Гэта кранальная гісторыя пра яўрэйскага гандляра Ізаака Каброўскага з Гродна, які на працягу шасці тыдняў змагаўся за сваё жыццё неверагоднымі і знаходлівымі шляхамі. На жаль, гэтая гісторыя не з’яўляецца ні міфам, ні казкай, а рэальным трагічным здарэннем, якое адбывалося пад час нямецкай акупацыі Гродна і Каўнаса. Гэта сапраўднае сведчанне відавочцаў, частка архіўнай калекцыі па тэме знішчэння літоўскіх i беларускiх яўрэяў.

Гэты матэрыл Hrodna.life прадаставіў нашчадак Ізаака Лары Каброўскi, якi жыве ў ЗША i якому ў маi 2017 года давялося ўпершыню прыехаць у Гродна.

[irp posts="29 799″ name=""Нямецкія афіцэры і яўрэйскае футра". Частка першая: Як Каброўскі пасябраваў з камендантам Гродна"]

У Каўнасе

Каўнас перажываў вялікую катастрофу. Адразу пасля адыходу Чырвонай Арміі ўзброеныя літоўцы, якія называлі сябе «партызанамі», нападалі на няшчасных, нявінных яўрэяў. У раёне Слабудкі яны ўчынілі жывёльны пагром. Мёртвыя целы мужчын, жанчын і дзяцей ляжалі на вуліцах і панадворках. Удзельнікі пагрому выцягвалі моладзь і нават дзяцей з дамоў, кажучы ім трымаць рукі за спіною, і ў шэрагах гналі на зялёную гару ў бок Сёмага Форта.

Дзень за днём доўгія шэрагі хлопцаў і дзяўчат са звязанымі рукамі і высока паднятымі галовамі маршаравалі ў свой астатні шлях у бок Сёмага Форта. Нявест, якія шукалі жаніхоў у штаб-кватэры «Партызан», жонак, якія шукалі мужоў і сыноў, затрымлівалі і адпраўлялі ў Сёмы Форт. Бездапаможных штурхалі, на ніх плявалі, а у гэты час «Партызаны» і цывільныя стаялі на ўзбочыне, за ўсім гэтым назіралі і пляскалі ў далоні.

У адзін з такіх трагічных дзён маленькі аўтамабіль уехаў у Каўнас і затрымаўся на бульвары Свабоды. Ізаак Каброўскі, яўрэй з Гродна, выйшаў з аўтамабіля і накіраваўся да дому свайго сябра, каб даведацца, дзе можна знайсці скуры каракуля. Калі ён падыходзіў да вугла вуліцы, да яго падыйшоў «партызан».

«Яўрэй?» — рэзка крыкнуй ён Ізааку, які ішоў, задумаўшыся, без свайго жоўтага значка.

Пакуль Ізаак думаў, каб хоць што-небудзь адказаць, партызан стукнуў яго палкай па галаве, ударыў і штурхнуў да групы яўрэяў, якіх вялі ў Жоўтую турму Каўнаса пад вартай. Лейтэнант нават не здагадваўся, што здарылася. Ён чакаў Ізаака ў аўтамабілі.

Сёмы Форт Каўнаса

У двары Жоўтай турмы ў яўрэяў забіралі ўсе рэчы і ў грузавіках вывозілі ў Сёмы Форт. Сёмы Форт быў запоўнены тысячамі мужчын, жанчын і дзяцей. «Партызаны» вялі жанчын і дзяцей у цесныя, цёмныя, вільготныя казематы пад зямлёю. На траве, у даліне, якую ахоўвалі «партызаны» з аўтаматычнай зброяй гатовай да стральбы, тысячы яўрэяў былі вымушаныя сядзець з апушчанымі галовамі, скручанымі целамі, прыціснутыя адзін да аднаго, ці былі вымушаны ляжаць на спіне тварам да пякучага сонца. Калі нехта аглядваўся без дазволу, «партызаны» маглі пачаць страляць, пакідаючы на тым жа месцы мёртвых і раненых. Не было ні ежы, ні вады. Палаючае сонца літаральна смажыла галадаючыя целы яўрэяў у даліне. На суседнім узгорку праходзілі маладыя літоўцы, святочна апранутыя, яны з весялосцю назіралі за «партызанамі», якія сцераглі яўрэяў у «звярынцы» — так называлі Сёмы Форт. Даліну, дзе катавалі вязняў, называлі «Кацілас» (чайнік).

Кожную ноч групу мужчын выводзілі з «чайніка», а праз нейкі час было чуваць гукі стрэлаў. Ізаак Каброўскі, як і ўсе яўрэі з «чайніка», чакаў на сваю хвіліну смерці.

Пэўным ранкам афіцэры гестапа прыйшлі ў Форт, шукаючы майстроў да ўсіх відаў рамесных прац. Ізаак не меў прафесіі, але запэўніваў, што быў спецыялістам у галіне кансервавання харчовых прадуктаў і ўзгадаў добра вядомую фірму з Гданьска, дзе быў нібыта наняты. Яго, разам з яшчэ 24 мужчынамі, вярнулі ў Жоўтую турму, у камеру нумар 40.

У Жоўтай турме Каўнаса

У камеры было душна і вельмі спякотна. Раз у дзень зняволеных выводзілі з камеры па фізіялагічных патрэбах. Для ўсіх не хапала вады, таму не было магчымасці памыцца. Чыстай адзежы не выдавалі. Усіх мучылі блохі і вошы. А таксама голад: у дзень яўрэям выдавалі 150 грам хлеба. На сняданак ім давалі каву без цукру, на абед вадзяністы суп, а на вячэру звараную муку. Яны нічым не займаліся, за выключэннем рэдкіх выпадкаў, калі іх бралі на працу ў турэмным двары. Адзін у іх быў занятак — гэта чаканне смерці.

Праз пяць тыдняў яўрэяў перавезлі грузавікамі на працу ва ўніверсітэцкую клініку, якая была ператворана ў ваенны шпіталь. Іх ахоўвалі літоўцы з аўтаматамі. Пасля доўгай дзённай працы яўрэяў на ноч адвозілі ў турму.

Тут Ізаак і іншыя зняволеныя маглі трохі падмацавацца. Іх кармілі і ў іх была магчымасць памыцца. Ізаак працаваў на кансервацыі мяса і агародніны, нягледзячы на тое, што ён не меў ніякага паняцця аб гэтай справе. Яго загадчыцай была польская медсястра, якая і вучыла яго гэтай прафесіі. Яна заўсёды ставілася да яго вельмі добра і адварочвала галаву, калі той нешта сцягваў. Не аднойчы ратавала яго ад удараў, якія літоўцы «партызаны» хацелі яму ўчыніць.

Будучы ў турме, Каброўскі напісаў пісьмо жонцы, каб яна ведала пра яго становішча. Ён лічыў, што з дапамогай жонкі Маёра ў яго атрымаецца пазбегнуць смерці.

Адным з мастакоў у ваенным шпіталі быў паляк. Ізаак падмануў яго, кажучы, што яго жонка — полька з Гродна і пераканаў яго, каб той адправіў пісьмо, абяцаючы добра заплаціць. Ізаак напісаў пісьмо на польскай мове з інструкцыяй, што дастаўшчыку трэба даць 2500 рублёў. Паляк узяў гэты ліст, але пазней больш не вярнуўся.

Сустрэча з камендантам

Некалькі дзён пасля, увечары, нямецкі афіцэр вызваў Ізаака з камеры. Здзіўлены, Ізаак убачыў на калідоры Каменданта Рыдла з Гродна. Сэрца Ізаака пачало хутчэй біцца. Ён ужо хацеў распавесці Каменданту ўсю сваю гісторыю і маліць яго аб дапамозе, але разам з Камендантам быў чалавек з гестапа. Не баючыся прысутнасці гэтага чалавека, Камендант адважна спытаў Ізаака пра скуры, якія той меў для яго знайсці. Ізаак запэўніў, што скуры знайшоў, але літоўцы яго арыштавалі. Камендант злосна паглядзеў на Ізаака, нешта прабубнеў і выйшаў. Ізаак вярнуўся ў камеру.

Відавочна, польскі мастак даставіў ліст яго жонцы і жонка Маёра ўгаварыла Каменданта, каб той паехаў у Каўнас і паспрабаваў яго выратаваць. Тым не менш, візіт Каменданта толькі наблізіў Ізаака да смерці, таму што гестапа адразу выконвала экзэкуцыю на тых яўрэях, у справы якіх умешваліся. Ізаак хваляваўся, што яго дні ўжо палічаныя, таму пачаў планаваць уцёк. У яго працоўных умовах уцячы не было б вельмі цяжка, але калі ён падзяліўся сваім планам з іншымі працаўнікамі, яны запанікавалі і рабілі ўсё, што толькі маглі, каб спыніць яго. Калі б Каброўскі ўцёк — яны ўсе былі бы расстраляныя. Раней цэлыя групы яўрэяў былі расстраляныя ў помсту за пабег аднаго чалавека. Ізаак не мог знесці пакуты таварышаў, таму паабяцаў не ўцякаць.

У гэтых страшных умовах у турме і на працы Ізаак адчуваў сябе нібы арол у клетцы. Яго шанец выжыць быў мінімальны. Не знаходзячы адпачынку ў сваёй турэмнай камеры, ён хадзіў туды-сюды, ад акна да дзвярэй і назад. Стоячы каля акна, ён бачыў чыстае блакітнае неба і пякучае сонца.

Ноччу ён меў магчымасць назіраць за мірнымі, шчаслівымі людзьмі, якія шпацыравалі па вуліцы. У камеры ён быў акружаны сваімі рэпрэсіраванымі таварышамі, якія, будучы нявіннымі, былі прысуджаны да смерці. Ён мог глыбока ўздыхнуць, і іншыя зняволеныя маглі таксама адказаць уздыхам. Гэта была трагічная, горкая мова зняволеных яўрэяў - мова, якую яны ўсе разумелі, але яна была незразумелая для тых, хто не перажыў тое, што яны перажылі.

План уцёкаў

У тую ноч Каброўскі распрацоўваў новы план уцёкаў, які не даваў яму спаць. Праводзячы так шмат гадзін у камеры, кожны зняволены па чарзе распавядаў сваю гісторыю і самыя важныя моманты жыцця. Адным са зняволеных быў кушнер — спецыяліст, ад якога Ізаак даведаўся вельмі шмат пра футры.

Той факт, што Камендант Рыдэл згадзіўся прыехаць з Гродна да аднаго яўрэя ў каўнаскую турму, каб даведацца пра футра, пераканаў Ізаака ў тым, што мех быў каштоўным таварам не толькі для немцаў. Бо калі і Камендант цікавіўся мехам, то афіцэры гестапа таксама будуць спрабаваць атрымаць яго.

Ізаак з нецярпеннем чакаў раніцы, каб пабачыцца са сваёю загадчыцай, польскай медсястрой.

«Добры дзень, мая дарагая, добрая сястра», — ён прывітаў яе, калі яна ўвайшла ў залу ў час яго працы.

«Добры дзень, — адказала яна. — Як справы?»

«Дарагая сястра, я вырашыў зрабіць вам падарунак у знак падзякі за вашу дабрыню. Новае паліто з каракуля», — сказаў ён гэта моцным і ўпэўненным голасам.

Загадчыцца яму вельмі ласкава падзякавала. У гэты ж самы дзень Каброўскі меў яшчэ адзін сюрпрыз для медсястры. Ён папрасіў яе, каб яна сказала галоўнаму ўрачу клінікі, што яўрэй з’яўляецца ўладальнікам магазіна розных тыпаў скур у Гродне. Медсястра папярэдзіла Каброўскага, што ён можа быць расстраляны, але ён настойваў. Яшчэ ў гэты ж самы дзень яна перадала інфармацыю галоўнаму ўрачу.

Праз некалькі дзён два высокапастаўленыя нямецкія афіцэры прыйшлі да Каброўскага, калі той працаваў у склепе.

Галоўны ўрач быў таўставатым мужчынам, сярэдняга ўзросту, з тоўстай чырвонай шыяй, з чыста выбрытым чырвоным тварам і залатымі акулярамі.

Яго памочнік быў высокі, светлы немец, на грудзі якога вісела шмат медалёў. Яны прывіталі Каброўскага сардэчным «дзень добры», пасля чаго Ізаак зняў шапку і нізка пакланіўся.

«Ты з Гродна?» — ветліва спытаўся галоўны ўрач.

«Так. Я з Гродна», — Каброўскі выпраставаўся і адказаў у ваенным стылі. Афіцэры ўсміхнуліся адзін да аднаго.

«Гэта праўда, што ў цябе ёсць склад з рознымі тыпамі скур?»

Каброўскі ўзрадаваўся духам — першыя крокі складанага плана пабегу былі зробленыя. Жэрабя кінулі. Вонкава Каброўскі выглядаў бестурботна, а падазрэнне немцаў павялічвалася.

«Ніякіх скураў, гер Доктар! Ніякіх не маю», — і апусціў пасля нявінна вочы.

«Хлусіш, ты, пракляты яўрэй!» — крыкнуў памочнік. Каброўскі паглядзеў на яго, зноў прыкідваючыся нявінным і маўчаў.

«Мы ўсё ведаем!» — і памочнік ударыў Ізаака па твары.

Галоўны ўрач адштурхнуў памочніка сваімі моцнымі рукамі і загаварыў з Каброўскім:

«Не бойся, мы не варвары. Будзеш на нас працаваць і з табой нічога не здарыцца. Мы хочам толькі некалькі скур», — пераконваў ён Ізаака.

«У мяне жонка і дзіця ў Гродне, гер Доктар. Не магу аддаць свае футры дарма. Пан ведае, што я не атрымліваю тут грошаў за сваю працу. Хто будзе ўтрымліваць маю жонку і дачку?»

Галоўны ўрач маліў яўрэя, каб той прадаў яму два паліто з каракуля і два з чарнабуркі, ветліва пытаючы, колькі яны будуць каштаваць.
«270 нямецкіх марак», — Ізаак ізноў прыняў жаўнерскую стойку. «70 для мяне і 200 для маёй жонкі з дачкой», — дадаў. Памочнік і галоўны ўрач пераглянуліся з задаволенымі ўсмешкамі.

«Добра. Заплачу столькі, колькі скажаш», — галоўны ўрач пастукаў яўрэя па спіне і ўсміхнуўся. «Я таксама палепшу твае ўмовы працы», — паабяцаў ён. «Але памятай пра тое, што я табе сказаў», — і прыклаў палец да сваіх вуснаў. Памочнік таксама папярэдзіў: «Ніхто не павінен ведаць пра нашую размову».

«Канешне-канешне, ніхто пра гэта не даведаецца», — Каброўскі кіўнуў, хаваючы ўсмешку.

Тым не менш, яго ўсё роўна хвалявала тое, што гестапа можа яго ліквідаваць з-за візіта Каменданта Рыдэла ў турму.

«А што здарыцца, калі вы здымеце мой дазвол на працу», — спытаў Каброўскі ў двух афіцэраў.

«Ідзі за мною», — адказаў галоўны ўрач.

Яны ўтрох направіліся да кабінета ў ваенны шпіталь. Там нямецкая бландынка напісала афіцыйную заяву дырэктару турмы аб магчымасці Каброўскаму працаваць у бальніцы. У дакуменце было адзначана, што Каброўскі з’яўляецца кваліфікаваным спецыялістам і прафесіяналам у сваёй галіне, для якога няма замены. У Каброўскага нібы камень з сэрца ўпаў.

Галоўны ўрач суправаджаў Каброўскага па доўгім, акуратна вымытым калідоры бальніцы, шэпчучы яму, што праз некалькі дзён яго вышлюць у Гродна па скуры.

Ізаак вярнуўся да сваёй працы, ганарлівы за свай талент, і ў душы смяяўся з «інтэлігентных», «культурных» і «ветлівых» нямецкіх афіцэраў.

«Іграй гэтую трагікамедыю да самага канца»

Увечары зняволеных забралі назад у турму. Ізаак, задумаўшыся, стаяў каля вакна і глядзеў на крывава-чырвонае сонца над пагоркамі прыгарада Каўнаса, Алексот. Ён схапіў цяжкія жалезныя краты на акне і глыбока задумаўся.

Іншыя зняволеныя заўважылі ажыўленне Ізаака і адзін аднаму падавалі знакі.

Адным са зняволеных у Жоўтай турме быў папулярны яўрэйскі інжынер з Каўнаса — Блюменталь. У час незалежнасці літоўскай дзяржавы Блюменталь працаваў на авіяцыйна-касмічным заводзе і ўвёў шмат інавацый, за якія атрымаў розныя ўзнагароды высокай ступені. Усе гэтыя ўзнагароды не адпугнулі літоўскіх ворагаў. Яго арыштавалі і пасадзілі ў турму толькі праз адно злачынства — быццё яўрэям.

«Ізаак, чаму ты апошнім часам такі прыбіты?» — спытаўся Блюменталь з ветлівай усмешкай.

«У мяне шмат спраў у галаве», — адказаў Ізаак. Пасля адкрыў план сваіх уцёкаў таварышам. Некаторыя з цынічнай усмешкай паднялі рукі ў знак адстаўкі. Былі і тыя, якія казалі, што гэта донкіхоцкі шлях, а яшчэ іншыя параўноўвалі яго з практычнымі поглядамі Шалома Алейхема Менахема Мендаля.

Ізаак выслухаў усіх, пасля апусціў вочы, як сарамлівы хлопчык, заломваючы рукі.

Толькі адзін інжынер Блюменталь верыў у поспех Каброўскага.

«Ізаак, я цябе падтрымліваю і хвалю твой план. Іграй у гэтую трагікамедыю да самага канца, дарагі брат! Нічога не губляеш!» — сказаў высокі інжынер, стукаючы Ізаака па плячах і смутна ўсміхаючыся.

Пасля вячэры, з’еўшы звараную муку, усе зняволеныя, 25 чалавек, паклаліся на свае цвёрдыя драўляныя нары, накрываючыся сваёю вопраткаю… Але ніводзін з іх не мог заснуць.

Чырвоныя прамені палымеючага сонца адбіваліся ў вугле камеры. Паветра было гарачым, душным і цяжкім, як свінец. Часцінкі пылу лёталі ў доўгім сонечным святле. Звонку на вуліцы была моладзь і жыццё, смех і гульні літоўскіх жыхароў.

План Ізаака натхніў бяссоных зняволенных на думкі пра свае сем'і - жонак і дзяцей, любячых заручаных і адданых матуль ды айцоў. Яны ляжалі на сваіх нарах, углядаючыся ў цемру, а іх сэрцы разрываліся ад смутку. Кожны з іх быў упэўнены, што больш ніколі не пабачаць сваіх блізкіх. Толькі адна смерць зможа іх выбавіць ад цярпенняў і ніхто з іх не ведаў, колькі ім яшчэ засталося жыць.

Ізаака мучыла няўпэўненасць адносна паспяховасці яго плана. Ужо прайшло тры дні, а дырэктар бальніцы не клікаў Ізаака. Больш не было размоў пра выезд у Гродна па скуры і Ізаак пачаў губляць надзею.

Зняволеныя пачалі насміхацца з яго планаў, некаторыя нават пачалі складаць анекдоты пра яго. Нягледзячы на страх, які мучыў Ізаака, што гестапа можа яго забіць, у сувязі з візітам Каменданта Рыдэля, ён не адступіў ад схемы дзеяння. Ізаак вырашыў змяніць свой план, спадзеючыся перахітрыць «інтэлігентных» і «культурных» немцаў.

Аднаго разу пад час працы да Ізаака падыйшоў галоўны ўрач і абвясціў, што кіраўніцтва турмы вырашыла выслаць Ізаака ў яго родны Гродна, каб там ён выканаў даручанае яму заданне. Урач быў збянтэжаны, перажываў, што яго шанец атрымаць скуры прапаў.
«Цябе не адправяць у Гродна!» — крыкнуў ён злосна.

Увечары ён выслаў паведамленне загадчыку турмы, а пасля сказаў Каброўскаму, каб той застаўся ў бальніцу на «начны дыжур».

Пасля працы нямецкі салдат правёў Ізаака ў адну з бальнічных палат, прынёс яму добрую вячэру і прыгатаваў мяккую, чыстую пасцель. Нямецкі салдат сядзеў цэлую ноч каля палаты Ізаака.

Ізаак не мог заснуць. Ён быў заклапочаны і сабраў усе свае сілы, каб пагадзіцца са сваёю трагічнаю сітуацыяй, таму што развязка ўсяго гэтага была невядомая.

Ён спадзяваўся, што калі трапіць у Гродна, Разнатоўская, жонка польскага маёра, пераканае Каменданта Рыдэла, каб той вызваліў Ізаака. Але калі горшае спраўдзіцца, ён хацеў памерці ў Гродне, каб яго сям’я ведала, дзе ён, і магла пахаваць яго на яўрэйскіх могілках.
Слёзы пацяклі па яго твары.

Працяг будзе…