«Падпісанты выбралі Нёман, я і паплыў», — кажа Стас Вулканаў. Яму спатрэбілася 12 дзён, каб пераадолець на сапбордзе Нёман ад вытокаў да Гродна. Усяго хлопец праплыў 450 км, гэта адно з самых працяглых яго падарожжаў па Беларусі. Пра сапборд і падарожжа на ім Стас распавёў Hrodna.life.
Стас жыве ў горадзе Любань (Мінская вобласць), зарабляе, размяшчаючы фатаграфіі на стоках. Два гады ён ужо плавае на сапборде. У 2018 годзе беларус сплаўляўся па Украіне да Чорнага мора, падарожжа доўжылася 1,5 месяца. На 2020 год у Стаса таксама былі запланаваны замежныя паездкі, але пандэмія ўсё змяніла.
«Зачыненыя межы далі магчымасць звярнуць увагу на Беларусь. Я лічу, цяпер самы ідэальны час вывучыць сваю краіну ўздоўж і папярок, — распавядае Стас. — Я спытаў у падпісчыкаў, куды плыць. На выбар было тры ракі: Сож, Свіслач і Нёман. Падпісчыкі выбралі Нёман, я і паплыў. Для мяне такое падарожжа — гэта адпачынак і трэніроўка да больш складаных трыпаў».
Ад Нёмана ў Стаса дваякае ўражанне. Выток і вярхоўе — ідэальная, чыстая вада і шмат рыбы. Другая частка Нёмана, пасля Бярозаўкі, — брудная і каламутная вада. Гэта для яго адзіны мінус, у астатнім прыроду Беларусі ён называе шыкоўнай.
Падчас падарожжа Стас рабіў фатаграфіі для сацыяльных сетак і здымаў відэа на свой канал у YouTube.
Самае страшнае — моцны вецер
Падарожжа Стас пачаў з Лашанскага вадасховішча. Там пачынаецца рака Лоша, якая ўпадае ў Нёман. За 12 дзён хлопец прайшоў 450 км. У дзень у сярэднім ён пераадольваў па 40 км пры хуткасці 5 км/г.
«Плыву я адзін. Рыбакі вітаюць, многія пытаюцца пра сап. Даводзіцца распавядаць. Каля Бярозаўкі сустрэліся з падпісчыкам, ён запрасіў да сябе на дачу пераначаваць. А так я заўсёды ў намёце сплю».
Усе падарожжа па Нёмане Стас пераадольваў стоячы на сапбордзе. Дошка з рыштункам важыць каля 12 кг.
«За паездку я ні разу не ўпаў. Нават калі дошка перавернецца, усе рэчы застануцца сухімі і будуць на месцы — яны ў мяне ў гермамяшках. А калі дождж, то ў мяне ёсць накідка і можна спакойна працягваць рух. Самае страшнае — гэта моцны вецер, які можа затармазіць і прыходзіцца выдаткоўваць шмат сіл на кіраванне».
Рух сапераў у Беларусі
Стас распавядае, што рух сапераў у Беларусі расце. У кожным абласным цэнтры ёсць хлопцы, якія сплаўляюцца на дошках па вадаёмах.
«На сапе лёгка навучыцца катацца. Можна гэта зрабіць усяго за 10 хвілін. Я ведаю, што ў Гродне ёсць рух сапераў. У мяне запланавана з імі сустрэча. Будзем абмяркоўваць сумесныя праекты».
У Гродне сапборды можна ўбачыць на Юбілейным возеры.