нерухомасць у Гродне

Рэдакцыя Hrodna. life працягвае аналізаваць гродзенскі рынак нерухомасці на сайце Kufar.by. Мы ўжо пісалі пра самыя дарагія і самыя танныя кватэры, якія можна купіць у Гродне, а таксама пра лецішчы зусім блізка ад горада. Зараз мы абралі самыя дарагія катэджы ў Гродне і ваколіцах.

Шасціпакаёвы дом на Палестыне за $ 700 000

Двухпавярховы дом 1962 года пабудовы са 100% гатоўнасцю да пражывання. Зрэшты, год сур’ёзнага рамонту або перабудовы відавочна больш свежы. Дом знаходзіцца ў раёне Палестына на вуліцы Дальняй. Плошча — 227 кв. м.

У доме ёсць прасторная гасцёўня з вокнамі ў падлогу, шэсць пакояў, гардэробная, асноўны і гасцявы санвузлы. Санвузел ёсць на кожным паверсе, лесвіца вінтавая, каваная. Другі паверх — мансардны з балконам. На ўчастку ў шэсць сотак — ландшафтны дызайн, ёсць альтанка-барбекю.

«Дызайнер абраў для афармлення інтэр'еру дома стыль, над якім не ўладны час. У аздабленні памяшканняў выкарыстаны як сучасныя, так і класічныя павевы. Традыцыйныя прадметы хатняга ўжытку і аўтарскія элементы падкрэсліваюць яго вытанчанасць. Дэкаратыўны роспіс на сценах і мэблі, драўляныя падлогі, вытанчаныя жырандолі, вырабленая на замову мэбля і прадметы інтэр'еру ствараюць неверагодную атмасферу!" — апісваюць дом у аб’яве.

Прадаўцы дома нават замовілі ў фатографа Івана Цыркуновіча 3D-тур па доме:

Жылы комплекс у Каробчыцах за $ 530 000 (са «спрадвечна-рускім» інтэр'ерам)

За гэтую суму прапануюць жылы дом з 75% гатоўнасці і цалкам гатовы гасцявы дом-лазню.

У доме чатыры пакоі, гасцёўня, пральная і два санвузлы. У будаўніцтве дома былі выкарыстаныя дарагія матэрыялы прэміяльных брэндаў. «Сам дом высокатэхналагічны з наяўнасцю цёплых падлог», — адзначаюць у аб’яве.

Гасцявы дом-лазня выкананы з валагодскага лесу ручной рубкі. Драўляная лесвіца, кухня з драўлянымі фасадамі, руская парная і камін, абліцаваны з выкарыстаннем рускіх узораў на кафлі. «Спрадвечна-рускі інтэр'ер па-новаму — гэта тое, што зачароўвае і нікога не зможа пакінуць абыякавым», — так апісваюць дом-лазню прадаўцы.

У гэтым выпадку яны 3D-тур не падрыхтавалі, затое знялі свой дом з вышыні з дапамогай дрона.

Пяціпакаёвы катэдж з більярднай ў м-не Баранавічы за $ 500 000

Дом 2013 года пабудовы, плошчай 440 кв. м, з мэбляй і тэхнікай. Размешчаны на надзеле ў 14 сотак з газонам, пладова-ягаднымі раслінамі і навесам для двух аўтамабіляў.

У доме — італьянская паркетная дошка, італьянская керамічная плітка і сантэхніка. Столі з дэкаратыўным аздабленнем, ляпніна. На сценах — італьянскія тканінавыя шпалеры. Дом прадаюць з тэхнікай вядомых брэндаў: ёсць пасудамыйная машына, халадзільнікі, тэлевізары, пральная машына.

Італьянскія міжпакаёвыя дзверы. У аб’яве напісалі, што кожная з іх каштавала 5000 еўра. На другім паверсе — адкрытая прастора для заняткаў спортам і більярдавая са спальняй.

Таксама ёсць лазня з гасцявым домам. У ім — парылка, кухня, халадзільнік, кава-машына, мікрахвалевая печ, тэлевізар, санвузел, душ і пакой для адпачынку.

Каля лесу ў вёсцы Навумавічы за $ 450 000

На надзеле ў 18 сотак размешчаны асноўны дом 305 м. кв. з дызайнерскім рамонтам, а таксама гасцявы дом з лазняй, басейнам, тэрасай агульнай плошчай 165 м. кв.

У новым, 2020 года пабудовы, трохпавярховым доме — больш за пяць пакояў, уладкаваныя кухня і санвузлы. Ёсць каміны, сігналізацыя і кандыцыянеры. Надзел акружаны лесам.

Дом і пабудова пад камерцыйную дзейнасць на Савецкіх пагранічнікаў за $ 330 000

Прадаецца дом 2000 года пабудовы, падзелены на дзве часткі. «Адна частка на 3 паверхі ўверх, другая — на 3 паверхі ўніз. У кожнай паловы свой уваход, свая кухня, газавы кацёл і лічыльнікі», — пазначана ў аб’яве.

У адной частцы дома, якая на 3 паверхі ўверх: кухня і сталовая, 5 пакояў, 1 санвузел сумешчаны, балкон, тэраса. У другой частцы дома, на 3 паверха ўніз: 2 уваходы, тэраса, кухня, 4 пакоі, ванная і 1 сумешчаны санвузел, гараж з вялікай ямай.

Капітальны будынак пад камерцыйную дзейнасць — мансардны 2019 года пабудовы. На першым паверсе — кухня, аб’яднаная з холам, прахадны пакой, сумешчаны санвузел, лазня, басейн і кацельня. На другім паверсе — частковы рамонт. У аб’яве пазначана, што будынак можна перавесці ў жылы дом.

Насупраць дома — лес, да Нёмана — 300 метраў. Ёсць магчымасць купіць адну частку дома.

У цэнтры — за $ 320 000

За гэтую цану можна купіць дом у раёне стадыёна «Нёман». Плошча дома — 350 кв. м. У доме — новая кухня, камін, на цёплай падлозе — паркет. Ёсць кандыцыянеры.

На цокальным паверсе — більярдная зала, спартыўны пакой, інфрачырвоная сауна.

На акультураным надзеле ў 20 сотак растуць вялікія елкі, туі, дэкаратыўныя хмызнякі і пладовыя дрэвы. Ёсць ацеплены гараж на дзве машыны. Усе камунікацыі цэнтральныя.