Горад

Барацьба з чайкамі, пашырэнне моста і ніякіх больш новых дзіцячых садоў. Што для Гродна плануюць улады

Ужо ў 2025 годзе гарадское кіраўніцтва плануе пачаць будаваць мікрараён Панямунь і здаць першыя дамы ў «Вясеннім». Праблемны мост праз Ласасянку пераробяць у чатырохпалосны. А вось у прыватным сектары асфальта і дзіцячых садкоў можна не чакаць. Пра развіццё Гродна ў бліжэйшыя гады ў прамым эфіры расказаў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель.

Мікрараён «Вясенні» і іншыя

Літаральна праз некалькі дзён ці тыдняў пачнуць будаўніцтва першых аб’ектаў мікрараёна «Вясенні». У наступным годзе першыя дамы ўжо будуць здавацца ў эксплуатацыю. «Шмат увагі надаецца ў цэлым падыходам, знешняму выгляду, архітэктурнаму абліччу гэтых новых мікрараёнаў. Вельмі хочацца, каб гэтыя аб’екты былі разынкамі нашага горада», — сказаў Андрэй Хмель. Ці гатовы ўжо праект «Вясенняга», які адправілі на дапрацоўку пасля крытыкі гараджан, і калі пройдуць грамадскія абмеркаванні, ён не ўдакладніў.

У 2025 годзе плануюць пачаць будаўніцтва мікрараёна ў Панямуні.

Пад будаўніцтва жылля на Альшанцы горадабудаўнічы дакумент прадугледжвае пляцоўку былой птушкафабрыкі і прылеглую да яе тэрыторыю. Зараз туды падводзяцца камунікацыі, а менавіта сістэма напорнай каналізацыі, досыць дарагі аб’ект. Працяг забудовы Альшанкі - у сярэднетэрміновай перспектыве.

Чытайце таксама: Тры школы, паліклініка і кінатэатр. У Гродне з’явіцца новы мікрараён на 22 тысячы чалавек

Будзе працягвацца будаўніцтва мікрараёна Грандзічы. У гэтым годзе там здадуць у эксплуатацыю дзіцячы сад. У Грандзічах і ў мікрараёне Фолюш плануюць адкрыць амбулаторыі. Паліклініка ў Грандзічах плануецца толькі ў перспектыве. Пакуль жыхары мікрараёна атрымліваюць медыцынскія паслугі ў паліклініцы на Дзевятоўцы, і яна вельмі перагружана. Амбулаторыя разгрузіць яе і здыме вострыя праблемы. Таксама ў перспектыве плануецца будаўніцтва другога дзіцячага сада і другой школы.

Мікрараён Грандзічы. Фота: Яндэкс.Карты

Чытайце таксама: Паглядзіце, як будзе выглядаць новы касцёл у Грандзічах

А вось у мікрараёне Пагараны-Кашэўнікі будаваць дашкольную ўстанову не збіраюцца. У гэтым няма неабходнасці, бо яна проста не будзе запаўняцца дзецьмі з гэтага мікрараёна, мяркуе Андрэй Хмель.

Чытайце таксама: «Гродно» думают перепродать, Дом быта переделать. Где еще появятся новые гостиницы в Гродно

«Будаваць новыя дзіцячыя сады — няправільна»

Многія дзіцячыя сады ў горадзе сёння не запоўнены.

«Не зусім правільна будаваць новыя, калі ў горадзе ў 5−7 хвілінах язды на аўтамабілі, або 15 хвілін грамадскім транспартам ёсць вольныя месцы ў дзіцячых садах, — упэўнены Андрэй Хмель. — Зразумела, што ёсць пажаданне — выйшаў з пад’езда і ты ў дзіцячым садку. Але трэба разумець, у тым ліку, магчымасці бюджэту».

У мікрараёнах прыватнай забудовы, не толькі ў Пагаранах-Кашэўніках, але і ў Зарыцы, Баранавічах у перспектыве пра гэта не можа ісці і гаворкі, лічыць старшыня гарвыканкама.

Школы і ўстановы дашкольнай адукацыі ў Гродне фармуюцца ў мікрараёнах шматкватэрнай жылой забудовы, з улікам вялікай колькасці дзяцей там.

Чытайце таксама: Змены праекта на Магістральнай: замест дзіцячага садка і таўнхаўсаў хочуць разбіць сквер

«Як адбываецца? Пабудавалі мікрараён. Там нарадзіліся дзеткі. Дзеткі выраслі ў пікавы момант. І садкі апусцелі. Але тыя садкі, якія сёння не загружаныя, напрыклад, недзе па Дамброўскага, недзе ў цэнтры горада — там змяніліся жыхары. Прыйшлі маладыя людзі, новае пакаленьне. І там з’явіліся дзеткі. І гэтыя садкі зноў загрузіліся».

Сёння «практычна ў кожнага» ёсць аўтамабіль, і па дарозе на працу можна завезці дзіця ў сад, упэўнены Андрэй Хмель. «Мы многім бацькам прапануем дзіцячыя сады па месцы іх працы».

Чытайце таксама: Адкуль бяруцца заторы ў горадзе і што з імі рабіць? Адказ — у падкасце «Утульны горад«

Паводле яго слоў, у дзіцячы садок у Грандзічах, разлічаны на 400 месцаў, паступіла каля 1000 заяў. Бацькам і дзецям прапануюць іншыя месцы. З улікам гэтага мяняюцца і некаторыя маршруты транспарту.

Мост на Ласасянцы і планы па кальцавой

Праца па будаўніцтве кальцавой дарогі ў Гродна не спыняецца. Цяпер праектуюць участак дарогі ад Паўднёвага рынку ў бок Альшанкі - там, дзе так званая бетонка.

Дарога там стане чатырохпалоснай. Гэта таксама будзе працяг аб’яднанай кальцавой дарогі. Будаўнічыя працы пачнуць «калі не сёлета, то ў наступным годзе».

Таксама зараз ідзе праца над праектам моста праз Ласасянку ў працяг вуліцы Савецкіх пагранічнікаў, у бок мікрараёнаў Баранавічы і Ласосна. Мост будзе чатырохпалосным.
Гэта павінна вырашыць праблему затораў на ім у пікавыя гадзіны. Дадатковыя палосы будуць прыбудоўвацца справа і злева, працы збіраюцца весці без закрыцця моста. У раёне павароту на «Прывал» плануюць кальцо.

Калі скончыцца праца з участкам ад Паўднёвага рынку да Альшанкі, пачнуць праектаваць працяг гэтай дарогі ў бок Каўбасіна.

Што з «Лазурным» і спарткомплексам на М6?

Праектныя працы па былым басейне «Лазурны» ўжо завершаныя, праект праходзіць экспертызу. Літаральна днямі гарвыканкам атрымае гатовую праектна-каштарысную дакументацыю. Тады можна будзе пачынаць выбар падрадчыка і будаўніцтва.

Фізкультурна-аздараўленчы комплекс на базе басейна «Лазурны» стане падарункам гараджанам у 2025 годзе, паабяцаў Андрэй Хмель. Ён павінен стаць месцам адпачынку сем’яў з дзецьмі і месцам прыцягнення, у тым ліку і турыстаў. Па вялікім рахунку фінансаванне таксама вызначана.

Чытайце таксама: Пракат шэзлонгаў і парасонікаў хочуць пашырыць на ўсе пляжы Гродна

Стыхійная выстава ў басейне «Лазурны», 2022 год. Архіўнае фота

Да будаўніцтва Палаца гульнявых відаў спорту пры ўездзе ў Гродна з боку Мінска практычна ўсё гатова, расказаў Хмель. Пры гэтым дадаў, што праектныя работы яшчэ толькі будуць завершаны. Тэрмінаў ён не назваў. Таксама яшчэ не да канца вырашаны пытанні з фінансаваннем. Іх плануюць вырашыць за паўгода-год.

Аб’ект можа з’явіцца да юбілею Гродна, паабяцаў кіраўнік гарвыканкама. У спарткомплексе сярод іншага будзе 50-метровы басейн.

У прыватных мікрараёнах асфальту пакуль не чакаць

Дарогі са жвіровым пакрыццём зараз робяць у мікрараёнах прыватнай жылой забудовы — у Баранавічах, Зарыцы і іншых. За 2−3 гады дарогі ў прыватным сектары Гродна будуць зроблены, упэўнены Андрэй Хмель. Яны фінансуюцца з гарадскога і абласнога бюджэтаў на парытэтных асновах.

У Гродне ёсць вуліцы, дзе няма нават жвіровага пакрыцця, і ёсць праблема даехаць. Таму ўсе дарогі вырашылі рабіць спачатку жвіровымі. Да асфальтавых дарог пяройдуць, але пазней. Іх плануюць рабіць супольна з жыхарамі.

«Калі грамадзяне будуць гатовы ўдзельнічаць таксама ў фінансаванні работы па асфальтаванню, то мы будзем выпрацоўваць падыходы, будзем дамаўляцца, будзем гэта рабіць», — расказаў Андрэй Хмель.

Змагацца з чайкамі «замінае» закон

Тое, што чайкі раніцай усіх абуджаюць — вялікая праблема, якая існуе практычна ў кожным мікрараёне Гродна, лічыць старшыня гарвыканкама. Ёсць лакацыі, упадабаныя чайкамі.

Эколагам далі даручэнне вывучыць пытанне іх міграцыі, з’яўлення і таго, што рабіць далей.

У рамках заканадаўства проста ўзяць і ачысціць тэрыторыю чаек, у тым ліку ад кладак яйкаў, праблемна. Ёсць пэўныя часавыя межы, калі гэтым можна займацца. Каб нейкім чынам выключыць з’яўленне новых калоній і вырашыць пытанне з тымі, што ёсць, у гарадской ЖКГ спрабуюць розныя метады, у тым ліку і тэхнічныя — адпужвальнікі.

Чайкі непакояць гродзенцаў. Фота ілюстрацыйнае: Unsplash

Крэйдавыя кар’еры: добраўпарадкавання не будзе

Гродзенскія крэйдавыя кар’еры на дадзены момант лічацца не будаўнічым аб’ектам, а аб’ектам, на якім вядзецца рэкультывацыя.

Кар’ер эксплуатаваўся дзесяцігоддзямі, вывозіўся грунт, і яго рэкультывацыя зойме працяглы час. Цяпер варыянтаў і прапаноў па добраўпарадкаванні не існуе, бо на дадзеным этапе гэта немэтазгодна, распавёў Андрэй Хмель.

Для бяспекі там устаноўлены частковыя агароджы і інфармацыйныя таблічкі. Але «ўсё залежыць ад адказнасці нашых грамадзян».

У Гродне могуць стварыць дваровую лігу

Старшыня гарвыканкама Андрэй Хмель з’яўляецца таксама і старшынёй абласной федэрацыі футбола. Падчас эфіру ён паабяцаў разам з калегамі ў федэрацыі падумаць аб тым, каб стварыць дваровую футбольную лігу. Для гэтага трэба будзе высветліць, колькі ў горадзе дваровых каманд, праверыць патрабаванні да іх. Магчыма, спатрэбяцца медыцынскія агляды для таго, каб гэтая ліга існавала.

«Гэта вельмі добрая тэма. Яна можа аб’ядноўваць дзяцей і бацькоў, можа аб’ядноўваць у цэлым жыхароў горада Гродна вакол цікавасці».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Паскардзіўся на сілавікоў - атрымай тэрмін. Як у Беларусі караюць зa «ілжывыя паказанні» (і не толькі «палітычных»)

Беларусы скардзіліся на дзеянні сілавікоў пры не "палітычных" затрыманнях. Сцвярджалі, што ў працы тыя перавышалі…

2 снежня 2024

«Гродзенскі адвэнт-каляндар» ад Hrodna.life: 24 рэчы, ідэі і заданні на снежань 2024

Пачаўся адвэнт - традыцыйны час чакання Калядаў. У апошнія гады ўсё больш моднымі робяцца адвэнт-календары.…

1 снежня 2024

«Важатыя казалі, каб дачка пазваніла мамам». Квір-эмігранты — пра пераезд у Польшчу, касцёл і гамафобію

Квір-персоны з'язджаюць з Беларусі, каб выратавацца ад рэпрэсій і адчуць сябе камфортна, чаго яны не…

27 лістапада 2024

Узімку начуюць у падвалах, улетку мыюцца ў рацэ. Як жывуць бяздомныя ў Гродне і чаму праблему не атрымліваецца вырашыць

У Гродне ёсць дом начнога знаходжання на 50 койка-месцаў. Пры гэтым людзей, якія апынуліся на…

26 лістапада 2024

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024