Апошні дзень акцыі «30 дзён на ровары», 30 красавіка, Hrodna.life правёў разам з журналістам Русланам Кулевічам, каторы карыстаецца роварам без уліку сезону і часу сутак. Некаторыя ўжо кажуць што ён і сам ужо — ровар. Сам сабе ровар. За адно мы высветлілі хто можа прымусіць яго адмовіцца ад ровара. Прынамсі, раніцай.
Руслан сур’ёзна падсеў на ровар чатыры гады таму. Той першы «аіст» і зараз жывы, перайшоў у спадчыну Тані, дзяўчыне Руслана. Раней Руслан аддаваў перавагу бегу, але паспрабаваўшы ровар, выбраў гэты спосаб перамяшчэння па гораду.
Раніца Руслана пачынаецца сча шпацыру з сабакам Рамай. А ранішнюю гімнастыку замяняе маніторынг сацыяльных сетак.
Раптам ноччу адбылося нешта, што ён праспаў? Пасля гэтага Руслан садзіцца на ровар і едзе паляваць на навіны.
Выездаў у горад за дзень можа быць некалькі. Маршруты для паездак падказвае ў асноўным інтуіцыя.«Самыя цікавыя публікацыі атрымліваюцца з выпадкова падгледжаных у горадзе падзеяў», — упэўнены Руслан. Ровар дае шанец на большую колькасць такіх сустрэчаў.
«Раптам стрэліць паехаць за стары мост ці па 17 верасня, то так і еду.»
Змяніць маршрут можа званок ад каго-небудзь са шматлікіх прыхільнікаў Русланавай журналістскай дзейнасці. Там гарыць, там клад знайшлі, там дом бураць ці пілуюць дрэвы — Руслан заўжды «ў курсе» і не адмаўляецца ад гарачых тэмаў. Астатні час журналісту даводзіцца праводзіць за камп’ютарам. Бо навіны самі сябе не напішуць.
Колькі прыдзецца «накруціць» кіламетраў - залежыць ад дня. Але за сезон, па прыблізных падліках, Руслан праязджае не менш за 10 000 кіламетраў. Ён карыстаецца роварам 365 дзён на год. Так што «30 дзён» на ровары не былі для яго выклікам.
«Раней не мог сабе ўявіць, што буду так катацца, а зараз у многіх напэўна ўсталявалася асацыяцыя, што Руслан Кулевіч - гэта ровар. Сэнсам жыцця, напэўна, ён стаў».