15 снежня падчас дабрачыннай акцыі, калі галоўны Дзед Мароз уключаў навагоднюю ілюмінацыю ў горадзе, гродзенцы сабралі шмат корму для бяздомных жывёл. Усё перададзенае павінна было адправіцца ў пункт часовага ўтрымання безнаглядных жывёл САГ. Але ў сацыяльных сетках пачаліся дыскусіі: нібыта валанцёры так і не дачакаліся корму для жывёл. Hrodna.life разабраўся ў сітуацыі.

Адразу карміць жывёл нельга

Ініцыятарам дабрачыннай акцыі выступіў аддзел культуры Гродзенскага гарвыканкама, рабілася гэта спецыяльна напярэдадні надыходзячага года сабакі. Да акцыі за некалькі дзён далучыліся гараджане і прадпрыемствы горада. У выніку было сабрана шмат корму, які 18 снежня перадалі ў пункт часовага ўтрымання безнаглядных жывёл.

«Мы забралі ўсё сабранае на акцыі і завезлі на прадпрыемства, і цяпер корм захоўваецца на складзе, — расказвае майстар участка № 4 САГ Алег Алешка. — Адразу карміць жывёл мы не можам, трэба ўсё ацаніць і паставіць на прыход па кошту. Толькі пасля таго, як усё з’явіцца ў нас у справаздачы, мы зможам выдаваць. Корм, які прывезлі нам, валанцёраў не тычыцца, яны яго не могуць бачыць, бо ён на складзе. Валанцёры кормяць жывёл кашамі і косткамі, мы ж купляем сухі корм і выдаем строга ў прызначаны час».

Што стала з кормам для бяздомных сабак, які сабралі на дабрачыннай акцыі? Фотарэпартаж
Корм для сабак, які перадалі пасля акцыі, цяпер на складзе САГа

Займаецца жывёламі каля шасці чалавек

На сённяшні дзень у САГу складзена больш за 60 дагавораў з валанцёрамі, якія могуць прыходзіць карміць і выгульваць жывёл. Робяць валанцёры гэта бясплатна ў свой вольны час.

«Рэальна мы бачым, што ў нас займаецца жывёламі каля шасці чалавек. Так, валанцёры робяць добрую працу, і мы зацікаўлены ў іх сяброўстве. Але ёсць і „пісьменнікі“, якія не ведаюць, што адбываецца насамрэч з жывёламі. Такім людзям абы пісаць і нагнятаць абстаноўку», — дадаў майстар.

Валанцёры гатуюць гарачую ежу і выгульваюць жывёл штодня акрамя нядзелі і святаў. У гэтыя днi рабіць гэта на тэрыторыі прадпрыемства забаронена, бо ў супрацоўнікаў выходны.

Важна знайсці кампраміс

У пункце часовага ўтрымання безнаглядных жывёл па стане на 20 снежня знаходзіцца 46 сабак. Месца ў трох вальерах для жывёл пакуль хапае.

«Дзякуючы працы валанцёраў, гараджане актыўна бяруць сабак на ўтрыманне. Папулярнасцю карыстаюцца не толькі шчанюкі, але і іншыя сабакі, нават хворыя, — распавядае валанцёр Іна. — Мы зацікаўлены, каб жывёлы знайшлі новы дом. Сабак у САГ прыносяць часта. Мы людзям стараемся растлумачыць, што гэта не прытулак, што тут жывёл могуць усыпіць, але не ўсе гэта разумеюць. Іншы раз проста падкідаюць сабак.

Таксама сёння для нас важна знайсці кампраміс з майстрам пункта і начальствам САГа, каб нам у далейшым камфортна разам працавалася, каб не было такога, што мы не можам падчас дзяжурства знайсці якога-небудзь сабаку. У нас адзіная ўмова — гуманнае стаўленне да жывёл".