У доме на Шчорса 32а — 131 кватэра. Праект прадугледжвае 42 машынамесцы. Аднак скарыстацца імі жыльцы не заўжды могуць. Таму ўзнікла ідэя паставіць на ўездзе шлагбаўм. Грамадскае абмеркаванне праекта ўпарадкавання двара прайшло 24 жніўня.
Шмат людзей у адміністрацыі Кастрычніцкага раёна не сабралася, бо сустрэча праводзілася ў працоўны час. Асноўнымі ўдзельнікамі размовы сталі прадстаўнікі дома і старшыня таварыства ўласнікаў Аляксей Салалайка.
Пытаннем устаноўкі шлагбаўма таварыства ўласнікаў займаеццца ўжо некалькі гадоў. Сведчыць пра гэта важкая тэчка са зваротамі ў розныя інстанцыі і адказамі на іх. Асноўная праблема — адсутнасць дакладнай працэдуры ўзгадненняў і дазволаў. Паводле нарматыўных дакументаў, пытанні маюць вырашацца на мясцовым узроўні. А тут і самі не заўжды ведалі, што і як узгадняць, накіроўвалі далей у розныя інстанцыі.
Шлагбаўм будзе адкрывацца пластыкавай картай. Іх, дарэчы, зрабілі для ўсіх машын хуткай дапамогі горада. Паводле заўвагі ДАІ ўнеслі змены ў праект, што тычыліся шырыні тратуара. Шлагбаўм яго завузіў, таму кампенсавалі шырыню з іншага боку. З ратавальнікамі і пажарнымі таксама ёсць алгарытм супрацы. У выпадку пагрозы жыццю ці маёмасці жыльцоў шлагбаўм можа быць дэмантаваны. «Нават калі яго проста саб’юць пажарнай машынай, мы не будзем мець прэтэнзій. Расходы на аднаўленне будзе несці наша таварыства ўласнікаў».
Згода жыхароў дома таксама патрэбна, бо аплачвацца новае добраўпарадкаванне будзе з іх кішэні. «За ўстаноўку шлагбаўма паставілі подпісы 99,4% жыхароў. Апытвалі ўсіх — і з машынамі, і без. А грошы будуць здаваць толькі ўладальнікі аўтамабіляў».
Пасля выканання ўсіх гэтых умоваў таварыства атрымала дазвол на праектаванне і зараз ужо мае праект. Апошні пункт перад пачаткам усталявання — грамадскія слуханні. Пасля іх будзе прынята канчатковае рашэнне.
Таксама магчымасць усталяваць шлагбаўм залежыць ад выдзялення зямлі таварыствам уласнікаў. «Калі выдзелена тэрыторыя пад дом, дзіцячыя пляцоўкі, паркоўкі, жыхары плацяць падатак на зямлю і самі ўчастак абслугоўваюць, то мы павінны даць ім магчымасць карыстацца тэрыторыяй. Іншая справа, калі ўчастак выдзелены толькі да адмосткі дарогі. У такім выпадку яго абслугоўвае ЖКГ і гаворкі пра шлагбаўм ісці не можа», — патлумачыў кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Алег Бялінскі.
Грамадскае абмеркаванне добраўпарадкавання дваравой тэрыторыі дома 32а на вуліцы Шчорса будзе працягвацца да 14 верасня. Заўвагі і прапановы па праекце можна скіраваць па адрасе адміністрацыі Кастрычніцкага раёна вул. Гагарына, 18/2 ці на электронную пошту info@aor.by.
Камісію па падвядзенню вынікаў абмеркавання створаць цягам 5 дзён пасля іх заканчэння. Пасяджэнне камісіі будзе адкрытым. Інфармацыя аб даце з’явіцца на сайце гарвыканкама і ў гарадскіх СМІ.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…