Ліда Малчанава — швачка і канструктар адзення, а Лена Шымчык — дырэктарка аўтасэрвісу. Яны пазнаёміліся ў Гродзенскім дзіцячым хоспісе, калі прыйшлі сюды валанцёрамі. На мінулым тыдні разам з іншымі валанцёрамі яны шылі ахоўныя камбінезоны для медыкаў, а цяпер шыюць сумкі-шоперы для дабрачыннага праекта Hrodna.life у падтрымку хоспіса «Супрэматызм. Мастацтва. Дабрачыннасць». Замовіць шопер і ахоўную маску можна анлайн або ў рэдакцыі Hrodna.life. Пры замове анлайн абавязкова напішыце ў поле «Адрас» ваш email або пасля аплаты напішыце нам на info@hrodna.life каб удакладніць дэталі дастаўкі.
Мара споўнілася, калі прыйшла дапамагаць іншым
«Шыю ўсё, што можна ўкласці пад машынку», — кажа Ліда. Яна скончыла тэхналагічны каледж у Мінску, а потым працавала ў розных атэлье. Даводзілася шыць усё — ад сцэнічных касцюмаў для танцавальнага ансамбля «Харошкі» да чахлоў на танкі.
Пра тое, што ў дзіцячым хоспісе валанцёры шыюць ахоўныя камбінезоны для медыкаў, Ліда даведалася з сацсетак. «Знаёмыя пераслалі паведамленне, што патрэбна дапамога на пашыве. Падумала, дзве гадзіны пасля працы магу спакойна на гэта вылучыць. А потым пайшла ў адпачынак і працую тут амаль цэлымі днямі, — распавядае яна. — Разумею, што магу дапамагчы сваімі ведамі.
Такі досвед не ва ўсіх ёсць, а я раскажу і навучу, гэта не праблема».
Лена Шымчык распавядае, што Ліда стала для валанцёраў універсальным кансультантам:
— Ліда, а гэта ўмееш?
— Умею.
— Ліда, а гэта пашыем?
— Пашыем.
«У любой мадэлі і кожнага матэрыялу ёсць свае тонкасці. Мне паказваюць тканіну, а я ўяўляю, як будзе выглядаць гатовая рэч».
Ліда кажа, што калісьці марыла адкрыць школу кройкі і шыцця, каб навучыць шыць усіх. Тады не дайшлі рукі, а цяпер прыйшла дапамагчы іншым і мара сама споўнілася.
Цікавыя рэчы цікава шыць
Калі прапанавалі асвоіць пашыў сумак, Ліда пагадзілася. Якраз сканчалася партыя крою для камбінезонаў. За некалькі дзён перапынку дзве швачкі разам з дызайнеркай хоспіса Святланай Пінчук асвоілі тэхналогію і паставілі яе на паток.
«Мне спадабалася мадэль, — кажа Ліда. — Здаецца, што торба простая, а выглядае незвычайна. Такія рэчы і шыць цікава».
Калі першая сумка-шопер была гатовая, Ліда праверыла, што туды можа змясціцца: «Некалькі лапікаў тканіны, ніткі, нажніцы і яшчэ засталося месца для асабістых рэчаў. Вельмі практычна».
Спачатку было страшна ісці ў хоспіс
Лена Шымчык таксама прыйшла ў хоспіс «з інтэрнэту». Яна памяняла свой працоўны рэжым і палову кожнага дня знаходзіцца ў дзіцячым хоспісе. У дзяцінстве яна шыла лялькам сукенкі, а потым швейная машынка заўсёды была па рукой. «У мяне двое хлапчукоў расло. Даводзілася і латкі ставіць, і зашываць. Шыць — не праблема. Прынамсі, для жанчын майго пакалення», — кажа Лена.
Спачатку, прызнаецца яна, было страшна ісці ў месца з назвай «хоспіс». «Баялася сваіх эмоцый ад таго, што тут убачу. Не магла сабе ўявіць, што людзі з інваліднасцю будуць працаваць побач».
На пашыве ўсе працуюць разам. Карына Насытка, Воля Чарнікевіч, Юля Траско з дзіцячага хоспіса таксама тут. «Карына ніткі абразала з гатовых камбінезонаў, Воля з Юляй на пакаванні. Яны ўсе ў працы. Нам казалі заўсёды, што мы павінны людзям з інваліднасцю дапамагаць, а тут яны самі дапамагаюць. Разумею, што многія баяцца тых страхаў, якія самі сабе прыдумалі. А тут няма тут нічога страшнага».
Праект «Супрэматызм. Мастацтва. Дабрачыннасць» арганізавалі журналісты Hrodna.life, каб падтрымаць дзіцячы хоспіс. Для прынтаў на футболках, шоперах і ахоўных масках выкарыстоўвалі дзіцячыя малюнкі ў стылі супрэматызму. У рамках праекта пройдзе таксама майстар-клас «Супрэматызм. Зрабі гэта сам» ад дызайнеркі Ірыны Варкулевіч, лекцыя па гісторыі супрэматызму ў Беларусі ад мастацтвазнаўцы Наталлі Паўленкі і выстаўка «Чалавек. Прастора. Супрэматызм» фатографа Аляксандра Кузаса.
Замовіць футболкі з супрэматычным прынтам можна тут. А шоперы і маскі - тут, або ў рэдакцыі Hrodna.life. Пры замове анлайн абавязкова ўпішыце ў полі «Адрас» ваш email або пасля аплаты напішыце нам на info@hrodna.life каб удакладніць дэталі дастаўкі.