У Сафі Маргенштэрн з Гроднам сувязь хутчэй сімвалічная. Яна нарадзілася тут, але жыла хусім няшмат, а вядомасць здабыла і кар’еру зрабіла наогул па-за межамі Расійскай імперыі ці міжваеннай Польшчы. Уплыў гэтай ураджэнкі Гродна на ўсю псіхааналітычную думку і дасюль застаецца выразна заўважным.
У архіўных дакументах, якія тычацца гісторыі Гродна ў другой палове 19 — пачатку 20 ст., не сустракаецца яўрэйскае прозвішча Кабачнік. Кабак ёсць, а вось Кабачнік няма. Хаця гэтае прозвішча выразна рэгіянальнае. Напрыклад, нямала Кабачнікаў да апошняй вайны жыло ў Эйшышках, што цяпер у Літве. Напрыклад, у 1824 г. Арэл Лейба Кабачнік праз прэсу засцерагае, каб не бралі маёмасці памерлага яўрэя, бо той быў вінен яму вялікую суму грошай. А знакаміты Чэслаў Мілаш згадвае Кабачніка як найлепшага віленскага шаўца перадваеннай пары.
Пра першыя два дзесяцігоддзі жыцця Сафі Кабачнік мы не ведаем амаль нічога. Хіба толькі, што ва ўсіх біяграфічных анкетах яна ставіла дату нараджэня 1 красавіка 1875 года і месца нараджэння — Гродна ў «рускай Польшчы» (так часта называлі землі, якія пасля падзелаў Рэчы Паспалітай адышлі да Расійскай імперыі). Адсюль можна дапусціць, што гродзенскі перыяд у жыцці сям'і Кабачнік быў параўнаўча кароткі. Можа якіх 7−10 гадоў.
Яўрэйскія прадпрымальнікі, скапіўшы хаця невялікія грошы, стараліся вырвацца з мястэчка ў большы горад, напрыклад, з Эйшышак у Гродна ці Вільню. А пасля, калі справы ішлі, можна было падумаць і пра Варшаву або нават бізнес еўрапейскага маштабу. Так было, напрыклад, з ткачом з Гродна Сімхай Любічам, які перабраўся ў Берлін, дзе ў яго нарадзіўся сын — будучы сусветна вядомы рэжысёр і акцёр кіно Эрнст Любіч (1892 — 1947).
Звесткі пра Сафі Кабачнік з’яўляюцца наступны раз толькі ў 1890-х гг. у Варшаве. Яна заканчвае курс навучання ў гімназіі, выходзіць замуж за Абрама Маргенштэрна і ў 1894 г. нараджае сваю адзіную дачку Лаўру.
Гледзячы па ўсім, яе бацькі сапраўды былі вельмі нябеднымі людзьмі, паколькі жылі ў апартаментах па вуліцы Кацэбу, 10 (цяпер вуліца Фрэдры) у цэнтры Варшавы. Гэта быў прэстыжны квартал з банкамі, багатымі кватэрамі і дыпламатычнымі ўстановамі.
У 1906 годзе Сафі Маргенштэрн паступае ў Цюрыхскі ўніверсітэт, дзе вучыцца да 1912 года. Навучанне яна праходзіць на медыцынскім факультэце і піша дыпломную работу прысвечаную асаблівасцям складу шчытападобнай залозы.
Універсітэт у Цюрыху быў цудоўным месцам для жанчын, якія цягнуліся да навуковай працы, да адукацыі. І асабліва жанчын з Расійскай імперыі і асабліва яўрэйскага паходжання. Спісы выпускніц Універсітэта ў Цюрыху пачатку ХХ ст. запоўненыя прозвішчамі накштал Ента Маркоўнікава з Кастрамы, або Хая Масковіц з Херсона, або Ганна Магілёва аднекуль з Беларусі… Усе яны вучыліся або на медыкаў або на гуманітарных факультэтаў.
Цікава, што ў 1914 г. у той самы ўніверсітэт паступіла і дачка Сафі - Лора (Лаўра) Маргенштэрн, будучы дастаткова вядомы культуролаг і філосаф, аўтар кніжак на французскай мове.
Пасля заканчэння ўніверсітэту, прыкладна з 1915 года, да пачатку 1920-х гг. Сафі Маргенштэрн працуе ў псіхіятрычнай клініцы Цюрыхскага ўніверсітэта і пасля таго, як ёй разам з сям’ёй не ўдалося атрымаць грамадзянства Швейцарыі, каля 1924 г. пераязджае ў Францыю.
У Францыі Сафі Маргенштэрн паступае на працу ў клініку дзіцячай псіханеўралогіі ў Сальпетрыры каля Парыжа. З 1925 па 1940 год яна працуе там асістэнтам. Сафі далучаецца да прыхільнікаў тэорыі псіхааналіза, сфармуляванай Зігмундам Фрэйдам, і спрабуе прыстасаваць яго да лячэння дзіцячых псіхічных захворванняў.
Нагадаем, што псіхааналіз грунтуецца на аналізе «падсвядомага» (суперэга) у чалавеку, уплыве гэтага «падсвядомага», у тым ліку сэксуальных эмоцый, на станаўленне і жыццё чалавека.
Паміж 1927 і 1939 гадамі Маргенштэрн апублікавала 15 артыкулаў і адну кнігу. Яе праца была цалкам заснавана на паглыбленым чытанні Зігмунда Фрэйда. Яна лічыла, што дзіцячы неўроз мае тую ж структуру і тое ж паходжанне, што і неўроз дарослага, але большая гнуткасць дзіцячага суперэга спрыяе вырашэнню ўнутраных канфліктаў.
У 1927 годзе ў публікацыі «Псіхагенны мутызм» яна апісала сваю методыку лячэння дзяцей маляваннем, якое засталося галоўнай мэтай яе даследаванняў на працягу ўсёй яе практыкі. Яна таксама выкарыстоўва гульні, мадэляванне і, вядома ж, мары і свабодныя зносіны са старэйшымі дзецьмі.
Маргенштэрн, без сумневу, была адной з першых фігур у дзіцячым псіхааналізе ў Францыі, асабліва ў тым, што тычыцца выкарыстання малюнка ў лячэнні. Усе вучні і паслядоўнікі Сафі Маргенштэрн згадвалі, што яе вельмі любілі дзеці, яе пацыенты. З вялікай любоўю і павагай Сафі дакапвалася да сутнасці дзіцячых праблем, рабіла аб гэтым агульныя высновы, якія пасля апісвала ў кнігах. Напрыклад яна падкрэслівала «магічнасць» светаўспрыяцця дзяцей, тое, што яны лічаць, што можа існаваць усё, пра што яны падумалі.
У 1936 г. падчас аперацыі памірае адзіная дачка Сафі. Яе муж таксама памёр, а большасць родных жыла ў міжваеннай Польшчы і калі пачалася Другая Сусветная вайна, Сафі Маргенштэрн пачала ўсё глыбей заглыбляцца ў дэпрэсіўны стан. За разгромам Польшчы паследаваў разгром Францыі летам 1940 года. 14 мая гэтага года, за дзень да ўваходу гітлераўскіх войскаў у Парыж, Сафі Маргенштэрн скончыла жыццё самагубствам.
Да «старыка Фрэйда» і псіхааналізу можна ставіцца па-рознаму, але відавочна, што ён і яго прыхільнікі некалькі пачалі гаварыць пра важнае, некалі забароненае, і гэта істотна прасунула псіхіятрычную навуку наперад.
Сафі Маргенштэрн дакладна ўваходзіць у дзясятку самых вядомых «адкрывальнікаў» псіхааналізу і яе кнігі выдаюцца дагэтуль. Напрыклад, у 2015 годзе немалым накладам выйшаў яе зборнік «Дзіцячы псіхааналіз» на рускай мове. Пры чым выдалі яго ва Украіне. Малюнак як метад дыягностыкі і нават лячэння хворых дзяцей — сёння агульнапрызнаная навуковая практыка і заснавала гэты метад Сафі Маргенштэрн, якая нарадзілася ў Гродне.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…