У Гродне з’явіцца новы жылы мікрараён «Паўднёвы-1» каля Альшанкі. У ім разлічваюць пасяліць 22 282 чалавекі. Па планах, у мікрараёне з’явяцца тры школы, чатыры дзіцячыя садкі, паліклініка, забаўляльны цэнтр з кінатэатрам і гасцініца і аздараўленчы комплекс з басейнам. З 12 траўня пачнуцца грамадскія абмеркаванні праекта забудовы, магістральных інжынерных сетак і вуліц.

UPD. Пачаць будоўлю плануюць пасля 2028 года. Першым з’явіцца квартал, размешчаны паміж Фабрычным і скрыжаваннем вуліц Вялікая Альшанка і Садакова.

Будучы жылы раён «Паўднёвы-1» размешчаны ў паўднёвай частцы горада. Менавіта гэты кірунак называюць пераважным для далейшага будаўніцтва і развіцця Гродна. З поўдня ён абмежаваны вул. Вялікая Альшанка і вул. Верхняй, з захаду — вул. 8 Сакавіка, з поўначы — чыгуначнымі шляхамі каля завода «Хімвалакно», з усходу — раёнам сядзібнай забудовы Малахавічы.

Мікрараён трапляе ў санітарна-ахоўную зону Гродзенскай птушкафабрыкі. Яе вынас за рысу горада запланаваны да 2025 года. Таксама будучы «Паўднёвы-1» захоплівае зону санітарнай аховы крыніцы цэнтралізаваных сістэм пітнога водазабеспячэння (трэці пояс водазабору «Чэхаўшчызна»).

размещение микрорайона Южный-1
Размяшчэнне новага мікрараёна

Новы мікрараён зойме 138,67 га. Зараз на гэтым месцы палі і невялікае возера. Абраны ўчастак — з роўным рэльефам, раўнамерна паніжаецца ў паўночна-ўсходняй частцы. Самая высокая кропка мікрараёна будзе ў яго паўднёва-заходняй частцы.

Праект распрацоўвае інстытут «Гроднаграмадзянпраект».

Раён з шасці кварталаў

Гэта будзе жылы раён з шасці кварталаў з гмахамі і грамадскай забудовай. Асобна выдзелена тэрыторыя пад шмат’ярусныя стаянкі. Плануецца некалькі зялёных зонаў агульнага карыстання — адна з іх размесціцца вакол возера, якое адновяць і павялічаць.

Частку кварталаў (на плане адзначана сінім) забудуюць ужо пасля вынасу птушкафабрыкі.

Жылая забудова ўздоўж вуліц складаецца з комплексу дамоў зменнай паверхавасці. Іх збіраюцца размяшчаць групамі: буйнапанэльныя шматсекцыйныя дамы серыі 90 М на 8−10 паверхаў.

Микрорайон Южный-1
Планіроўка новага мікрараёна. Крыніца: grodno.gov.by

Чатыры вышынныя 19-павярховыя жылыя дамы размесцяць у квартале № 1 — з боку магістральных вуліц Вялікая Альшанка і 8 Сакавіка. Гмахі размяшчаюць на ўзвышшах. Яны будуць акцэнтнымі дамінантамі мікрараёна на магістральных вуліцах. Група з двух вышынных жылых будынкаў размесціцца на скрыжаванні вуліц Вялікая Альшанка і Айчынная, адзін гмах — уздоўж вуліцы Вялікая Альшанка ў яе верхняй частцы, паблізу перасячэння з 8 Сакавіка, яшчэ адзін — паблізу перасячэння вуліцы Айчынная і завулка Фабрычны.

Двары праектуюць паўзамкнёнымі і закрытымі для асабістага транспарту, з «прахаднымі» ўваходнымі групамі і пад’ездамі з вонкавага боку.

Агулам у квартале павінна з’явіцца 9089 кватэр, разлічаных на 22 282 чалавекі. Іх агульная плошча — 632 757 кв. м. Для параўнання, у Альшанцы жыве 60−65 тысяч чалавек.

Чытайце таксама: Грандзічы будуць пашыраць: запланавана будаўніцтва яшчэ двух мікрараёнаў

Басейн, гасцініца і кінатэатр: што будзе ў новым мікрараёне

Склад і ўмяшчальнасць аб’ектаў абслугоўвання ў новым мікрараёне вызначалі, зыходзячы з патрэбы будучых жыхароў і з улікам патэнцыялу прылеглых да яго кварталаў.

Тры школы, паліклініка і кінатэатр. У Гродне з'явіцца новы мікрараён на 22 тысячы чалавек (абноўлена)
Праект мікрараёна «Паўднёвы-1». Фіялетавым фонам адзначаны дзіцячыя сады, персікавым — агульнаадукацыйныя школы, мятным — паліклініка, чырвоным — будучы фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам і спартыўныя пляцоўкі. Крыніца: grodno.gov.by

У «Паўднёвым-1» плануюць пабудаваць:

  • тры агульнаадукацыйныя школы: дзве на 1020 вучняў з басейнам і адну школа на 946 месцаў з басейнам;
  • чатыры дзіцячыя садкі: тры на 350 месцаў і адзін на 331 месца;
  • паліклініку на 602 наведванні за змену;
  • тры крамы харчовых і нехарчовых тавараў плошчай 800 кв. м з кафэ на 50 пасадачных месцаў і грамадскімі прыбіральнямі;
  • вялікая крама харчовых і нехарчовых тавараў на 8500 кв. м з кафэ на 203 пасадачныя месцы, комплексны прыёмны пункт, майстэрні, грамадская прыбіральня;
  • крама на 2720 кв. м гандлёвай плошчы з кафэ на 150 пасадачных месцаў;
  • фізкультурна-аздараўленчы комплекс з спартзалай 1000 кв. м з басейнам 360 кв. м плошчы вады і кафэ на 50 пасадачных месцаў;
  • гасцініца на 134 месцы з лазнева-аздараўленчым комплексам на 50 месцаў, басейнам і кафэ на 50 пасадачных месцаў;
  • забаўляльны цэнтр з кінатэатрам на 300 месцаў і кафэ на 200 пасадачных месцаў;
  • клуб са спартзалай 540 кв. м на 300 наведвальнікаў з кафэ на 50 пасадачных месцаў;
  • ЖЭС;
  • два аддзяленні сувязі, сем філіялаў аддзяленняў банкаў, цырульні, убудаваныя офісы.

Добраўпарадкаванне двароў і прылеглых тэрыторый прадугледжвае пляцоўкі рознага функцыянальнага прызначэння: для гульняў дзяцей, адпачынку дарослых, для чысткі хатніх рэчаў, для збору смецця і захоўвання ровараў. Прадугледжана безбар’ернае асяроддзе.

Пакрыццё праездаў і парковак будзе бетоннае, ходнікі і пляцоўкі выбрукуюць пліткай.

Чытайце таксама:

Паркоўкі

Максімальная колькасць парковачных месцаў вынесена ўздоўж магістральных вуліц Вялікая Альшанка, Айчынная і праектаваная № 35.

У мікрараёне запланавана восем крытых паркінгаў для 60% патрэбных машынамесцаў: сем на 684 машынамесцы і адзін на 456. Пяць з іх прадугледжаны ў камунальнай зоне ў паўночнай частцы мікрараёна. Яшчэ тры хочуць пабудаваць замест птушкафабрыкі. Іх плануюць з разліку радыюсу пешай даступнасці 800 м для кожнага квартала. Таксама будзе адкрытая стаянка.

Парковачныя месцы размесцяць і ва ўсіх грамадскіх аб’ектаў і аб’ектаў абслугоўвання. Для парковак каля аб’ектаў грамадскага прызначэння прадугледжана падвойнае выкарыстанне ў розны час сутак.

У межах жылой забудовы запраектавана 3635 парковачных месцаў.

Дзе і калі можна паглядзець праект

Грамадскія абмеркаванні праекта пройдуць з 12 па 26 траўня. У гэты ж час праект вывесяць у вестыбюлі ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама на плошчы Тызенгаўза, 3. Будынак адкрыты з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 па буднях.

Прэзентацыя праекта пройдзе 23 траўня ў 15.00 у кабінеце № 1 на першым паверсе ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва.

Заўвагі і прапановы ад гараджан прымаюць з 12 па 26 траўня ў пісьмовай або электроннай форме з пазнакай «Грамадскае абмеркаванне»:

  • Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, плошча Леніна, 2/1, 230 023, г. Гродна. Электронная пошта: gorisp@gorod.grodno.by.
  • Упраўленне будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, паштовы адрас: пл. Антонія Тызенгаўза, 3, 230 023, г. Гродна. Электронная пошта: arhitektura@gorod.grodno.by.
  • У пісьмовым выглядзе ў часопісе ўліку наведвальнікаў экспазіцыі.