя і блізкія, дзе дарагія мне людзі. А мая Беларусь — яна са мной у сэрца, яна вакол мяне. Бо мы страваем беларускую прастору усе разам тут.
Зараз гляджу на кнігі, якія прывезла з Беларусі, тут набыла — на беларускай мове. Іх чытаю, гляджу беларускамоўныя каналы, чытаю беларускамоўныя навіны, слухаю беларускамоўную музыку. Побач са мной беларускі кот, мой муж, мае сябры. І на гэты час мне гэтага дастаткова. Я хацела прывезці кнігі беларускамоўныя — я іх усе ўжо сюды перавезла. І калекцыю сваіх кубкаў, якія я збірала. І вось гэтыя дробныя рэчы — яны зараз са мной. Да рэчаў фізічных я не надта прывыкаю. Губіш бывала рэч ці сапсуеш — нейкіх паўгадзіны патужыш і ўсё.
Ну і ўвогуле, у мяне складаецца такое ўражанне, што я жыву як бы два жыцці: днём — і ўначы, калі я сплю. Бо мне кожную ноч сняцца сны. Я іх запамінаю. Калі я пераехала ў Польшчу, то мне вельмі часта сталі сніцца мае памерлыя бацькі, вёска маёй маці, у якой мы раслі ў дзяцінстве, адзін мой дом, другі мой дом у Гародні. Нейкія такія далёкія сябры. І гэта вельмі цікавыя сны заўсёды. Нават не хочацца прачынацца, хочацца іх даглядзець.
Адзінае, што мне тут не хапае — напэўна, магчымасці больш быць на прыродзе. Я заўважыла, што я ў гэтым годзе не бачыла амаль што півоней, калі яны расквітнелі, гладыёлусаў, касачоў, астраў. У грыбы я трапіла, але мне не хапае вёскі.
Тут ёсць справа, якая мне падабаецца, праца, якая падабаецца, хобі мае са мной засталіся. У мяне ёсць магчымасць рабіць тое, што я хачу. Я лічу, што ў параўнанні з тым, як магло скласціся жыццё там і як склалася, на жаль, у шмат каго з нашых беларусаў, няма на што скардзіцца і няма за што ўвогуле перажываць. Бо ёсць людзі, якія сядзяць за кратамі і не могуць вырашыць пытанні па працы, па здароўі. Таму я ўвогуле стараюся не наракаць ні на што, а прыймаць, як ёсць, і будаваць сваё жыццё тут і зараз. І жыць тут і зараз.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…