Для Гродна рыхтуюць схему азеляненні тэрыторый агульнага карыстання. Адзначаныя на ёй зоны будуць абараняць ад забудовы і знішчэння. Апорныя планы па азеляненні тэрыторыях двух раёнаў ужо апублікавалі. Да 15 лістапада гродзенцы могуць дасылаць па іх свае прапановы і заўвагі. Пакуль што ў Гродне паказнік невялікіх зялёных зонаў раённага значэння нашмат ніжэйшы за норму.

Упраўленне будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама завяршае першы этап працы над «Схемай азеляненні тэрыторый агульнага карыстання». Апорныя планы ўжо азелянённых тэрыторый Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў апублікавалі на сайце гарвыканкама. Праз пагаршэнне сітуацыі з каранавірусам азнаёміцца з імі можна толькі анлайн.

У Ленінскім раёне на плане адзначана 68 зялёных зонаў. Асноўную частку займае лясны фонд — Пышкі і лясныя ўчасткі ў праектаваным мікрараёне Грандзічы, якія плануюць захаваць. У Кастрычніцкім раёне зялёных зонаў налічылі 121. У схемы ўключаны ўсе азелянённыя тэрыторыі агульнага карыстання плошчай ад 0,01 гектара. У выніковай схеме будуць і запланаваныя зялёныя зоны.

Навошта гораду такая схема?

У канчатковым дакуменце будзе паказана, дзе размешчаныя, як называюцца азелянёныя тэрыторыі, якія ў іх межы і хто адказвае за іх утрыманне. Унесеныя ў яе тэрыторыі будуць ахоўваць — іх нельга будзе пусціць пад забудову, акрамя асаблівых рэгламентаў і аб’ектаў, распавяла Hrodna.life супрацоўніца УП «БелНДІПгорадабудаўніцтва» Алена Гарустовіч, распрацоўніца схемы азелянення для Гродна.

«Напрыклад, калі гэта вялікія тэрыторыі (да прыкладу, Пышкі), і па рэгламентах генплана дазвалялася размяшчэнне там аздараўленчых або турыстычных аб’ектаў, то па рэгламентах схемы гэта таксама будзе дазваляцца, але толькі ў тым аб’ёме, што вызначае рэгламент», — удакладніла яна. Так, там нельга будзе пабудаваць жылы дом, але змогуць з’явіцца нестацыянарныя павільёны, аб’екты харчавання. Праўда, толькі зыходзячы з плошчы тэрыторыі і іншых яе параметраў.

Кошт распрацоўкі горадабудаўнічага праекта — 155 тысяч рублёў. Знайсці выканаўцу з дапамогай дзяржзакупак атрымалася толькі з трэцяй спробы. Канчатковы варыянт схемы планавалі падрыхтаваць да 30 лістапада 2021 года. Схему азелянення зацвярджае мясцовая ўлада па ўзгадненні з прадстаўнікамі Мінпрыроды. Першую такую схему ў Беларусі зацвердзілі ў 2019 годзе для Мінска.

Распрацоўнік схемы для Гродна, «БелНДІПгорадабудаўніцтва», падрыхтаваў і дэталёвы план для цэнтра горада на аснове генерального плана развіцця Гродна да 2030 года. План уключае праект рэгенерацыі гістарычнага цэнтра, які стаў пераможцам у конкурсе ICOMOS «Спадчына ў дзеянні».

Чытайце таксама:

Азеляненне раёнаў - ніжэй за норму

Цяпер плошча азелянення ў Гродне не адпавядае нормам. Па патрабаванням ЭкаНіП (зводу экалагічных нормаў і правілаў) у Гродне на кожнага чалавека павінна быць па 8 кв. м азелянёных тэрыторый агульнага карыстання гарадскога значэння і па 7 кв. м такіх тэрыторый раённага значэння — усяго па 15 кв. м расліннасці.

Зялёнымі тэрыторыямі гарадскога значэння лічаць тыя, якія наведваюць усе гараджане. У Гродна гэта, да прыкладу, парк Жылібера. Тэрыторыі раённага значэння — меншыя, лакальныя скверы, дзе шпацыруюць толькі жыхары суседніх мікрараёнаў, напрыклад, сквер на Альшанцы.

У Гродне ў Ленінскім раёне на чалавека прыпадае 10,9 кв. м зялёных тэрыторый агульнагарадскога значэння і толькі 1,31- раённага значэння. У Кастрычніцкім — па 5,84 кв. м гарадскога значэння і ўсяго 1,41 кв. м раённага, распавяла аўтарка схемы Алена Гарустовіч. Такім чынам у суме паказнік азелянення адпавядае норме толькі для аб’ектаў гарадскога значэння, а вось маленькіх сквераў паблізу ад дома ў Гродне не хапае. Для Гродна, як і для іншых абласных гарадоў, найбольшая праблема тое, што не азелянёныя новыя мікрараёны, адзначала яна раней для «Гродно Плюс».

Не хапае раённых сквераў. Для Гродна рыхтуюць схему зялёных зонаў, якія будуць ахоўваць
У Гродне плошча зялёных тэрыторый раённага значэння больш чым удвая ніжэйшая за норму

Па выніках рэалізацыі доўгатэрміновага плана развіцця для Гродна да 2030 года зялёную норму на аднаго гараджаніна мяркуюць павысіць да 22 кв. м зялёных насаджэнняў. Згодна з генпланам, да 2030 года Гродна плануе дасягнуць паказчыка азелянення ў 40,3%. Гэта значыць, такую частку забудаваных агульнагарадскіх тэрыторый будуць займаць дрэвы, хмызнякі, кветнікі або газоны.

Мінімальная абавязковая азеляненне ў горадзе па экалагічных нормах — 40%. Для гістарычнага цэнтра гэта можа быць 25% і менш, у жылых мікрараёнах — не менш за 30%.

Якіх прапаноў чакаюць ад гродзенцаў і куды іх адпраўляць

Меркаванні і прапановы любога кшталту па апорным планах можна дасылаць у пісьмовым выглядзе. Напрыклад, калі недзе не хапае добраўпарадкавання, камусцьі не падабаецца санітарны стан тэрыторый, ці ў прынцыпе не хапае азелянення.

Гродзенцы і юрыдычныя асобы могуць даслаць свае прапановы па развіцці азелянённых тэрыторый агульнага карыстання і іх уключэнні ў схему да 15 лістапада ў наступныя ўстановы:

  • Гродзенскі гарвыканкам (230 023, Гродна, пл. Леніна, 2/1, e-mail gorisp@gorod.grodno.by);
  • Упраўленне будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва (230 023, Гродна, пл. Тызенгаўза, 3, e -mail arhitektura@gorod.grodno.by);
  • Адміністрацыі раёнаў (Ленінскі - 230 025, Гродна, вул. Савецкая, 10, e -mail: lenadm@mail.grodno.by, Кастрычніцкі - 230 024, Гродна, вул. Гагарына, 18/2, e -mail: info@aor.gov.by);
  • УП «БелНДІПгорадабудаўніцтва» (220 002, Мінск, пр. Машэрава, 29, e-mail: prim@irup.by).

У лісце варта дадаць пазнаку «Схема азелянення тэрыторый агульнага карыстання г. Гродна».