Людзі і справы

Маленькі свет на макрафота. Выстава Сяргея Саковіча пакажа, як з мухі зрабіць слана

Каля 60 «партрэтных» здымкаў вялікіх насякомых і павукоў, а таксама невялікіх амфібій і рэптылій можна пабачыць у гродзенскім «Цэнтры гарадскога жыцця» ад 4 да 20 кастрычніка. Тут будзе экспанавацца выстава фатографа Сяргея Саковіча «Вялікія вобразы маленькага свету». Усе здымкі зроблены аўтарам на Гродзеншчыне цягам апошніх трох гадоў.

Конік-мысляр і новая мядзведзіца

«Для мяне „вобразы“ — гэта тое, што малюе нашае ўяленне пра аб’ект, які мы бачым на здымку. Напрыклад, калі конік вырашыў пачысціць лапку і паднёс яе да свайго ротавага апарата, то ён проста чысціць лапку і ўсё. Але на здымку гэта выглядае, нібы ён упарта аб нечым думае, разважае. Вось вам і мысляр. Таму ці раблю я сваімі здымкамі з „мухі слана“? Не без гэтага! Проста камусьці цікава ўбачыць коніка, а камусьці - вобраз мысляра», — кажа аўтар пра сваю выставу.

Большасць здымкаў з экспазіцыі Сяргей ужо паказваў у сваіх сацыяльных сетках. «Не бачу вялікага сэнсу надоўга хаваць свае здымкі. Найбольшую актуальнасць яны маюць якраз у той прамежак часу, калі былі зроблены». Выстава для яго — хутчэй падсумаванне і нагода выбраць, паказаць ці нагадаць пра найбольш важныя ды цікавыя здымкі. «Але навінкі ўсё ж будуць, — удакладняе фатограф. —  Напрыклад, вось гэтая мядзведзіца кая з начных матылькоў».

Мядзведзіца кая

Выстава для тых, хто баіцца «страшных» павукоў

Выстава ў Гродне — ужо другая ў творчасці фатографа. Першы раз ён паказваў свае здымкі «маленькага свету» на рэгіянальным экалагічным форуме ў Шчучынскай гімназіі. Сёлетняя выстава больш адкрытая для шырокай публікі. На думку аўтара, яна будзе цікавай і для дарослых, і для дзяцей. «Хто не знаёмы з мясцовым макрасветам — пазнаёміцца. Будзе выдатная нагода высветліць, што наш жывы макрасвет — гэта не толькі капусніцы, крапіўніцы ды каларадскія жукі з камарамі. Для тых, хто ўжо нешта ведае, магчыма, адкрыецца штосьці новае».

Але асабліва аўтар раіць наведаць выставу тым, хто баіцца «страшных» павукоў. «Гэта нагода глянуць свайму страху ў вочы і памяняць меркаванне».

Павук-скакун

Капрызы натуршчыкаў кампенсуюць шчаслівыя выпадкі

Па словах фатографа, цяжка наперад вызначыць, ці будзе фотасесія ўдалай. Усё залежыць ад асаблівасцяў паводзін мадэлі. «Гэта з чалавекам можна дамовіцца, а з макрааб’ектамі ўсё найчасцей вырашае выпадак». Жукоў, такіх як вялікі вярбовы вусач, зняць прасцей. Яны павольныя і нікуды не спяшаюцца.

Вялікі вярбовы вусач
А злапаць у кадр павукоў-скакуноў памерам 5−7 міліметраў, з іх здольнасцю да хуткіх скокаў - складаней. Злавіць у палёце бражнікаў у цікавым ракурсе, ці стракоз — яшчэ цяжэй. «Можна сысці і без кадраў. Было такое не раз».

Самымі любімымі аб’ектамі здымкі сталі для Сяргея звычайныя багамолы. «У гэтых істот цікава ўсё. І дзіўнаваты знешні выгляд, і паводзіны. Кадры з імі заўсёды атрымліваюцца не толькі цікавымі, але нават эмацыйнымі».

Не толькі макра. Каго яшчэ можна сустрэць у лесе падчас фотаздымкі

За некалькі гадоў здымак Сяргей назапасіў шэраг уласных лайфхакаў. «Заўважыў, што яшчаркі, калі ім няма дзе хавацца, хутка ўцякаюць, але вельмі недалёка. Затым заміраюць на нейкі час на месцы і спадзяюцца на сваю незаўважнасць. Калі таксама ў гэты момант застыць і трохі пачакаць, то хутка яна перастае звяртаць на цябе увагу і зоймецца сваімі звычайнымі справамі. Тут і наступае залаты час, каб зняць добры партрэт. Што цікава, нават з вельмі блізкай адлегласці».

Але часам сустрэчы ў лесе таксама бываюць нечаканымі. «Аднойчы на лясной дарозе, а гэта не самае люднае месца было, выбег насустрач нейкі мужчына, пачаў хутка махаць рукамі і гучна крычаць: «Чакайце, чакайце, спыніцеся, спыніцеся!» Я ўжо падумаў, можа што сур’ёзнае здарылася. А ён мне: «Слухайце, а сфатаграфуйце мяне!»

Неаднаразова спынялі памежнікі, а аднойчы нават міліцыянты — для праверкі дакументаў. Відаць, чалавек з фоцікам і ў камуфляжцы выклікае падазрэнні".

Фотограф Сяргей Саковіч, аўтар выставы «Вобразы маленькага свету». Фота: Юрый Квач

Пра аўтара:

Сяргей Саковіч займаецца макраздымкай з 2014 года. Фота — гэта яго любімы занятак для вольнага часу. Спачатку здымаў на кампакт, а пазней перайшоў на люстэркавую камеру. Першымі мадэлямі Сяргея былі матылі бражніка і вусені махаона.

«Макраздымка дае мне магчымасць глянуць на жыццё крыху шырэй. І, хто яго ведае, можа, калі мы навучымся па-сапраўднаму цаніць малое жыццё, то зусім па-іншаму станем адносіцца да жыцця чалавечага? Хочацца верыць».

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Раней падумалі б: пацыенту мроіцца, што яго праследуе псіхіятр». Як беларускія ўрачы працуюць у Польшчы і нават сустракаюць былых падапечных

Штораніцы поўныя цягнікі вязуць жыхароў Прушкава, што пад Варшавай, на працу ў сталіцу. Але ёсць…

10 мая 2025

«Скажуць раздаваць сцяжкі — раздам». Задалі адны і тыя ж пытанні выпускніцам ВНУ з Беларусі і Польшчы

Навучальны год набліжаецца да канца, і хутка выпускнікі будуць абараняць дыпломы і здаваць апошнія экзамены.…

6 мая 2025

Дапамога адрозніваецца ў 33 разы. Параўналі, як Польшча і Беларусь змагаюцца з беспрацоўем

У Польшчы беспрацоўныя атрымліваюць штомесячную дапамогу каля 1500 злотых (або прыкладна 400 долараў) на рукі.…

5 мая 2025

ВНУ Гродна змагаюцца з «моладзевым экстрэмізмам» па прыкладзе Расіі: шукаюць скінхэдаў, металістаў і спартсменаў

Як стаць маладым экстрэмістам? Быць "залатой моладдзю", слухаць хардкор і насіць клятчастую понамку. Так лічаць…

30 красавіка 2025

Сцэна пад «Дажынкі» vs хуткая дапамога на матацыкле. Параўналі, як у Беларусі і Польшчы падтрымліваюць грамадзянскія ініцыятывы

Хочаце новую дзіцячую пляцоўку непадалёк ад дома? Ці лічыце важным правесці ў сваім горадзе кампанію…

29 красавіка 2025

«Каб цябе пярун забіў!» Як неверагодны пярун 90 гадоў таму трымаў у страху Гродзеншчыну

“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…

22 красавіка 2025