У Гродне 17 чэрвеня пачаўся адміністрацыйны працэс у дачыненні да Сяргея Калмыкова, якога затрымалі ў Гродне 29 траўня разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Гродзенец прабыў 7 сутак пад арыштам у Мінску. Цяпер яго абвінавачваюць у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні.

Увечары 29 траўня Сяргей са сваёй дзяўчынай (з 12 чэрвеня жонкай) Ірынай прыехалі на Савецкую плошчу, каб паставіць подпіс за вылучэнне прэтэндэнтаў у прэзідэнты Беларусі. У той дзень на плошчы збіралі подпісы адразу за некалькіх прэтэндэнтаў. Паставіць свае подпісы пара не паспела — на пікеце пачаліся затрыманні. Сяргей кажа, што нічога супрацьпраўнага не рабіў, але яго затрымалі і на наступны дзень перавезлі ў Мінск. Спачатку яго трымалі ў ізалятары часовага ўтрымання, а пасля ў СІЗА № 1. Сяргея адпусцілі 5 чэрвеня. Ён вярнуўся ў Гродна.


Чытайце таксама: «В разгоне участвовал родственник из ОМОНа». Гродненка рассказала, как на пикете задерживали ее парня


«Я невінаваты, вось мяне і адпусцілі. У гэтым заслуга маёй жонкі Ірыны і журналістаў. У Мінску ніхто не аказваў ціску, ставіліся нармальна», — распавёў Сяргей у размове з журналістам Hrodna.life.

Гродзенца, якога затрымалі з Ціханоўскім, судзяць за супраціў міліцыі
Скрын з выпуску навін тэлеканала «Беларусь-1» 31 траўня. Сяргей Калмыкоў абведзены зялёным колерам. Аранжавым — Сяргей Ціханоўскі

15 чэрвеня Сяргею прыйшла позва ў суд. У дачыненні да яго распачаты адміністрацыйны працэс па артыкулах 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі) КаАП.

Справа пачалі разглядаць 17 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёна. Сведкамі ў працэсе выступілі супрацоўнікі АМАПу і жонка Сяргея Ірына.

Сведкі - супрацоўнікі АМАПу Сяргей Клыжук і Алег Лычагін — распавялі, што Калмыкова затрымлівалі ў сувязі з сітуацыяй якая адбываецца на Савецкай плошчы. Яны патлумачылі, што Сяргей падаўся ім удзельнікам падзей. Пры затрыманні хлопец нібыта супраціўляўся і лаяўся нецэнзурна.

«Ніякага непадпарадкавання не было, мяне ўзялі і павалаклі без слоў у аўтобус, — кажа Сяргей Калмыкоў. — Ніхто з супрацоўнікаў не прадставіўся і не сказаў, за што мяне затрымліваюць. У аўтобусе сказалі сядзець ціха. Я хацеў звязацца са сваякамі і паведаміць аб затрыманні, але адзін з супрацоўнікаў АМАПу па імі Арцём у аўтобусе забраў у мяне тэлефон і ўдарыў у грудзі».

Гродзенца, якога затрымалі з Ціханоўскім, судзяць за супраціў міліцыі
Сяргей і Ірына пасля суда размаўляюць з праваабаронцам Раманам Юргелем (злева)

Суддзя абвясціў перапынак у працэсе да 19 чэрвеня. Сяргей Калмыкоў мае намер даказаць сваю невінаватасць.

«Павінны мяне апраўдаць, я невінаваты. У той дзень я проста назіраў за тым, што адбываецца. У мяне былі падазрэнні, што мяне ў зале суда зноў затрымаюць і дадуць яшчэ некалькі сутак. Нават пакет з рэчамі падрыхтаваў. Але ў паказаннях супрацоўнікаў АМАПа ўжо ёсць нестыкоўкі, не падрыхтаваліся яны, вось і перапынак зрабілі. Я гатовы абараняцца далей, за мной праўда».

Гродзенца, якога затрымалі з Ціханоўскім, судзяць за супраціў міліцыі
Сяргей і Ірына Калмыковы

Што адбылося ў Гродне ў дзень візіта Ціханоўскага?

У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.

Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.

Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на ​​гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.

У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.