Рэдакцыя Hrodna.life працягвае аналізаваць гродзенскі рынак нерухомасці на сайце Kufar.by. Мы ўжо пісалі пра самыя дарагія і самыя таннцыя кватэры, якія можна купіць у Гродне. Зараз мы выбралі топ-5 самых дарагіх арэндных кватэр.
Трохпакаёвая па вуліцы Свярдлова за 1950 рублёў ($ 735,85)
Кватэра знаходзіцца ў «элітным» доме, які ў 2014−15 гадах перабудавалі з былой фабрыкі мастацкіх вырабаў «Сузор'е».
У кватэры зроблены дызайнерскі рамонт. Ёсць тэлевізар, халадзільнік, пральная і посудамыйная машыны, ЗВЧ-печ. У ваннай — джакузі. У памяшканні вялікія вокны і высокія столі. Ёсць паркоўка для жыхароў дома.
Двухпакаёвая па праспекце Купалы за 1060 рублёў ($ 400)
«Прасторныя і сучасныя апартаменты з выдатным рамонтам, зашклёнай лоджыяй, цалкам укамплектаваныя мэбляй і тэхнікай: вялікі тэлевізар, пральная і посудамыйная машыны, керамічная пліта, духавая шафа, мікрахвалевая печ, посуд, сталовыя прыборы, убудаваныя шафы. Усё для камфортнага пражывання», — апісваюць кватэру арэндадаўцы.
Кватэра знаходзіцца на 3 паверсе 14-павярховага дома 2007 года пабудовы. Мяркуючы па апісанні, гэта адзін з трох вышынных дамоў: № 69, № 71 або № 73 па праспекце Купалы.
Двухпакаёвая па вуліцы Пушкіна за 980,50 рублёў ($ 370)
За такі кошт можна зняць кватэру з добрым рамонтам, пральнай і посудамыйнай машынамі. Ёсць посуд і сталовыя прыборы. У аб’яве адзначаюць, што ў кватэры добры від з акна (12 паверх з 14 у доме 2008 года пабудовы), побач дзіцячы сад, школа, спартыўны комплекс. Зусім блізка ГЦ OldCity.
Двухпакаёвая па вуліцы Свярдлова за 954 рублі ($ 360)
Кватэра з усім неабходным для пражывання. Знаходзіцца ў тым жа «элітным доме», што і першая кватэра ў спісе.
«Новы дом у Старым горадзе. У пешай даступнасці набярэжная, фантаны, бары і рэстараны, музеі, старадаўнія цэрквы і касцёлы. Свая стаянка для машын. Дарагое жыллё, адэкватныя суседзі. Да скасавання стасункаў з Рэспублікай Польшчай кватэра была адабраная консульствам краіны для пражывання дыпламатаў», — апісваюць сваю кватэру арэндадаўцы.
Двухпакаёвая па вуліцы Таўлая за 954 рублі ($ 360)
За такую суму можна зняць цалкам гатовую кватэру для пражывання. У ёй акрамя халадзільніка, пральнай і посудамыйнай машын, кававаркі ёсць нават набор ручнікоў. Галоўная ўмова для новых жыхароў: без жывёл.