Экатранспарт у Гродне робіцца больш заўважным: хтосьці аддае перавагу ровару, хтосьці гіраскутару ці электрасамакату, а нехта — ролікавым канькам. Апошні спосаб перамяшчэння стаў пастаянным у пары гродзенцаў Сашы і Лізы.

Ролікі зблізілі

Саша і Ліза два гады разам катаюцца па горадзе. У дзень яны пераадольваюць па некалькі кіламетраў: ад дома да універсітэта, у цэнтр па справах і г. д. Ролікі і пазнаёмілі іх.

«Мы першы раз сустрэліся менавіта на роліках, — распавядае Саша. — Пазней пачалі актыўна кантактаваць, праводзіць час разам. Ліза, як і я, пачала катацца яшчэ ў дзяцінстве, таму з самага пачатку нас звязвала любоў да ролікаў. Паступова мы з ёй сталі самымі блізкімі людзьмі і „чаравікі“ былі заўсёды побач. Мы часта каталіся па начным горадзе, „лёталі“ па дарогах і выступалі на спаборніцтвах. Ездзілі ў Мінск, каб проста пакатацца на роліках. Дзякуючы ім мы таксама наведалі Кітай, дзе выступалі на спаборніцтвах па слаламу. Кожны з нас разумее, што гэтая, хай і не адухоўленая рэч, стала часткаю нашых душ, яна падарыла нам самыя моцныя эмоцыі і дарагія ўспаміны. Без ролікам не было б нас такіх, якія мы ёсць сёння».

"Без ролікаў не было б нас такіх". Для пары з Гродна ролікі сталі паўсядзённым транспартам

Крыніца эмацыйнай разрадкі і фітнэс

Сёння пара катаецца на роліках коштам ад 500 долараў. Кажуць, лепш адзін раз укласціся ў якасную рэч, чым па некалькі разоў купляць танныя.

«Мае першыя ролікі былі з мясцовай крамы „Спорттавары“ і ў наступныя гады пераламаў яшчэ шмат танных пар, набіў шмат сінякоў, — дадае Саша. — Але я захапіўся ролікамі сур’ёзна і адкрыў для сябе якасны інвентар, пазнаёміўся з многімі людзьмі з гэтай сферы, паўдзельнічаў у чэмпіянаце свету па ролерспорту і знайшоў каханне. Я трэніраваўся ў напрамках фрыскейт і слалам, пераабуў некалькі пар добрых ролікаў. Нарэшце, пару гадоў таму, я астыў да трэніровак і ролікаў са „спартыўнага“ пункту гледжання. Цяпер я выкарыстоўваю іх як транспарт, крыніцу эмацыйнай разрадкі і фітнэсу. Мая любоў да ролікаў не сышла, а проста памяняла сваё рэчышча».

Заўсёды з ролікамі

Саша і Ліза распавядаюць, што калі перасоўваешся на роліках, у чалавека ўзнікаюць неверагодныя пачуцці - ты нібыта і на зямлі, і адначасова ляціш над ёй. Ліза адзначае, што пасля хады пешшу на роліках цябе пачынаюць проста п’яніць хуткасці, якіх дасягае чалавек без асаблівай напругі.

«Апошнія два гады мы часта на роліках, а Саша і на вучобу, і на нейкія сустрэчы і па справах ездзіць. Перасоўвацца на роліках — гэта вельмі зручна. Маючы заплечнік, да якога можа прышпіліць ролікі, можна камфортна перамяшчацца і пешшу, і ў транспарце, і ў будынках, пры гэтым маючы пад рукой свае колы. Як толькі ў нас узнікае магчымасць пабыць у іншым горадзе — заўсёды бярэм ролікі. Яны дазваляюць нам абследаваць больш месцаў, чым пешшу. Ролікі - гэта вельмі круты дэвайс для вандроўнікаў».

"Без ролікаў не было б нас такіх". Для пары з Гродна ролікі сталі паўсядзённым транспартам

Даводзіцца прыстасоўвацца

Па Гродна маладзёны ездзяць даўно і спачатку іх вельмі злавала плітка на вуліцах. Гэта адна з галоўных прычын, чаму ў горадзе можна рэдка сустрэць ролераў. Але з часам Саша і Ліза прывыклі да гарадской інфраструктуры.

«Даводзіцца да ўсяго прыстасоўвацца: пачынаеш мацней адштурхоўвацца і больш згінаць ногі пры руху, — распавядае Саша. — А так у асноўным усе аматары ролікаў у Гродне знаходзяцца ў Пышках, там створаны добрыя ўмовы для катання — добрае пакрыццё і свежае паветра, толькі трэба выбіраць час, каб было не занадта людна.

Больш-менш падрыхтаваны чалавек можа пакатацца ў любым месцы горада, галоўнае жаданне. Вельмі вялікую ролю пры катанні маюць самі ролікі. Інвентар павінен быць якасным. Ёсць шмат артыкулаў па выбары добрых ролікаў, але звычайна мала хто гэта чытае. Вось просты савет: калі вы займаецеся вызначаным напрамкам ролерспорту, то ў працэсе зносін з калегамі вы знойдзеце для сябе прыдатную мадэль. Калі вы толькі пачынаеце катацца, то адразу набудзьце ролікі для фрыскейта — самы папулярны і якасны вытворца — Seba".

"Без ролікаў не было б нас такіх". Для пары з Гродна ролікі сталі паўсядзённым транспартам
Ролер-рух зноў на пад’ёме?

Сёння ў Гродне складана весці статыстыку тых, хто катаецца на роліках. Кожны год з’яўляюцца новыя аматары, а хтосьці забывае гэта хобі. Старажылаў засталося вельмі мала, але дзякуючы ім ролікі пачынаюць любіць і іншыя.

«У Гродне людзей, якія рэгулярна катаюцца, можа чалавек пяць, а астатнія могуць адзін раз у год абуваць «колы», — адзначае пара. — Ролікі - гэта субкультура, у цэнтрам якой заўсёды група людзей. Калі людзі ёсць, то рух развіваецца. Калі не — адбываецца застой. Раней у горадзе была такая тусоўка і ролер-школа, рух актыўна развіваўся, пік быў у 2013−2014 годзе, потым усё распалася і пачаўся застой.

Сёння ў нашым горадзе пачынаецца чарговы бурны рост руху. Адна са старажылаў - Васіліса Маслава, яна доўгія гады ўпарта трэніравалася і выйграла сёлета чэмпіянат свету па слаломе. Цяпер яна актыўна займаецца развіццём сваёй ролер-школы. Людзі паступова збіраюцца вакол яе. Зноў ствараецца цэнтр субкультуры ў горадзе".

Галоўнае — жаданне

Саша расказвае, што нейкі перыяд у сваім ролер-жыцці ён таксама актыўна трэніраваў людзей, але пасля вырашыў займацца сабой і сваёй дзяўчынай. Ролікі сёння для пары гэта актыўны адпачынак і транспарт для перамяшчэння па горадзе.

«На роліках можа навучыцца катацца чалавек любога ўзросту. Галоўнае — жаданне. Варта разумна падысці да працэсу і не грэбаваць абаронай. Варта слухаць свой арганізм і спрабаваць адчуваць баланс. Чалавек можа звярнуцца да інструктара або вучыцца самастойна, галоўнае — не здавацца.

На пачатковых этапах абавязкова трэба пытаць парадаў у людзей, якія катаюцца побач — не баяцца дыялогаў. І памятаць: у катанні на роліках усё вельмі індывідуальна, не варта ў кагосьці штосьці стоадсоткава пераймаць, не варта хвалявацца калі нешта не выходзіць. Слухайце сябе і катайцеся толькі ў радасць".

"Без ролікаў не было б нас такіх". Для пары з Гродна ролікі сталі паўсядзённым транспартам

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life