У сям'і гродзенскай фатографкі Наталлі Дораш захоўваецца малюнак, які нямецкі салдат падаравай ейнай бабулі ў 1943 годзе на вуліцы Саколкі - мястэчка на Падляшшы на паўдарогі паміж Гроднам і Беластокам. Гісторыю акварэлі расказвае imago.by.
Лідзія Сафроненка — бабуля Наталлі Дораш — была дачкой шматдзетных беларуса і немкі. Сям’я была беднай, бацькі рана памерлі, і дзяўчынка трапіла на выхаванне ў прытулак пры праваслаўным манастыры Нараджэння Маці Божай у Краснастоку (цяпер Ружанасток). Там атрымала адукацыю і дыплом настаўніцы беларускай мовы, навучылася музыцы і царкоўным парадкам.
У 1919 годзе, яшчэ быўшы выхаванкай прытулку, Лідзія выйшла замуж за доктара Канстанціна Бялецкага. Ён быў не толькі ўрачом, але і беларускім нацыянальным дзеячом. Цікава, што ён не ведаў беларускай мовы, але лічыў сябе беларусам і ўдзельнічаў у беларускім нацыянальным руху, між іншым быў сябрам Беларускага нацыянальнага камітэта ў Гродне. У той час выкладаць беларускую мову Лідзіі не дазволілі і яна пайшла працаваць выхавальніцай у свой родны прытулак.
Як акварэль трапіла ў сям’ю?
Калі прыйшла Другая сусветная вайна, Лідзіі быў 41 год, яна ўжо пахавала першага мужа, а дзве з трох дачок былі зусім дарослыя. Яна служыла псаломшчыцай у храме Аляксандра Неўскага ў мястэчку Саколка (Sokółka).
Аднойчы нямецкі афіцэр спыніўся перад гэтым храмам з эцюднікам і намаляваў зімовы дзень: з людзьмі, конікамі, вазамі. Лідзія акурат праходзіла побач — і, ведаючы нямецкую, не пабаялася сказаць мастаку, што малюнак цудоўны. Мы не ведаем зместу іх размовы, але скончылася яна тым, што немец зняў з мальберта яшчэ вільготны малюнак, алоўкам падпісаў: «Sindel 43. Bialystok», і падарыў Лідзіі.
Кім быў мастак?
Фрыц Зіндэль (Friedrich Julius Sindel) быў на тры гады маладзейшы за Лідзію. Ён нарадзіўся ў Гоце, атрымаў грунтоўную мастацкую адукацыю, шмат падарожнічаў. На жыццё Зіндэль зарабляў працай чарцёжніка ў воднай гаспадарцы.
Чытайце таксама: «Форс-мажор». Выставу пра фота-акалічнасці непераадольнай сілы прадставіла ў Мінску Наталля Дораш
Прысвечаныя мастаку артыкулы ў нямецкай прэсе далікатна абмінаюць час Другой сусветнай: мы даведваемся з іх толькі тое, што з 1945 па 1948 год мастак быў у палоне.
Цэрквы і касцёлы былі яго «спецыялізацыяй». «У любое надвор’е ён паўсюль ездзіў на ровары, — успамінае сын мастака Курт Зіндэль і дадае: — Калі сядзеў дзе-небудзь і маляваў, часта многія прыглядаліся, а потым куплялі карціны». А многія з такіх малюнкаў мастак не прадаў, а падараваў.
Ужо пасля вайны і палону Фрыц Зіндэль аб’ехаў паўсвету, шмат маляваў у розных тэхніках. Сыну мастака засталіся стосы аркушаў, з якіх можна было б стварыць цэлы музей.
Imago.by заўважае, што сярод нямецкіх салдат было нямала такіх, што добра фатаграфавалі або малявалі. Дзякуючы ім мы маем выявы беларускіх гарадоў і мястэчак. Часта — з-за іх і разбураных.
Чытайце таксама: «Карані»: Наталля Дораш — пра натхненне з мінулага, беларускія хаткі і містычную сувязь з дзедам-фатографам