Тэхнічны вадкі і газападобны кісларод, які адпавядае па паказчыках якасці медыцынскаму, будуць адгружаць ва ўстановы аховы здароўя, піша карпаратыўнае выданне прадпрыемства «Гродзенскі хімік». Такім чынам прадпрыемства будзе перакрываць патрэбы бальніц вобласці ў кіслародзе ва ўмовах барацьбы з COVID-19.

Таксама кісларод, адпаведны медыцынскаму, будуць рабіць на «СветлагорскХімвалакно» і «Нафтане». Пра гэта ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» паведаміў выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Крыён» Андрэй Міткалёў, паведамляе БЕЛТА.

Прадпрыемства «Крыён» — асноўная крыніца медыцынскага кіслароду ў Беларусі. Штодзённа яно адгружае ўстановам аховы здароўя 200 тон кіслароду. Магутнасці па выпрацоўцы кіслароду загружаны на 100%. Таксама пастаянна выпрацоўвае кісларод Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод.

Недахоп кіслароду можа быць смяротна небяспечны

Перабоі з падачай кіслароду могуць каштаваць кіслародзалежным пацыентам жыцця. На мінулым тыдні надзвычайнае здарэнне адбылося ў Гродне, паведаміў адзін з каналаў медыкаў. Паводле іх інфармацыі, поўныя балоны пераблыталі з пустымі - памерлі чатыры чалавекі.

Хворых на COVID-19 становіцца ўсё больш

Колькасць заражэнняў імкліва расце, а каранавірус «маладзее». Пнеўманіі пачынаюць выяўляць раней — на чацвёрты дзень, распавяла Hrodna.life пра сітуацыю крыніца ў медустанове, дзе працавалі з заражанымі каранавірусам. Афіцыйна кажуць аб штотыднёвым прыросце ў 30−40% з канца жніўня. Паводле інфармацыі Hrodna.life, да шасці бальніц, якія ўжо працуюць з каранавіруснымі хворымі, неўзабаве дадасца Гарадская клінічная бальніца № 4.

Чытайце таксама: