У канцы чэрвеня індывідуальныя прадпрымальнікі сталі атрымліваць лісты з падатковай. Ім нагадваюць аб хуткай неабходнасці абсталяваць касавыя апараты СКПО. Што гэта такое, навошта трэба і колькі ў месяц іпэшнік павінен траціць на ўтрыманне бізнесу?
Што такое СКПО?
СКПО — сродак кантролю падатковых органаў - прылада, якая адпраўляе дадзеныя аб дзеяннях з касавым абсталяваннем у падатковую ў рэжыме рэальнага часу.
Першымі, хто павінен быў абсталяваць касы такім гаджэтам, сталі юрыдычныя асобы. У гарадах абласнога падпарадкавання і Мінску юрыдычныя асобы маглі працаваць без СКПО да 1 мая 2019.
ІП, зарэгістраваныя ў Гродне, маюць права працаваць без гэтага абсталявання да 1 лістапада 2019. Але заключыць дагавор на ўстаноўку і абслугоўванне СКПО яны павінны ўжо да 1 верасня.
Да некаторых старых касавых апаратаў СКПО не падключыць — іх уладальнікі павінны будуць проста купіць новыя касы, то бок выдаткі павялічацца.
Колькі каштуе СКПО
Абсталяванне прадпрымальнікам купляць не давядзецца. Трэба толькі ўнесці закладную суму — 130 рублёў. Штомесяц за абслугоўванне трэба будзе плаціць яшчэ 7 рублёў.
Гэта толькі малая доля таго, што большасць іпэшнікаў павінны выдаваць толькі на тое, каб законна ажыццяўляць сваю дзейнасць.
Каса, тэрмінал, рахунак у банку — якія яшчэ выдаткі ў ІП
Самы танны касавы апарат каштуе 236 рублёў. Яго штомесячнае абслугоўванне каштуе крыху больш за 10 рублёў. Абавязковыя адлічэнні ў ФСАН — 115,5 рублёў у месяц (35% ад мінімальнага заробку).
Абслугоўванне рахунка ў банку абыходзіцца прыкладна ў 20 рублёў у месяц.
Тэрмінал для разліку карткай каштуе ад 300 рублёў. Абслугоўванне ад 15 рублёў у месяц.
Вынік
Кожны прадпрымальнік, чыя дзейнасць прадугледжвае абавязковую наяўнасць касавага апарата, а разам з ім тэрмінала для разліку карткай і СКПО, штомесяц толькі для законнай працы павінен выдаваць без малога 200 рублёў.