Ужо ў 2025 годзе гарадское кіраўніцтва плануе пачаць будаваць мікрараён Панямунь і здаць першыя дамы ў “Вясеннім”. Праблемны мост праз Ласасянку пераробяць у чатырохпалосны. А вось у прыватным сектары асфальта і дзіцячых садкоў можна не чакаць. Пра развіццё Гродна ў бліжэйшыя гады ў прамым эфіры расказаў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель.
Мікрараён “Вясенні” і іншыя
Літаральна праз некалькі дзён ці тыдняў пачнуць будаўніцтва першых аб’ектаў мікрараёна “Вясенні”. У наступным годзе першыя дамы ўжо будуць здавацца ў эксплуатацыю. “Шмат увагі надаецца ў цэлым падыходам, знешняму выгляду, архітэктурнаму абліччу гэтых новых мікрараёнаў. Вельмі хочацца, каб гэтыя аб’екты былі разынкамі нашага горада”, – сказаў Андрэй Хмель. Ці гатовы ўжо праект “Вясенняга”, які адправілі на дапрацоўку пасля крытыкі гараджан, і калі пройдуць грамадскія абмеркаванні, ён не ўдакладніў.
У 2025 годзе плануюць пачаць будаўніцтва мікрараёна ў Панямуні.
Пад будаўніцтва жылля на Альшанцы горадабудаўнічы дакумент прадугледжвае пляцоўку былой птушкафабрыкі і прылеглую да яе тэрыторыю. Зараз туды падводзяцца камунікацыі, а менавіта сістэма напорнай каналізацыі, досыць дарагі аб’ект. Працяг забудовы Альшанкі – у сярэднетэрміновай перспектыве.
Чытайце таксама: Тры школы, паліклініка і кінатэатр. У Гродне з’явіцца новы мікрараён на 22 тысячы чалавек
Будзе працягвацца будаўніцтва мікрараёна Грандзічы. У гэтым годзе там здадуць у эксплуатацыю дзіцячы сад. У Грандзічах і ў мікрараёне Фолюш плануюць адкрыць амбулаторыі. Паліклініка ў Грандзічах плануецца толькі ў перспектыве. Пакуль жыхары мікрараёна атрымліваюць медыцынскія паслугі ў паліклініцы на Дзевятоўцы, і яна вельмі перагружана. Амбулаторыя разгрузіць яе і здыме вострыя праблемы. Таксама ў перспектыве плануецца будаўніцтва другога дзіцячага сада і другой школы.

Чытайце таксама: Паглядзіце, як будзе выглядаць новы касцёл у Грандзічах
А вось у мікрараёне Пагараны-Кашэўнікі будаваць дашкольную ўстанову не збіраюцца. У гэтым няма неабходнасці, бо яна проста не будзе запаўняцца дзецьмі з гэтага мікрараёна, мяркуе Андрэй Хмель.
Чытайце таксама: «Гродно» думают перепродать, Дом быта переделать. Где еще появятся новые гостиницы в Гродно
“Будаваць новыя дзіцячыя сады – няправільна”
Многія дзіцячыя сады ў горадзе сёння не запоўнены.
“Не зусім правільна будаваць новыя, калі ў горадзе ў 5-7 хвілінах язды на аўтамабілі, або 15 хвілін грамадскім транспартам ёсць вольныя месцы ў дзіцячых садах, – упэўнены Андрэй Хмель. – Зразумела, што ёсць пажаданне – выйшаў з пад’езда і ты ў дзіцячым садку. Але трэба разумець, у тым ліку, магчымасці бюджэту”.
У мікрараёнах прыватнай забудовы, не толькі ў Пагаранах-Кашэўніках, але і ў Зарыцы, Баранавічах у перспектыве пра гэта не можа ісці і гаворкі, лічыць старшыня гарвыканкама.
Школы і ўстановы дашкольнай адукацыі ў Гродне фармуюцца ў мікрараёнах шматкватэрнай жылой забудовы, з улікам вялікай колькасці дзяцей там.
Чытайце таксама: Змены праекта на Магістральнай: замест дзіцячага садка і таўнхаўсаў хочуць разбіць сквер
“Як адбываецца? Пабудавалі мікрараён. Там нарадзіліся дзеткі. Дзеткі выраслі ў пікавы момант. І садкі апусцелі. Але тыя садкі, якія сёння не загружаныя, напрыклад, недзе па Дамброўскага, недзе ў цэнтры горада – там змяніліся жыхары. Прыйшлі маладыя людзі, новае пакаленьне. І там з’явіліся дзеткі. І гэтыя садкі зноў загрузіліся”.
Сёння “практычна ў кожнага” ёсць аўтамабіль, і па дарозе на працу можна завезці дзіця ў сад, упэўнены Андрэй Хмель. “Мы многім бацькам прапануем дзіцячыя сады па месцы іх працы”.
Чытайце таксама: Адкуль бяруцца заторы ў горадзе і што з імі рабіць? Адказ — у падкасце «Утульны горад»
Паводле яго слоў, у дзіцячы садок у Грандзічах, разлічаны на 400 месцаў, паступіла каля 1000 заяў. Бацькам і дзецям прапануюць іншыя месцы. З улікам гэтага мяняюцца і некаторыя маршруты транспарту.
Мост на Ласасянцы і планы па кальцавой
Праца па будаўніцтве кальцавой дарогі ў Гродна не спыняецца. Цяпер праектуюць участак дарогі ад Паўднёвага рынку ў бок Альшанкі – там, дзе так званая бетонка.
Дарога там стане чатырохпалоснай. Гэта таксама будзе працяг аб’яднанай кальцавой дарогі. Будаўнічыя працы пачнуць “калі не сёлета, то ў наступным годзе”.
Таксама зараз ідзе праца над праектам моста праз Ласасянку ў працяг вуліцы Савецкіх пагранічнікаў, у бок мікрараёнаў Баранавічы і Ласосна. Мост будзе чатырохпалосным.
Гэта павінна вырашыць праблему затораў на ім у пікавыя гадзіны. Дадатковыя палосы будуць прыбудоўвацца справа і злева, працы збіраюцца весці без закрыцця моста. У раёне павароту на “Прывал” плануюць кальцо.
Калі скончыцца праца з участкам ад Паўднёвага рынку да Альшанкі, пачнуць праектаваць працяг гэтай дарогі ў бок Каўбасіна.
Што з “Лазурным” і спарткомплексам на М6?
Праектныя працы па былым басейне “Лазурны” ўжо завершаныя, праект праходзіць экспертызу. Літаральна днямі гарвыканкам атрымае гатовую праектна-каштарысную дакументацыю. Тады можна будзе пачынаць выбар падрадчыка і будаўніцтва.
Фізкультурна-аздараўленчы комплекс на базе басейна “Лазурны” стане падарункам гараджанам у 2025 годзе, паабяцаў Андрэй Хмель. Ён павінен стаць месцам адпачынку сем’яў з дзецьмі і месцам прыцягнення, у тым ліку і турыстаў. Па вялікім рахунку фінансаванне таксама вызначана.
Чытайце таксама: Пракат шэзлонгаў і парасонікаў хочуць пашырыць на ўсе пляжы Гродна

Да будаўніцтва Палаца гульнявых відаў спорту пры ўездзе ў Гродна з боку Мінска практычна ўсё гатова, расказаў Хмель. Пры гэтым дадаў, што праектныя работы яшчэ толькі будуць завершаны. Тэрмінаў ён не назваў. Таксама яшчэ не да канца вырашаны пытанні з фінансаваннем. Іх плануюць вырашыць за паўгода-год.
Аб’ект можа з’явіцца да юбілею Гродна, паабяцаў кіраўнік гарвыканкама. У спарткомплексе сярод іншага будзе 50-метровы басейн.
У прыватных мікрараёнах асфальту пакуль не чакаць
Дарогі са жвіровым пакрыццём зараз робяць у мікрараёнах прыватнай жылой забудовы – у Баранавічах, Зарыцы і іншых. За 2-3 гады дарогі ў прыватным сектары Гродна будуць зроблены, упэўнены Андрэй Хмель. Яны фінансуюцца з гарадскога і абласнога бюджэтаў на парытэтных асновах.
У Гродне ёсць вуліцы, дзе няма нават жвіровага пакрыцця, і ёсць праблема даехаць. Таму ўсе дарогі вырашылі рабіць спачатку жвіровымі. Да асфальтавых дарог пяройдуць, але пазней. Іх плануюць рабіць супольна з жыхарамі.
“Калі грамадзяне будуць гатовы ўдзельнічаць таксама ў фінансаванні работы па асфальтаванню, то мы будзем выпрацоўваць падыходы, будзем дамаўляцца, будзем гэта рабіць”, – расказаў Андрэй Хмель.
Змагацца з чайкамі “замінае” закон
Тое, што чайкі раніцай усіх абуджаюць – вялікая праблема, якая існуе практычна ў кожным мікрараёне Гродна, лічыць старшыня гарвыканкама. Ёсць лакацыі, упадабаныя чайкамі.
Эколагам далі даручэнне вывучыць пытанне іх міграцыі, з’яўлення і таго, што рабіць далей.
У рамках заканадаўства проста ўзяць і ачысціць тэрыторыю чаек, у тым ліку ад кладак яйкаў, праблемна. Ёсць пэўныя часавыя межы, калі гэтым можна займацца. Каб нейкім чынам выключыць з’яўленне новых калоній і вырашыць пытанне з тымі, што ёсць, у гарадской ЖКГ спрабуюць розныя метады, у тым ліку і тэхнічныя – адпужвальнікі.

Крэйдавыя кар’еры: добраўпарадкавання не будзе
Гродзенскія крэйдавыя кар’еры на дадзены момант лічацца не будаўнічым аб’ектам, а аб’ектам, на якім вядзецца рэкультывацыя.
Кар’ер эксплуатаваўся дзесяцігоддзямі, вывозіўся грунт, і яго рэкультывацыя зойме працяглы час. Цяпер варыянтаў і прапаноў па добраўпарадкаванні не існуе, бо на дадзеным этапе гэта немэтазгодна, распавёў Андрэй Хмель.
Для бяспекі там устаноўлены частковыя агароджы і інфармацыйныя таблічкі. Але “ўсё залежыць ад адказнасці нашых грамадзян”.
У Гродне могуць стварыць дваровую лігу
Старшыня гарвыканкама Андрэй Хмель з’яўляецца таксама і старшынёй абласной федэрацыі футбола. Падчас эфіру ён паабяцаў разам з калегамі ў федэрацыі падумаць аб тым, каб стварыць дваровую футбольную лігу. Для гэтага трэба будзе высветліць, колькі ў горадзе дваровых каманд, праверыць патрабаванні да іх. Магчыма, спатрэбяцца медыцынскія агляды для таго, каб гэтая ліга існавала.
“Гэта вельмі добрая тэма. Яна можа аб’ядноўваць дзяцей і бацькоў, можа аб’ядноўваць у цэлым жыхароў горада Гродна вакол цікавасці”.


