У канцы года Hrodna.life традыцыйна ўспамінае тых, для каго 2025-ы стаў апошнім. Сярод іх – чыноўнік, культурныя дзеячы і лекар. Таксама трое жыхароў вобласці загінулі на вайне ва Украіне – ваюючы за Расію.
Кіраўнік «Нямнова Тур» Сяргей Каляда
Старшыня грамадскага аб’яднання “Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз” і кіраўнік кампаніі “Нямнова-Тур” Сяргей Іванавіч Каляда памёр 6 студзеня 2025 года. Яму было 65 гадоў. Сяргей Каляда ўнёс вялікі ўклад у развіццё ўнутранага турызму ў Беларусі, у стварэнне і развіццё інфраструктуры Гродзенскага рэгіёну, Аўгустоўскага канала, актыўнага турызму ў краіне.

Эдвард Ародзь – былы кіраўнік Гродзенскай абласной федэрацыі арыентавання
Эдвард Станіслававіч Ародзь памёр 15 студзеня 2025 года, у бальніцы. Яму было 63 гады. Некалькі дзясяткаў гадоў ён узначальваў Гродзенскую абласную федэрацыю арыентавання і клуб спартыўнага арыентавання “Кронан”. Эдвард Ародзь зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё спартыўнага арыентавання ў Гродзенскай вобласці і ў Рэспубліцы Беларусь.

Былы палітвязень з Гродна
У сакавіку стала вядома пра смерць 41-гадовага былога палітвязня з Гродна Аляксея Аўсюкевіча. Мужчына атрымаў хатнюю хімію за “абразу прадстаўніка ўлады”. Аўсюкевіч памёр 11 кастрычніка 2024 года. Невядома, ці знаходзіўся ён яшчэ на хіміі або на той момант яна ўжо скончылася, піша “Наша Ніва”.

Урач-акушэр-гінеколаг
9 трўня 2025 года на 59 годзе жыцця раптоўна памёр Драбовіч Тадэвуш Вітольдавіч, урач-акушэр-гінеколаг родавага аддзялення УАЗ «Гродзенскі абласны клінічны перынатальны цэнтр». Усё сваё жыццё ён прысвяціў акушэрска-гінекалагічнай службы Гродзенскага рэгіёну.

Мастак-кераміст з Гродна Яўген Адзіночанка
У ліпені памёр гродзенскі мастак-кераміст Яўген Адзіночанка. Яму было 64 гады. Яго працы знаходзяцца ў Ceramics Park Mino (Японія), Icheon World Ceramic Center (Рэспубліка Карэя), а таксама ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі і прыватных калекцыях у ЗША, Японіі, Паўднёвай Карэі, Германіі, Францыі, Польшчы, Расіі, Харватыі, Беларусі і Літве.

Ксёндз, якога цкавалі «Гродненские сливы»
Ксёндз Ян Варанецкі, пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла ў Ашмянах, памёр 12 верасня. Яму было 34 гады. Год да гэтага ён стаў мішэнню прапагандысцкага канала, звязанага з гродзенскімі сілавікамі.

Стваральнік пляцоўкі «ДК імя Грэка»
Гродзенскі панк-музыка Дзмітрый Карповіч памёр 17 верасня 2025 года. Дзмітрый Карповіч – прадстаўнік панк-сцэны Гродна. Граў у гурце “Твой город”. У 2008 годзе музыкант стаяў ля вытокаў стварэння «ДК імя Грэка» – месца, дзе праводзіліся андэграўндныя канцэрты.

Гродзенская фотографка Наталля Дораш
У кастрычніку памерла фотамастачка з Гродна Наталля Дораш. Ёй было 73 гады. Наталля Дораш захапілася фатаграфіяй ў юнацтве і звязала з гэтым сваё прафесійнае жыццё. З 1970-х працавала фотакарэспандэнткай у газетах. Была ўдзельніцай народнага фотаклуба «Гродна». Перамагала ў беларускіх і міжнародных фотаконкурсах. Серыя «Паства» заняла другое месца ў конкурсе «Прэс-фота Беларусі 2011».

Літаратар Мечыслаў Курыловіч
Пасля кароткай і цяжкай хваробы не стала гродзенскага доктара і літаратара Мечыслава Курыловіча. Як літаратар выдаў чатыры зборнікі вершаў. Друкаваўся ў “Гродзенскай праўдзе”, медыцынскай газеце “Эскулап”, калектыўных зборніках паэзіі, піша “Гарадзенская праваабарона”.

Гібелі на вайне
Яўген Станкевіч з Гродна загінуў на вайне ва Украіне 5 траўня 2024 года. Пра яго смерць стала вядома праз паўтара года.
25-гадовы Яўген Піваварчык праходзіў службу як памежнік на беларуска-ўкраінскай мяжы. Пасля малады чалавек пайшоў ваяваць на баку Расіі і памёр у чэрвені 2025.
Леанід Веднік памёр 25 сакавіка 2025 года. Ён значыцца ва ўкраінскай базе “Міратворац” як баявік незаконнага ўзброенага фармавання, баявік у/ч 08808, якая падпарадкоўвалася з 2014 да 2022 года ўзброеным сілам падкантрольнай Расіі Данецкай Народнай Рэспублікі.





