15 гадоў таму ў Гродне адрамантавалі Савецкую плошчу. Разам са старымі лавачкамі і дарожкамі літаральна за некалькі дзён вясной 2006 года ў цэнтры горада знеслі ўсе дрэвы. Для гродзенцаў гэта стала шокам і вялізнай стратай. Hrodna.life сабраў старыя фота і ўспаміны — пра Савецкую з дрэвамі і без іх.

У пачатку 2000-х Савецкую плошчу акружалі тры скверы. Адзін з іх, на месцы былой Фары Вітаўта, стаіць і зараз. Дрэвам амаль 60 гадоў, іх пасадзілі вясной 1962-га.

Іншыя скверыкі рэканструкцыя не абмінула. Старыя ліпы, елі, бярозы высеклі ўсё да адзінай. Гродзенцы прыгадваюць, што гэта здарылася літаральна за пару дзён.

«Дрэвы ніхто не абараняў, таму што проста ніхто не ведаў пра знос. Іх знішчылі ў парушэнне праекта за адзін вечар», — распавёў Hrodna.life біёлаг, экаабаронца Ігар Лапеха.

Дрэвам у скверы каля Фарнага касцёла, паводле ацэнак Ігара Лапехі, на той момант было каля 80 гадоў. У некаторых крыніцах ёсць інфармацыя, што гэты ўчастак засадзілі ужо ў XIX стагоддзі. Вялікі сквер паміж цяперашнімі Маставой і Баторыя заклалі ў 50-я на месцы. знішчанага ў час вайны квартала.

Першамай, марожанае, нефармалы

Сквер з прыгожай балюстрадай і ляпным фантанам у 60-я гады быў адным з любімых месцаў прагулак гараджан, успамінае на старонках сваіх кніг гродзенскі краязнаўца Віктар Саяпін. Тут гулялі маці з каляскамі, моладзь, пенсіянеры. Фантан з ракавінкамі ператварыўся ў папулярную гарадскую фотазону. З канца 50-х у скверы на Савецкай праводзілі гарадскія выставы кветак.

Да сярэдзіны 80-х гадоў на Савецкай праходзілі дэманстрацыі, і скверы засталіся ў памяці гараджан звязанымі з рэвалюцыйнымі святамі. «Тут абавязкова трэба было быць 1 траўня і 7 лістапада», — кажа гродзенская фотажурналістка Наталля Дораш. У 70-я па перыметры сквераў стаялі металічныя каркасы — на іх размяшчалі савецкія плакаты. Яшчэ адзін яркі ўспамін тых гадоў - кіёскі з прысмакамі і марожаным: «Прадавалі цукеркі, вафелькі, напоі. А каля Палаца тэкстыльшчыкаў стаяў кіёск з эскімо».

Пакаленне 90-х і пачатку 2000-х запомніла скверы як месца нефармальнай тусоўкі. Тут збіраліся панкі, рокеры і проста кампаніі моладзі. «Улетку мы там часта сустракаліся з сябрамі. Калі каталіся на роварах, то спыняліся, каб у цені з’есці марозіва і адпачыць», — успамінае фатограф Сяргей Марозаў. На Савецкай у тыя гады праводзілі Дні горада, і скверы ператвараліся ў месца народных гулянняў. Менавіта тут разгарнуліся пляцоўкі першых фестываляў нацыянальных культур. Выстава рамеснікаў «Казюкі», якая стала гарадской традыцыяй, таксама спачатку праходзіла ў скверыку ля танка.

Засталіся адны ліхтары

«Ён быў прыгожы, камерны, як і ўвесь горад, — успамінае скверык з фантанам акцёр Аляксандр Касарскі. — Цяпер Гродна ўжо не той — раней ён быў такі местачковы, утульны. Старыя вулачкі, дамы, тытунёвыя лавачкі… І скверы — як парк у цэнтры горада, дзе можна было сустракацца з сябрамі, прызнавацца ў каханні».

Па словах акцёра, рэканструкцыю Савецкай плошчы ён успрыняў як асабістую абразу: «Без майго жадання, без майго дазволу пачалі таптацца ў маім горадзе. Я хадзіў туды, я быў у жаху. Афанарэлая Савецкая. Засталіся адны ліхтары».

"Знішчылі за вечар". Як 15 гадоў таму Савецкая плошча засталася без адзінага дрэва
Савецкая плошча вясной 2006 года. Фота: oldgrodno.by

У 2000-я гады гараджане актыўна абмяркоўвалі мясцовыя навіны і праблемы на Гродзенскім форуме. Захавалася некалькі тэм, прысвечаных рамонту Савецкай. У СМІ тады шмат пісалі аб разбурэнні культурных пластоў і гістарычных падмуркаў, якія ляжалі пад плошчай. Але большасць гродзенцаў шкадавалі ў першую чаргу аб дрэвах:

«Няхай бы перабудоўвалі, старая плошча нікуды не гадзілася. Але пры чым тут дрэвы!»

«Магчыма, новая Савецкая і добрая, але вось толькі немагчыма перадаць словамі колькасць успамінаў, звязаных са старой! Такое пачуццё, што некалькі гадоў сышло з тымі лавачкамі і дрэўцамі… Колькі ўсяго добрага, а можа, і самага лепшага сышло разам з ёй».

«Адзінае, аб чым па-сапраўднаму шкадую, дык гэта пра сквер… Ужо што-што, а зраўнаваць яго з зямлёй — самае недарэчнае, што можна было зрабіць».

"Знішчылі за вечар". Як 15 гадоў таму Савецкая плошча засталася без адзінага дрэва
Савецкая плошча пасля рэканструкцыі. Фота: oldgrodno.by

Замест парку — японскія сады

На замену спілаваным ліпам і бярозам у 2006−2007 гадах на Савецкай плошчы высадзілі каля тысячы дэкаратыўных дрэў і кустоў. Першапачаткова ідэя абноўленых сквераў, па словах біёлага Ігара Лапеха, прадугледжвала «японскія сады» з кампактнымі раслінамі. Пазней дадалі некалькі дрэў, якія з часам стануць высокімі. «Але гэта зусім іншая канцэпцыя — гэта камерныя кампазіцыі, больш дарэчныя ў двары катэджа, а не на плошчы», — падзяліўся сваім меркаваннем экаабаронца.

У плане экалогіі пацярпела шумаізаляцыя, ачыстка паветра ад пылу. Але галоўнае, лічыць Ігар Лапеха, страцілася рэкрэацыйная функцыя. «Вы проста не памятаеце, наколькі гэты сквер быў папулярным. Людзі там сустракаліся, знаёміліся, размаўлялі. Цяпер гэтага няма, нават праз 15 гадоў».

Парушыўся «чалавечы» маштаб

Расліны на Савецкай не толькі стваралі маляўнічы від, але і ўплывалі на ўспрыманне прасторы, растлумачыў Hrodna.life архітэктар Аляксандр Штэн. Высокія дрэвы, паводле яго слоў, рабілі плошчу больш суразмернай агульнаму маштабу старой забудовы. Яны таксама хавалі недахопы архітэктуры — манатонныя выцягнутыя фасады суседніх будынкаў.

«Гэтая плошча гістарычна была маленькая — гэта ж сярэднявечны горад. У іх храмы як бы нечакана ўзнікалі з забудовы», — кажа архітэктар. Ён лічыць, што пры рэканструкцыі было б правільным вднавіць знішчанаю у час вайны ратушу.

"Знішчылі за вечар". Як 15 гадоў таму Савецкая плошча засталася без адзінага дрэва
Савецкая плошча ў 30-я гады ХХ ст. Справа — гарадская ратуша. Фота: oldgrodno.by

«Вось зараз Фарны касцёл — ён адкрыты. Калі ад яго крыху адысці - то ён ужо здаецца не такім велічным. На Савецкай было б больш выгадна рабіць маленькія прасторы. А ў нас чамусьці лічаць, што калі гэта помнік, то перад ім трэба ўсё раскрыць. Але чаму людзям падабаецца стары горад — таму што ў ім іншы, чалавечы маштаб».

Калі Гродна будзе зялёным

Са знішчэння сквераў на Савецкай плошчы пачалася вялікая высечка старых дрэў у Гродне. Неўзабаве горад пазбавіўся зеляніны каля замкаў, на вуліцах Савецкай, Ажэшкі, Горкага ды ў іншых месцах, закранутых добраўпарадкаваннем.

Зараз у Гродне распрацоўваюць схему азелянення. К 2030 году па генплану горад павінен быць азелянёны на 40 працэнтаў - гэта мінімальна магчымы па экалагічных нормах паказчык. Пры гэтым у гістарычным цэнтры дапускаецца скараціць плошчу зялёных насаджэнняў да 25 працэнтаў і менш.

"Знішчылі за вечар". Як 15 гадоў таму Савецкая плошча засталася без адзінага дрэва
Сквер на Савецкай плошчы ў нашыя дні. Фота: str-ter.livejournal.com

Чытайце таксама:

У матэрыяле выкарыстаныя фота Наталлі Дораш, Леаніда Шчаглова, Аляксандра Касарскага, Мікалая Таранды, Анатоля Бізюка, Віктара Саяпіна, oldgrodno.by, str-ter.livejournal.com