Працягваюцца затрыманні за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі мінчука Андрэя Зельцара і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Палітвязняў караюць карцэрам. У турме № 1 Гродна ўключылі ацяпленне. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў Гродне і вобласці з 11 па 17 кастрычніка.

Блогеру Вадзімаці далі яшчэ 20 сутак за «экстрэмізм»

Суд Шчучынскага раёна 14 кастрычніка асудзіў гродзенскага блогера Вадзіма Ермашука на 20 сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за «Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.19.11 КаАП). Пра гэта ў Instagram паведаміла знаёмая блогера.

Затрыманне мігрантаў

Больш за два дзясяткі іракцаў затрымалі 13 кастрычніка ў хостэле на вуліцы Маркса ў Гродне. У іх не было дакументаў, якія пацвярджаюць легальнасць знаходжання ў Беларусі. У выніку іх вышлюць за межы Беларусі, у краіну, грамадзянамі якой яны з’яўляюцца, паведамляе міліцыя.

460 «пратэстных» крымінальных спраў

460 «пратэстных» крымінальных справаў распачалі ў Гродзенскай вобласці. З гэтага больш за 150 злачынстваў здзейснілі ў дачыненні да міліцыянтаў, амаль усе — у інтэрнэце, паведамляла газета МУС «На страже». Амаль 60 падазраваных выявілі, многія з іх фігуруюць у адных і тых жа матэрыялах.

Падчас мерапрыемства «Арсенал» міліцыя вобласці яшчэ раз прааналізавала спісы ўладальнікаў агнястрэльнай зброі. Сталі больш уважліва правяраць жадаючых атрымаць дазвол на захоўванне і выкарыстанне зброі.

Пратаколы за тое, што ня ўсталі пры гімне

15 кастрычніка ў Гродне падчас хакейнага матча паміж «Нёманам» і «Гомелем» двое мужчын (37 і 39 гадоў) не ўсталі падчас выканання дзяржаўнага гімна. На іх складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне патрабаванняў да выканання дзяржаўнага гімна Беларусі, Па арт. 24.54 КаАП за гэта могуць пакараць штрафам да 15 базавых — 435 рублёў, напісала прэс-служба МУС у Twitter.

Калонія за сцяг на Кургане Славы

Гродзенца асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму па арт. 370 КК «Здзек з дзяржаўных сімвалаў». Рашэнне вынеслі ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Верагодна, гаворка ідзе пра Ігара Бузука, якога затрымалі летам пры спробе з’ехаць з Беларусі.

Затрыманні ў хостэле і на хакеі. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Ігар Бузук. Скрын з відэа прэс-службы МУС Беларусі

Затрыманне за каментар

36-гадовага гродзенца затрымалі на беларуска-польскай мяжы. Паводле звестак следства, са жніўня 2020 да траўня 2021 года ён размяшчаў у Telegram каментары з абразамі прадстаўнікоў улады. 13 фактаў, за якія крымінальна караюць, выявілі праваахоўнікі. Усе каментары ўтрымлівалі негатыўную ацэнку, былі выяўленыя ў непрыстойнай форме і мелі ненарматыўную форму маўленчага выказвання, піша СК.

Затрыманні ў хостэле і на хакеі. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Рэчы, знойдзеныя пры ператрусе. Фота: СК

Хімія за «цынічныя надпісы»

За «цынічныя надпісы» на прыпынках гродзенца асудзілі на паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Рашэнне вынес суд Кастрычніцкага раёна Гродна.

47-гадовы мужчына ў верасні-кастрычніку 2020 года размаляваў прыпынкі ў горадзе цынічнымі надпісамі, у тым ліку тымі, якія ўтрымлівалі абразы прэзідэнта. На той момант ён працаваў кіроўцам у аўтобусным парку.

Гісторык Андрэй Колас з’ехаў з Беларусі

Андрэй Колас з Ваўкавыска з’ехаў у Польшчу пасля дзесяці сутак адміністрацыйнага арышту. Паводле яго слоў, ён вернецца ў Беларусь «няхутка, а можа быць, і вельмі няхутка». Пра затрыманне і адбыванне арышту ў ізалятары часовага ўтрымання Андрэй паабяцаў распавесці, «калі адновяцца нервовыя клеткі».

Пакаранне карцэрам

Палітвязень і журналіст Дзяніс Івашын выйшаў з карцэра ў СІЗА № 1 Гродна ў панядзелак 11 кастрычніка, а 15-га — зноў трапіў туды на шэсць сутак.

Палітвязень Зміцер Фурманаў 11 кастрычніка з карцэру не выйшаў. Яму ў чарговы раз працягнулі знаходжанне там.

Чацвёра новых палітвязняў у вобласці

Гэта Аляксандр Курганскі, Аксана Каспяровіч, Артур Жвірыдоўскі і Ігар Бузук, піша «Вясна». Двух першых затрымалі за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі мінчука Андрэя Зельцара і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Ім прад’яўленыя абвінавачванні па арт. 130 КК «Распальванне сацыяльнай варожасці», арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады». Жырыноўскага асудзілі на тры гады калоніі за замену чырвона-зялёнага сцяга на бел-чырвона-белы. За падобныя падзеі на два гады калоніі асудзілі Ігара Бузука.

Крымінальная справа за канфлікт з даішнікам

Раніцай 14 кастрычніка ў Воранава супрацоўнік ДПС спыніў кіроўцу на Toyota, які не прапусціў пешахода на пераходзе. Падчас разбору малады чалавек «паводзіў сябе агрэсіўна, ужыўшы сілу, забраў у міліцыянта перададзеныя для праверкі дакументы і паспрабаваў збегчы». Яго затрымалі, паведамляе прэс-служба МУС.

У дачыненні да 24-гадовага вадзіцеля распачата крымінальная справа за гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Таксама на фігуранта складзены пратакол за непрадастаўленне асобай, якая кіравала транспартным сродкам, перавагі ў руху пешаходу.

Затрымалі агранома

Супрацоўнікі ГУБАЗіК жорстка затрымалі 23-гадовага жыхара Ваўкавыскага раёна. Мяркуючы па скрыншотах, яго завуць Валерый Панкратовіч. Па версіі сілавікоў, з мінулай вясны ў сацсетках ён неаднаразова змяшчаў інфармацыю «экстрэмісцкага толку» і пасты, «якія прыніжаюць гонар і годнасць кіраўніка дзяржавы», паведамляе прэс-служба МУС.

У дачыненні да затрыманага складзены пратакол за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт.19.11 КаАП). Таксама распачата крымінальная справа за абразу прэзідэнта.

Раней хлопца прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад вайсковай службы. Ён удзельнічаў у акцыях пратэсту.

Затрыманне ў Навагрудку

У Ваўкавыску 13 кастрычніка затрымалі 36-гадовага Ігара Лазара за распаўсюд матэрыялаў «экстрэмісцкага характару» і негатыўныя каментары на адрас супрацоўнікаў АМАП. Каналы, блізкія да сілавікоў, апублікавалі відэа, на якім Ігар «раскайваецца».

Пра затрыманне напісаў праваабарончы сайт «Г***дзенская вясна». Рэдакцыі таксама вядома аб затрыманні прадпрымальніка па прозвішчы Гуліда. Што яму пагражае, пакуль невядома.

Калонія за зняты сцяг

Жыхару Астраўца Артуру Жвірыдоўскаму прысудзілі тры гады калоніі за зняты чырвона-зялёны сцяг і вывешаны бел-чырвона-белы. 14 кастрычніка адбыўся закрыты судовы працэс — на яго не пусцілі нават маці Артура. Яго абвінавачвалі па ч. 1 арт. 339 КК «Хуліганства» і арт. 370 КК «Здзек з дзяржаўных сімвалаў», паведамляе «Вясна».

Паводле версіі абвінавачвання, Жвірыдоўскі ноччу ў чэрвені 2021 года вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на адной са школ Астраўца, а таксама намаляваў на камені тры паласы ў бел-чырвона-белым спалучэнні. Акрамя гэтага, зняў чырвона-зялёны сцяг з будынка адной з дзяржаўных устаноў горада.

Затрыманне ў Навагрудку

Жыхара Наваградку Руслана Кузьміча затрымалі за камэнтар у Telegram пра зброю. Як расказала жонка Руслана Анастасія «Свабодзе», мужа затрымалі 6 кастрычніка. Яго вінавацяць паводле новага артыкулу Крымінальнага кодэксу «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасьці» (частка 1 артыкулу 361−4). За гэта яму пагражае шэсць гадоў калоніі.

Даслоўна камэнтара мужа Анастасія не ведае, але «гэта літаральна некалькі словаў». Пра змест абвінавачання яна даведалася з навінаў на дзяржаўным тэлебачанні. Знаёмыя пазванілі ёй і параілі ўключыць тэлевізар. Там паведамілі, што Руслан пакінуў камэнтар у «экстрэмісцкім» Telegram-канале. Пад відэа з выявай невядомага чалавека са зброяй ён напісаў нешта кшталту: «Час і нам брацца за зброю».

Затрыманне ў Лідзе

9 кастрычніка ў Лідзе 60-гадовы апрацоўшчык металу ў аўтобусе ў прысутнасці іншых пасажыраў абразіў суддзю «ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя». Мужчына знаходзіцца ў ІЧУ, распачата крымінальная справа, паведамляе ў Twitter МУС Беларусі.

Гродзенка ўзначаліла Нацыянальную школу прыгажосці

22-гадовая юрыстка з Канстытуцыйнай камісіі Бажэна Ярэміч узначаліла Нацыянальную школу прыгажосці, паведамляе Еўрарадыё.

Ярэміч нарадзілася 26 жніўня 1999 года. Дзяўчына скончыла юрфак Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, паступіла ў магістратуру і працавала выкладчыкам-стажорам.

У 2020 годзе Ярэміч удзельнічала ў нацыянальным конкурсе прыгажосці «Міс Беларусь». Падчас адборачнага тура Бажэна распавяла, што са школы марыць стаць пракурорам, а натхняе яе Марыя Васілевіч, якая перамагла ў конкурсе прыгажосці і стала дэпутатам парламента.

Ярэміч неаднаразова ўдзельнічала ў мерапрыемствах, дзе прысутнічаў Аляксандр Лукашэнка. Яна ўваходзіць у камісію, якая займаецца распрацоўкай новай рэдакцыі Канстытуцыі.

Коратка:

  • На «Гродна Азот» спыняць на рамонт два цэхі. У планах спыненне трэцяга.
  • Бацькі аб беларускамоўным класе ў «польскай» школе: «Камунікацыя з аддзелам адукацыі ні да чаго не прывяла».
  • Фэйкавая вакцынацыя ў Гродне: чаму людзі прышчапляюцца па дакументах, але не па-сапраўднаму?
  • Палітвязень і мастак Алесь Пушкін зноў адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні.
  • Беларусам прапанавалі туры на вакцынацыю ў Еўропу.
  • «Кіслароднае» надзвычайнае здарэнне адбылося ў туббальніцы Гродна ў перыяд з 8 па 10 кастрычніка. Пры разгрузцы балонаў з кіслародам замест поўных балонаў падключылі пустыя. У дзень надзвычайнага здарэння ў бальніцы памерлі чатыры кіслародзалежных пацыенты, паведамляе канал медыкаў, прызнаны экстрэмісцкім.
  • На занятках па агнявой падрыхтоўцы пад Слонімам салдат тэрміновай службы хацеў кінуць гранату, але выпусціў яе ў акоп. Вайскоўца выратаваў лейтэнант, які паспеў выцягнуць яго з акопа і закрыць сваім целам. Граната ўзарвалася, афіцэр атрымаў траўмы.