Людзі і справы

У іх — музей, у нас — рэчаіснасць. Што агульнага ў латвійскай турмы 1940-х і сучасных беларускіх ізалятараў

30 гадоў таму ў цэнтры Рыгі знаходзілася турма КДБ. Зараз там музей. Экскурсія туды нагадала пра мае адчуванні падчас затрымання ў жніўні 2020 года ў Гродне. Падобныя ўражанні маглі б быць і ў астатніх 13 тысяч затрыманых у Беларусі пасля выбараў. Сучасныя беларускія ізалятары адрозніваюцца ад савецкіх нязначна: ружовыя сцены і свежыя дошкі робяць іх крыху ярчэй. А ўспаміны нават аб кароткім знаходжанні там застаюцца на ўсё жыццё.

Гэты матэрыял падрыхтаваны дзякуючы вашай падтрымцы на Patreon

Hrodna.life працуе для вас. Калі вам падабаецца наша выданне, калі ласка, падтрымайце нас, стаўшы падпісчыкамі на Patreon. Гэта дазволіць нам рыхтаваць яшчэ больш цікавых аўтарскіх матэрыялаў.

Але рабіце гэта толькі, калі вы ў бяспецы. Напрыклад — за мяжой. І ні ў якім разе не з карты беларускага банка.

Назад у СССР

Турма ў будынку КДБ у цэнтры Рыгі працавала з 1940 года, калі ў Латвію прыйшла савецкая ўлада, да распаду СССР у 1991 годзе. Часам у невялікія камеры набівалі па некалькі дзясяткаў чалавек. У турме быў свой расстрэльны пакой. У незалежнай Латвіі ў падвалах будынка захавалі 44 камеры, у якіх нічога не мянялі.

Калідор з камерамі ў рыжскай турме. Фота: Руслан Кулевіч

Вернемся ў Гродна

У жніўні 2020 года я сам апынуўся ў ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Гая ў Гродне. Патрапіўшы ў ІЧУ, я адразу ўспомніў гісторыі герояў сваіх кніг, якія прайшлі праз падобнае ў 1940-х гг. Людміла Тупіцына, якая нарадзілася ў 1930 годзе, падчас нямецкай акупацыі некалькі месяцаў правяла ў гродзенскай турме. Ёй было 12 гадоў.

«У камеры было шмат людзей, прайсці нідзе нельга было. Іншым разам ледзь не спалі седзячы. Кармілі нас тры разы ў дзень: раніцай кавалачак хлеба з пілавіннем і штосьці тыпу кававага напою; на абед давалі пару бульбін і буракі, якія раслі на тэрыторыі турмы; а ўвечары была зацірка. Жудасна было сядзець, нас нават на шпацыр не выводзілі. Жанчын і дзяцей трымалі асобна ад мужчын. З намі ў камеры сядзела сям’я са Скідзеля. Памятаю, што ў адной жанчыны захварэлі дзеці, так немцы іх узялі нібыта лячыць і не вярнулі. Гэтая жанчына за адну ноч пасівела. Чым займаліся некалькі месяцаў у турме? У акно глядзелі пастаянна».

Так і я ў 2020 годзе ўвесь час глядзеў у акно ў ізалятары. У маім выпадку пра законныя прагулкі на вуліцы таксама гаворкі не ішло. Свежае паветра ў камеру паступала з ледзь адкрытага акна, на якім было некалькі слаёў крат. З гэтага акна можна было разгледзець нейкія гаражы і фрагмент гіпермаркета «Карона» на вуліцы Янкі Купалы.

Музей у былой турме КДБ у Рызе. Прыкладна ў такіх камерах трымаюць затрыманых беларусаў да суда. Фота: Руслан Кулевіч

Камера, у якой мяне трымалі да суда, была разлічана на двух чалавек, але часам нас было шасцёра.

Пасля суда мяне перавялі ў новую чатырохмясцовую камеру. Калі ў ізалятар прыводзілі новых асуджаных, камеры перапаўняліся і сваім спальным месцам даводзілася дзяліцца яшчэ з кім-небудзь.

«Спальнае месца», мабыць, занадта прыгожыя словы для драўлянага насцілу, на якім мы тры дні спалі без матрацаў і бялізны. У ізалятары такія месцы называюць «нарамі».

Паміж двух’яруснымі «нарамі» — стол для прыёму ежы. У некалькіх метрах ад яго — туалет і рукамыйніца.

Музей у былой турме КДБ у Рызе. Гэта прыклад вялікай камеры. У Беларусі ў такія камеры набівалі па некалькі дзясяткаў чалавек. Фота: Руслан Кулевіч

Прыкметы ізалятара

Ежа. Нас пакармілі толькі на трэці дзень пасля затрымання. Да гэтага адзін з ахоўнікаў сказаў, што чалавек можа пратрымацца на вадзе 30 дзён. Пасля перажытага стрэсу і есці толкам не хацелася. Пазней нас усё-ткі пакармілі. Казалі, што ізалятар заказваў абеды ў суседнім кафэ, таму ежа была нармальная: суп, хлеб і макароны з катлетай.

Патрэба. Туалет аддзяляе ад «нар» невялікая перагародка. Рукамыйніца працякала, таму каму-небудзь з зняволеных пастаянна даводзілася выціраць падлогу. Першыя некалькі гадзін я не адважваўся піць ваду з гэтай рукамыйніцы, але выбару не было. Сцены камеры пафарбаваныя ў ружовы колер, напэўна, для добрага настрою асуджаных. Пастаяннае святло ў камеры не дае магчымасці заснуць.

Вочка для ахоўніка. У камеру вядуць жалезныя дзверы з вочкам для ахоўнікаў. У дзверы ўбудаваная фортка, якую называюць «кармушкай». Праз яе перадаюць ежу. Па правілах такія фортачкі ў ізалятарах павінны быць зачыненыя, але ў спякоту «кармушку» ахоўнікі часам адкрываюць.

Музей у былой турме КДБ у Рызе. «Кармушка», праз якую перадавалі ежу асуджаным. Фота: Руслан Кулевіч

У нас у ізалятары яе адкрывалі ўсяго некалькі разоў: калі перадавалі перадачу і таблеткі, калі вырашылі пакарміць на трэці дзень і адзін раз, калі было горача.

У ізалятары я правёў амаль трое сутак з сямі, якія даў суд Кастрычніцкага раёна. Яшчэ ў ІЧУ разам з адвакатам мы падалі абскарджанне ў абласны суд і ён адмяніў рашэнне суда Кастрычніцкага раёна. Судзімасць з мяне знялі, але праведзены ў ізалятары час пакінуў след.

Тысячы беларусаў з 9 жніўня апынуліся ў зняволенні і правялі па некалькі сутак у турме або ізалятарах часовага ўтрымання за сваю грамадзянскую пазіцыю. Многія яшчэ сядзяць. Дзяржаўнае тэлебачанне кажа пра добрыя ўмовы, амаль як у санаторыях, і нармальнае стаўленне з боку аховы, але гэта далёка ад ісціны.



У сваёй працы Hrodna.life арыентуецца перадусім на супольнасць чытачоў. У цяжкую хвіліну мы спадзяемся на іх падтрымку.

Каб утрымаць штат журналістаў і офіс, мы просім вас пералічыць нам невялікую суму грошай. Але рабіце гэта толькі, калі вы ў бяспецы, напрыклад, за мяжой. І ні ў якім разе не з беларускай банкаўскай карткі!

З вашай дапамогай мы працягнем працаваць і расказваць тое, пра што маўчаць іншыя.

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Можна бункер на выпадак апакаліпсісу ўладкаваць». Якім будзе новы «касмічны» гатэль у Пышках

На тэрыторыі былога водазабору ў Пышках будуюць гасцінічны комплекс. Гатэль будзе вытрыманы ў касмічнай стылістыцы,…

24 снежня 2024

Не паскардзішся — не паедзеш. Як у Гродне можна вырашыць транспартныя праблемы

У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…

23 снежня 2024

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024