Восень 2018 будзе, верагодна, апошняй для невялікага скверу за палацам тэкстыльшчыкаў. Ужо ў наступным годзе на гэтым месцы распачнецца будаўніцтва гандлёва-офіснага цэнтру. Ён можа як упрыгожыць, так і цалкам знішчыць адметны кавалак старога горада. Hrodna.life пагутарыў пра гэта з людзьмі на Замкавай і гісторыкам Мечыславам Супронам.
Праект на ўзгадненні
Участак за Палацам тэкстыльшчыкаў быў прададзены на аўкцыёне ў пачатку 2017 года. Яго набыў літоўскі інвестар, які мае ў Беларусі сетку піцэрый «Pizza&Coffee» ды іншыя невялікія бізнесы, напрыклад, краму «Z-маркет» на аўтавакзале ў Гродне.
Яшчэ невядома, як дакладна будзе выглядаць новы гандлёва-офісны цэнтр. Праект пакуль узгадняюць у Мінкульце. Будаўніцтва пачнецца не раней 2019 года. Уласнік не жадае дзяліцца інфармацыяй, пакуль праект канчаткова не зацверджаны.
Закрые «Дом быту»
Ніна [фатаграфавацца адмовілася] ўсё жыццё жыве на Замкавай, 15 і памятае, як, а месцы сквера яшчэ стаялі старыя прыгожыя будынкі. «Кожны раз калі праходжу міма — узгадваю, як тут выгляда ўсё старое».
Для карэннай гродзенкі важна, як новы будынак будзе выглядаць. «Калі ў тым жа стылі, што і ўся вуліца, то будзе вельмі прыгожа. Тым больш, новыя будынкі закрыюць від на Дом быту», — кажа Ніна. Савецкі будынак, на думку гродзенкі, не ўпісваецца ў агульны выгляд вуліцы. Але новы офісны цэнтр можа закрыць від і на суседні манастыр, а гэта жыхарцы вуліцы зусім не падабаецца.
Хопіць забудоўваць гістарычны цэнтр?
Музыкаў Міхаіла і Ганну мы сустрэлі ў скверы. Пра тое, што тут павінен з’явіцца офісны цэнтр, яны пачулі ўпершыню ад нас.Міхаіл лічыць, што на гэтым месцы і так усё міла выглядае, таму ідэю будаўніцтва скверу не падтрымлівае. Ганна наогул лічыць, што ўжо хопіць забудоўваць гістарычны цэнтр. «Навошта тут нешта зменяць і „ўпісваць“ нешта новае?» — пытае Ганна.
[irp posts="3268″ name="Яшчэ адна вуліца з брукаванкай. Ці можа Замкавая стаць другой пешаходнай вуліцай у Гродне?"]
Парковак і так не хапае
Ірына жыве на ўскраіне горада, але любіць прыехаць на шпацыр у цэнтр. Планы будаўніцтва офіснага цэнтра на месцы невялічкага сквера яе расчаравалі, бо Замкавая — адна з яе любімых вуліц.
«Гэты скверык вельмі ўтульны», — кажа яна. Офісных цэнтраў, на думку Ірыны, у горадзе і так хапае, а зялёных зон робіцца толькі менш. «Нават не ўяўляю, як будзе выглядаць адна з любімых вуліц».
[irp posts="15 115″ name="Замкавая вуліца павінна быць пешаходнай! Як гэта зрабіць, захаваўшы парковачныя месцы"]
Некаторыя гродзенцы лічаць, што на месцы сквера лепш за ўсё зрабіць паркоўку. З гэтым згодны Канстанцін, які не знайшоў месца каб прыпаркаваць аўто. «Калі на месцы сквера пабудуюць гандлёва-офісны цэнтр, сітуацыя з паркоўкай толькі пагоршыцца», — перакананы ён.
Офісы ў цэнтры — лагічна
Гродзенскі гісторык і краязнаўца Мечыслаў Супрон кажа, што ў межах гістарычнага цэнтра павінны існаваць гандлёва-офісныя цэнтры. Зрэшты, некалькі такіх будынкаў у старым горадзе ёсць. «На прыкладзе еўрапейскіх гарадоў гэта выглядае лагічна. Там большасць будынкаў у цэнтры — офісы, крамы і пункты грамадскага харчавання».
Але да ідэі будаўніцтва на Замкавай Мечыслаў ставіцца вельмі асцярожна.
«Па-першае, гэта самае сэрца гістарычнага цэнтра і любое ўмяшанне ў архітэктурны воблік гэтай часткі мусіць быць узгодненае з грамадскасцю і спецыялістамі, а не прымацца наўздагад у кабінетах чыноўнікаў.
Па-другое, узвядзенне такога вялікага офіснага цэнтра ўскладніць транспартную сітуацыю ў без таго праблемным участку вуліц Вялікай Траецкай і Давыда Гарадзенскага".
Мечыслаў кажа, што пры быдаўніцтве трэба абіраць паміж двух шляхоў: адбудовы страчаных аб’ёмаў, якія існавалі на гэтым месцы, або ўзвядзення новых аб’ёмаў, якія будуць максімальна гарманіраваць з існуючай забудовай.
Раскопкі - абавязкова
Археалагічныя раскопкі - неабходная мера, лічыць Супрон: «Гэты ўчастак мае выключную цікавасць для вывучэння і змяшчае не менш за сем стагоддзяў культурнага пласту».
[irp posts="62 263″ name="Зусім не камяніца Масальскіх. Дзе знайсці самы стары жылы дом у Гродне?"]
Да 1960-х тут знаходзілася гістарычная забудова, сярод якой быў самы стары вядомы жылы дом у горадзе — дом рыбацкага цэху 16 ст. Падчас нядаўніх прац па замене камунікацый рабочыя адкапалі падмуркі гэтага будынка, аднак спецыялісты іх не вывучалі.
Мечыслаў баіцца, што раскопак праводзіць не будуць, а будынак пабудуюць на ўбітых у зямлю палях. Гэта вельмі небяспечная тэндэнцыя, упэўнены Супрон. Гэтак быў збудаваны рэстаран «Бакст» у самым цэнтры горада.
[irp posts="16 896″ name="Не дорага, але вельмі прэстыжна. Чаму Гродна патрэбна ўласная археалагічная экспедыцыя"]
Каб не атрымаўся чарговы Дом быту
Мечыслаў адзначае, што ёсць у Гродне даволі добры прыклад забудовы пустога месца ў гістарычным цэнтры — будынак АВС на вуглу Савецкай і Найдуса. Па першае, ён максімальна ўпісаўся ў забудову вуліцы, а па другое, сваімі абрысамі ён вельмі падобны да дома Чартка, які знаходзіўся на тым месцы раней.З такім падыходам згодны і гродзенец Раман, якога мы сустрэлі на Замкавай. «Калі забудова будзе вытрымана ў тым жа стылі, як і дамы насупраць, і не будзе выглядаць як новабуд, то будзе прыгожа. Галоўнае, каб не атрымаўся другі дом быту».
[irp posts="15 697″ name="Вуліца Кляшторная, якую «дабіў» Дом быту: як выглядала, куды знікла і чаму яе трэба аднавіць"]