У Беларусі часова спынілі аказваць планавую медыцынскую дапамогу. Да яе адносіцца дыспансерызацыя, даследаванні, рэабілітацыя і планавая стаматалогія. У Гродзенскай вобласці тым часам вакцынаваліся ад каранавіруса 218,2 тысячы чалавек, а пад прыём з COVID-19 перапрафілявана ўжо шэсць бальніц.

Змены ў аказанні меддапамогі рэгламентаваныя загадам № 1287 ад 15.10.2021 г. Згодна з ім, у бальніцах і паліклініках спыняюць дыспансерызацыю, скрынінгавыя мерапрыемствы, аказанне рэабілітацыйнай дапамогі, фізіятэрапеўтычныя працэдуры, лячэнне на дзённым стацыянары і планавую стаматалагічную дапамогу.

Пад прыём пацыентаў з каранавірусам ў Гродне ўжо перапрафіляваныя Гродзенскі абласны клінічны кардыялагічны цэнтр, Гродзенская гарадская бальніца № 2, Гродзенская абласная інфекцыйная клінічная бальніца, Гродзенская абласная клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі, Гродзенскі абласны клінічны цэнтр «Фтызіятрыя» і аддзяленне ў Гродзенскай універсітэцкай клініцы.

Асноўным спосабам спынення распаўсюду каранавіруса медыкі называюць вакцынацыю. Паводле даследаванняў эпідэміёлагаў сярод тых, хто захварэў са студзеня па верасень 2021 года было 1,47% вакцынаваных дзвюма дозамі. З іх 64% перахварэлі ў лёгкай форме, 36% перанеслі хваробу ў сярэдняй ступені цяжкасці, 0,1% спатрэбілася шпіталізацыя.

У Беларусі поўны курс вакцынацыі прайшлі больш за 1 865 тыс. чалавек, і больш за 2 550 атрымалі першы кампанент вакцыны, паведамлялі ў Міністэрстве аховы здароўя 16 кастрычніка. У Гродзенскай вобласці поўны курс вакцынацыі прайшлі больш за 218,2 тыс. чалавек. Пры гэтым у нашай краіне даступныя толькі дзве вакцыны — Гам-КОВІД-Вак («Спутник V») расійскай распрацоўкі і Vero Cell (Sinopharm) з Кітая. З іх Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўхваліла толькі кітайскую вакцыну, але з ёй пускаюць толькі ў некаторыя краіны Еўрасаюза. Ёсць інфармацыя і пра выпадкі фэйкавай вакцынацыі.

За апошнія суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 1 956 новых пацыентаў з COVID-19, выпісаныя — 1 170 пацыентаў, памерлі 15 чалавек, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. Усяго, паводле афіцыйнай статыстыкі, з пачатку пандэміі ў Беларусі былі зарэгістраваныя 573 943 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19, ачунялі 546 415 пацыентаў, памерлі 4 417 чалавек.