Больш за 30 саламяных павукоў «распаўзліся» з майстар-класаў, якія праводзіць у Вроцлаве гродзенка Ганна. Дзяўчына робіць павукоў са школьных часоў. Першы яе павучок вісеў на бэльцы ў дзедавай хаце на Шчучыншчыне. Зараз Ганна не толькі мае павука ў сваёй кватэры, але і вучыць ахвотных рабіць іх сваімі рукамі. Яна лічыць, што павук мае быць у кожным доме, дзе жывуць беларусы. Для канала «Цёця Іра дазваляе» Ганна расказала, як павучкі «запаўзлі» ў яе жыццё і «распаўзаюцца» далей.
Ганна — эканамістка паводле адукацыі. Яе прафесія ніяк не звязана з беларускай культурай, але дзяўчына цікавіцца і займаецца традыцыйнымі танцамі і спевамі, а таксама вучыць ахвотных рабіць саламяных павукоў. Сваю матывацыю Ганна тлумачыць проста: «Дастаткова таго, што я — беларуска».
«Я заўжды ведала, што яны існуюць, — кажа Ганна пра тое, як павукі ўвайшлі ў яе жыццё. — Першага павука зрабіла ў школьным узросце. Сама так вырашыла — чаму б не зрабіць павука? Хаця раней і не капалася глыбока ў гісторыі».
Ганна ізноў узгадала пра павукоў, калі пераехала ў Польшчу:
«Сяброўка адкрывала ў Вроцлаве краму з беларускай касметыкай і я вырашыла зрабіць ёй падарунак. Каб унесці ў гэту беларускую краму кавалачак беларускай традыцыйнай культуры. Тады і ўзгадала, як павук робіцца, узгадала, які ён цудоўны, далікатны, лёгкі, прыгожы, беларускі! Як ўсё гэта ў адным павучку спалучаецца».
Пабачыўшы павука, праявілі цікаўнасць і іншыя. Ганну запрасілі правесці майстар-клас у адной з культурніцкіх прастораў горада. «Я не лічыла сябе вялікім экспертам па павуках, але вырашала пагадзіцца, бо магу пачытаць, назбіраць больш інфармацыі і патлумачыць, як павука зрабіць», — тлумачыць яна.
На занятку яна расказвала, як збіраюцца модулі для павука, пра тое, што ён можа прыняць розную форму:
«Самае галоўнае, каб чалавек сам зрабіў свайго павука, сам яго прыдумаў, сам уклаў у яго сваё цярпенне, час, душу, натхненне — і зрабіў. Думаю, гэта цудоўна, што ў кожнага атрымліваецца свой павук». Зараз Ганна ўжо правяла некалькі заняткаў і майстар-класаў і ўпэўнілася, што кожны павук непаўторны: «Я такога нават уявіць не магла, як людзі прыдумляюць».
Пра тое, калі і навошта ў беларускіх хатах вешалі павукоў, Ганна знаходзіла розныя звесткі:
«Адныя крыніцы кажуць, што павукі - гэта святочнае ўпрыгожанне да Калядаў і Вялікадня. У іншых кнігах чытала, што павук — круглагадовая рэч і што гэта не проста ўпрыгожанне, але абярэг хаты ад злых духаў. Павук пад столлю вісіць, круціцца, як жывая істота, каторая ахоўвае дом, душу і цела людзей».
Аб паходжанні назвы Ганна расказвае, што «саламяны павук сваёй ажурнай структураю мае пэўнае падабенства да сапраўднага павука на павуцінні, каторы можа з’явіцца пад столлю».
Глядзіце таксама: Belaruskicry зрабілі ўпрыгажэнні, натхніўшыся беларускай вышыўкай — вось як гэта выглядае
З іншага боку, такую назву маглі даць, каб «адушавіць» абярэг, назваць рэч такім самым словам, якім называюць жывую істоту. «Асабіста ў мяне з’явілася такая асацыяцыя, што як сапраўдны павук ловіць у сетку шкодных мух, так і саламяны павук ловіць цёмныя думкі і не пускае да нас злога».
«Я расказваю, што базавая фігура цела павука — гэта самы вялікі модуль. Ад яго сыходзяць больш маленькія, — гэта тое, з чаго дзяўчына пачынае занятак. — Актаэдр, ці васьміграннік, гэта найбольш простая аб’емная форма, якую можна зрабіць з саламяных трубачак. Менш ці больш зрабіць складана. Гэта форма самая натуральная, што можа атрымацца ў кожнага чалавека. Потым паказваю свайго павука, як гэта можа выглядаць. Але такіх самых павукоў ніхто не рабіў - і гэта цудоўна».
На заняткі да Ганны прыходзяць і дарослыя, і дзеці. Пад яе кіраўніцтвам удзельнікі майстар-класаў зрабілі ўжо не менш за 30 павучкоў.
«Мне прыемна расказваць пра беларускую традыцыйную культуру і дзяліцца сваімі ведамі пра павукоў. Хаця павукі - не толькі ў Беларусі рабілі. У палякаў яны былі і ў балтыйскіх народаў таксама. Але я адчуваю прыемнасць за нашу культуру, я паказваю беларускага павука і ў кнігах больш чытаю пра беларускія адметнасці. Наш павук больш сціплы, без упрыгожанняў. Польскія павукі больш дэкаратыўныя — з ніткамі ці каралікамі».
На думку Ганны, павучка варта зрабіць кожнаму чалавеку:
«Хай ён проста вісіць і нагадвае пра дом і радзіму».
Падказкі ад Ганны для тых, хто будзе рабіць павука першы раз, вельмі простыя:
«Я лічу, што трэба, каб павук быў у кожным доме і не толькі як упрыгожванне да святаў. Проста трэба ўзяць і зрабіць свайго павука. Мая парада — не чакаць, калі хто прыедзе і пакажа, а ўзяць матэрыялы, узяць гарбаткі, уключыць фонам традыцыйную беларускую музыку ці можа нават самім заспяваць — разабрацца і зрабіць».
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…