За 500 год ад выдання першай беларускамоўнай Бібліі даследаванняў творчасці Францыска Скарыны і яго творчай спадчыны было нямала. Яднак пытанняў да гэтай пары застаецца не менш — дакументаваныя сведчанні таго часу абмежаваныя. Наблізіццца да разумення асобы асветніка, асэнсаваць, якім ён быў чалавекам і знайсці крыніцу натхнення спрабуюць сёння праз яго тэксты.
«Без гэтага разумення, мне здаецца, самыя глыбокія навуковыя даследванні будуць недасканалымі», — мяркуе Георгій Рой, настаяцель Свята-Пакроўскага сабора Гродна.
Францыск Скарына быў выбітным навукоцам свайго часу. Ён скончыў Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве і таксама атрымаў адукацыю ў Падуанскім універсітэце, меў дыпломы доктара філасофіі і медыцыны. Чаму пры такім раскладзе ён не заняўся навуковай дзейнасцю ці медыцынскай практыкай? Хто натхніла яго патраціць некалькі гадоў жыцця на асваенне новай на той час друкарскай справы, пошукі кірылічных шрыфтоў і збор сродкаў для выдання перакладу Бібліі? Чаму ён ахвяраваў свой час на пераклад Свяшчэннага Пісання на родную мову? Да гэтай пары тое застаецца загадкай.
На час выдання першай беларускай Бібліі друкароў і выдаўцоў у Еўропе было няшмат. Магчыма, Францыск Скарына мог бы стаць вядомым выдаўцом, напрыклад, навуковай літаратуры. У часы Рэнесансу быў уздым новых ідэй у навуцы і культуры. Але, асвоіўшы выдавецкую справу, ён прысвячае сваё далейшае жыццё выданню Свяшчэннага Пісання для свайго народу, для «люду паспалітага». Чаму Скарына не пашырыў сваю выдавецкую дзейнасць — таксама застанецца для нас пытаннем.
У даследчыцкай літаратуры працягваецца дыскусія аб веравызнанні Францыска Скарыны. Ці быў ён па нараджэнню праваслаўным (і меў імя Георгій), ці быў каталіком, на карысць чаго сведчыць імя Францыск? У сувязі з тым, што ён выдаваў пераклад Бібліі ў чэшскай Празе, многія залічваюць яго да рэфарматараў, паслядоўнікаў гусітаў. Дакументаў аб хрышчэнні Францыска Скарыны не знойдзена, і гэта застаецца таямніцай для навукі.
У тлумачэннях да Бібліі, акрамя веравызнаўчага і маральнага аспектаў, Скарына даводзіць, што Біблія з’яўляецца акрэсленай сістэмай ведаў пра сусвет. Ён падкрэслівае — калі нехта хоча разабрацца ў філасофіі ці гісторыі, то мае чытаць Свяшчэннае Пісанне, бо вера дадзена Богам і застаецца з чалавекам незалежна ад усяго. Якімі б дасканалымі не былі навукі, для хрысціян вера вышэй.
У сваіх прадмовах да тэкстаў Скарына тлумачыць, што выдае кнігі не для багаслужэння, а для самастойнага чытання. Ён выступае як навуковец і адукатар — коратка пераказвае змест гістарычных сюжэтаў, тлумачыць геаграфічныя назвы.
Ці стаяла для яго пытанне выбару паміж навукай і рэлігіяй — можна толькі здагадвацца.
У часы Скарыны пытанне перакладу Бібліі на народныя мовы актыўна дыскутавалася. З аднаго боку ў еўрапейскім грамадстве наспела разуменне, што народу трэба ведаць Біблію, з іншага — была кансерватыўная пазіцыя каталіцкай царквы, паводле якой Свяшчэннае Пісанне мелася распаўсюджвацца толькі на лаціне. Такой пазіцыі трымаліся і некаторыя з тагачасных навукоўцаў і прадстаўнікоў эліт. Нават Іван Фёдараў выказваўся супраць перакладаў Бібліі на народныя мовы.
Госці са Шчучына ацец Сергій Сямашка і яго спадарожнік малады Скарына (гімназіст Дзянісій) прывезлі на свята адноўлены друкарскі варштат. Над яго стварэннем працавалі чатыры прадпрыемствы Шчучыншчыны і два індывідуальныя прадпрымальнікі. Лясгас выдзеліў дрэва, на рамонтным заводзе распрацавалі дызайн і канструкцыі рэдуктара прэса, уключыліся ў стварэнне варштату супрацоўнікі МПМК-167 і дрэваапрацоўчага цэху з Вялікага Мажэйкава
Да Скарыны Біблію ўжо пераклалі на чэшскую і нямецкую мовы. Паколькі царква была катэгарычна супраць, перакладамі займаліся свецкія асобы. Гэта былі людзі, гатовыя ўзяць на сябе ўсю адказнасць. Напэўна, яны мелі разуменне, што ў выпадку абвінавачвання ніхто іх не падтрымае. Відавочна, што ў гэтай сітуацыі і Скарына рызыкаваў. Невядома было, ці кнігі будуць запатрабаванымі.
Тое, што за кароткі тэрмін былі выдадзены 22 кнігі, можа сведчыць аб вялікай падрыхтоўчай працы і аб падтрымцы яго дзейнасці. Але напэўна невядома, ці была вакол Скарыны супольнасць аднадумцаў.
У прадмовах да перакладаў выразна прысутнічае індывідуальнасць аўтара. Ён заўсёды акрэслівае сябе: «Я, Францыск Скарына, са слаўнага горада Полоцка праз сваю працу, намаганні і руплівасць выдаў кнігу…» У адной з кніг нават размясціў уласны партрэт. У іншых месцах ёсць другі падыход. Скарына піша, што «я, сваім малым розумам, напісаў прадмову. А вы, калі будзеце чытаць і заўважыце недахопы, то папраўце мяне дзеля праўды Божай». Ці было тое хвалою сабе альбо спробаю прыніжэння заслугаў? Хутчэй — традыцыйным для таго часу еўрапейскім падыходам.
Не усё было паспяхова ў жыцці друкара і выдаўца. Гэта таксама часам мільгае ў прадмовах. Яго выдавецкія праекты не былі завершаны, у рэшце рэшт ён скончыў свае жыцце на пасадзе садоўніка Пражскага каралеўскага саду. У адным з дакументаў ёсць сведчанне, што Скарына павінен быў адказаць перад каралем за ссечаныя дрэвы ў парку і за тое, што лімоны да каралеўскага стала былі дастаўлены несвоечасова.
Месца пахавання яго застаецца невядомым. На час смерці пераемнікаў яго выдавецкай дзейнасці не было. Вопыт Скарыны ў выдавецкай і друкарскай справе, яго досвед каментавання і тлумачэння Свяшчэннага Пісання быў падхоплены пазней, падчас уздыму кнігадрукавання ў ВКЛ.
Паводле Лідзіі Кулажанкі, кандыдата гістарычных навук, юбілей дае нам яшчэ адну падставу задумацца і пастарацца адказаць на некаторыя пытанні, звязаныя з з жыццём і дзейнасцю Скарыны. «Шукаць адказы на шматлікія пытанні мы можам у яго прадмовах і пасляслоўях. Гэта творы аўтарскія, ён уклаў у іх не толькі свой светапогляд, там раскрываецца яго душа».
Зараз яго тэксты сталі больш даступнымі. У год юбілею Нацыянальная бібліятка зрабіла факсімільнае перавыданне ўсіх кніг Бібліі Францыска Скарыны ў перакладзе на сучасную мову спецыялістаў Акадэміі навук, другі пераклад падрыхтаваны да друку Брацтвам у гонар Віленскіх мучанікаў.
Апошні раз творы Скарыны выходзілі ў 1991 годзе. Выданне мела невялікі тыраж і вышла на мове часоў Скарыны, не заўсёды зразумелай сённяшняму чытачу. У новых выданнях прадмовы і пасляслоўі ўпершыню пададзены па-беларуску.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…