Шляхта — брэнд Беларусі ці прафанацыя? Гісторыкі паспрачаліся пра вытокі беларускай нацыі і прыняцце сябе

Цягам стагоддзяў шляхта як саслоўе адыгрывала важную ролю ў гісторыі нашых земляў. Але станоўчую ці адмоўную? Выбудоўвала ці руйнавала нацыянальную культуру на тэрыторыі сучаснай Беларусі? Наконт месца шляхты ў беларускім нацыястварэнні і таго, што ўсё ж варта лічыць архетыпам беларусаў, паразважалі гродзенскія гісторыкі.

Спрэчка распачалася ў каментарах да аднаго з допісаў у Facebook, прысвечанага шляхце. У ім тлумачыцца, што гэта было найперш вайсковае саслоўе, тыя, хто атрымаў шэраг прывілеяў за абарону Айчыны і перадаў іх у спадчыну. Прадстаўнікі гэтага саслоўя маглі быць як багатымі, так і беднымі.

Беларусы — сялянская нацыя?

Шляхта перастала быць вырашальнай вайсковай сілай дзяржавы ўжо ў XV ст., падкрэслівае ў каментарах гродзенскі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч. У XVI ст. шляхта пераўтварылася ў зямянаў - уладальнікаў маёнткаў з прыгоннымі сялянамі. Цягам XVII-XVIII ст. яна паланізавалася, а ў XIX ст. часткова русіфікавалася. Такім чынам, на думку прафесара, Беларусь уратавалі сяляне, якія захавалі традыцыйную культуру і жывую мову.

«Калі пачыналіся нацыянальныя рухі ў XIX ст., то іх ініцыятары (пераважна са шляхты і духавенства) апелявалі да сялян і іх мовы. Беларусы належаць да гэтак званых сялянскіх народаў, у нацыянальным руху якіх шляхта ўдзелу не прымала (у адрозненне ад палякаў, венграў ці румынаў)», — адзначае Краўцэвіч.

Ухваляць беларускую шляхту з пункту гледжання беларускага патрыёта асабліва няма за што, перакананы ён. «Пыхі было больш, чым годнасці, Рэч Паспалітую шляхта прафукала і прадала, у беларускім нацыятворчым працэсе не ўдзельнічала, пасля першай святовай вайны ваявала за польскую дзяржаву».

Кіркевіч: Шляхцічы — не святыя, але яны стварылі ўсё вартае

«Хочаце любіць святых у гісторыі - не будзеце любіць нікога, — адказаў прафесару на сваёй старонцы ў Facebook краязнаўца і журналіст Алесь Кіркевіч. — Шляхта мела багата грахоў, але дакладна не больш за сялянаў, мяшчанаў, мясцовага кліру ўсіх канфесіяў ці тутэйшых жыдкоў. Ніводная з гэтых супольнасцяў ніколі і не думала пра ніякае нацыятварэнне».

«Шляхта была такой, якой была. Са сваімі інтарэсамі. Са сваім стылем. Са сваім кодэксам паводзінаў. З разгуляйствам, пыхай, ірацыянальнасцю, гонарам, рашучасцю, авантурызмам. Але гэта і ёсць рысы пасіянарнай супольнасці, якая здольная нешта стварыць. Пакінуць след у гісторыі. Не жыве па інерцыі, — перакананы ён. — Акурат выхадцы са шляхты стварылі ўсё вартае на нашых землях у дамадэрную эпоху».

Рэканструкцыя лагера шляхты каля Новага замку ў Гродне, 2018 г. Фота: «Вячэрні Гродна»

Самураі і банды Нью-Ёрку. Ці існуе нецікавая гісторыя

Не трэба судзіць людзей XVI-XVII стст. па мерках ХХ-ХХІ стст., мяркуе Кіркевіч. «Януш Радзівіл не меў змогі штудзіраваць Энтані Сміта, Цімаці Снайдэра або Алеся Краўцэвіча».

Як прыклад Алесь Кіркевіч прыводзіць знакамітыя вайсковыя саслоўі і сацыяльныя групы іншых краін. «У Японіі былі самураі, якія ў наступным сталі легендай і брэндам. Але мадэрная Японія паўстала хутчэй насуперак самураям, як «ворагам прагрэсу». У Германіі было рыцарства і дваранства. Але мадэрная Германія паўстала хутчэй насуперак нашчадкам рыцараў, як «ворагам прагрэсу». У Амерыцы былі каўбоі з кольтамі ды «банды Ню-Ёрка». Але мадэрныя ЗША паўсталі хутчэй насуперак каўбоям. Ню-Ёрк — насуперак тым бандам.

Помнік самураю ў Токіа. Фота ілюстрацыйнае: pixabay.com

Але японцы, немцы, амерыканцы ганарацца сваёй гісторыяй. Без самураяў, рыцараў ці каўбояў іх гісторыі не існуе. Дакладней, яна стае нецікавай. А ў шырокім разуменні нецікавая гісторыя не існуе. Бо яна нікога не «вставляет», апроч спецыялістаў-кніжнікаў".

Архетыпічны вобраз нацыі

Гэты прынцып датычыць і шляхты. «Не чапайце святога. Шляхта — „народжаныя з шабляй“ — маюць быць адным з цэнтральных архетыпічных вобразаў нацыі, калі мы ў прынцыпе бачым нацыю ў перспектыве, — перакананы Кіркевіч. — Інакш застануцца коласавы блінцы, паламаныя грушкі ды павалены плот. Усё тое, што мы ненавідзелі на ўроках бел-літа. Усё тое, што нават рускія забараняць не будуць. Бо яно не страшнае. І не цікавае».

Васіль Герасімчык: што агульнага паміж «шляхтай» і «легітымнасцю»

Такой пазіцыяй, у сваю чаргу, абурыўся іншы гродзенскі гісторык, Васіль Герасімчык. «З усёй бясконцасці таго, што назапасіў твой народ, ты бачыш толькі „коласавы блінцы, паламаныя грушкі ды павалены плот“?», — пытае ён.

«Каланізатары паўсюль працуюць аднолькава: навучаюць падпарадкаваных зненавідзець сваё, каб далей тыя адмовіліся ад уласнае сутнасці. Ляпі з іх, што хочаш. А каб прыручыць, трэба навучыць. А дзеля гэтага на мову падпарадкаваных лепш з „нецікавым“ чымсьці пераходзіць. Далей „цывілізатар“ іх ужо сваёй моваю адорыць. Ды адорыць „цікавым“: тут табе і каўбоі, і лыцары, і самураі, і шляхта».

«Гісторык не варты нават паперы, калі жыве выключна ў свеце мрояў. Сапраўды былі героі, былі змагары, былі тыя, хто пакінуў след на сваёй зямлі. Але прызнаць варта, што не змагла дамовіцца шляхта, каб краіну сваю ўратаваць». Менавіта цяпер самы час пра гэта ўспомніць, бо зноў назіраем тое самае: беларусы не могуць дамовіцца па шэраговых справах, мяркуе гісторык.

«Ёсць рэчы агульныя („канвенцыянальныя“), якія павінны быць усімі дзеля дыялогу ці дыскусіі прымальныя. Дзеля прыкладу — панятак „легітымнасць“. Ёсць яно ў слоўніку, варта пачытаць, — адзначае Васіль Герасімчык. — Бо ў такім разе якая дыскусія, калі адзін гаворыць пра яблык, а другі называе яго груша».

«Дзе два беларусы — тры меркаванні», або як прыняць сябе

Як прыклад каштоўнасці набыткаў простага народу Герасімчык пералічвае сюжэты, запісаныя Янам Баршчэўскім, этнографамі Паўлам Шпілеўскім і Міхалам Федароўскім. «Волаты, асілкі, безліч разнастайных пачвараў, якімі перапоўнены свет у свядомасці людзей, дзе нават хваробы маюць фізічнае ўвасабленне. (…) Безліч сюжэтаў, народжаных фантазіяй простых людзей. „Тысяча і адна ноч“ з „Ведзьмаком“ адпачываюць».

«Можна шукаць наноў сваіх „самураяў“, нават замахвацца на архетыпы. Але сябе не падманеш. Мы — тыя, хто мы ёсць, незалежна ад нашага жадання. У нас у крыві казаць, а не слухаць, у нас у прыродзе дамовы, а не дамоўленасці, зайздрасць і сваркі, а не дыскусіі», — падсумоўвае ён.

«Дзе два беларусы — там тры меркаванні, — нагадвае Герасімчык. — Каб нешта з гэтым зрабіць, (ці нават замахнуцца на тое, каб перарабіць) трэба прыняць сябе. Скрозь зубы, але па шчырасці, бо ў іншым выпадку нас чакае толькі сварка.

«Дайце, браце, гаманіць,
Потым будзем морды біць»."

Чытайце таксама: Крылатыя гусары Рэчы Паспалітай: адкуль узяліся і кім былі апошнія рыцары Еўропы

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024