У Гродне 26 чэрвеня падчас акцыі салідарнасці было затрымана пяць чалавек. У бліжэйшы час над імі пройдуць суды за адміністрацыйнае правапарушэнне — парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Сваякі і сябры распавялі пра затрыманых.
Да разгляду адміністрацыйных спраў у судзе, усе затрыманыя гродзенцы знаходзяцца ў ІЧУ на вуліцы Гая.
Аляксандр Хват
Гэта той хлопец, які каля хвіліны прастаяў каля аблвыканкаму з плакатам. Супрацоўнікі міліцыі яго затрымалі і пасадзілі ў аўтазак. З рэдакцыяй Hrodna.life звязаўся брат Аляксандра Дзяніс.
«Проста Чыкага. Брат — малайчына, пайшоў адзін як сапраўдны воін. Ён ведаў, на што ішоў, я ганаруся яго ўчынкам, таксама як і ўсе яго знаёмыя і сваякі. Нікому не падабаецца тое, што зараз адбываецца ў краіне, і людзі маўчаць не могуць».
Аляксандр працуе кіроўцам у Польшчы, але на час каранавіруса прыехаў у Гродна.
Яўген Грынь
Падчас затрымання хлопец паспеў паказаць два пальцы (распаўсюджаны знак, што азначае перамогу ці мір). Жонка Яўгена распавяла, што яны гулялі з ім у парку Жылібера. Яна карміла качак, а ён адышоў і быў затрыманы.
«Я ўжо бачыла, як яго вялі супрацоўнікі міліцыі, — кажа Hrodna.life жонка Наталля. — Засмучана, бо ніхто не сказаў прычыну затрымання. Уся сям’я перажывае і старэнькая бабуля ў тым ліку. Больш за ўсё хвалюемся ад невядомасці - ніхто не кажа, дзе яго трымаюць і дзе будуць судзіць. А так ён добры хлопец, не скажу што актыўна цікавіцца палітыкай».
Яўген працуе на гродзенскім гарбарным заводзе.
Дзмітрый Ціт
Дзмітрый Ціт быў адным з самых ціхіх гродзенцаў, якіх затрымалі ў той вечар. Ён стаяў і маўчаў, а калі падышлі супрацоўнікі міліцыі, то спакойна з імі прайшоў у аўтазак. Пра мужчыну распавяла Hrodna.life яго дзяўчына Аляксандра.
«Я павінна была быць з ім у той вечар, але ён не дазволіў пайсці. Пасля затрымання Дзмітрыя мне было цяжка, рукі апускаліся, але я ганаруся яго ўчынкам і лічу, што ён нічога не парушаў - проста стаяў. Ён за мірны пратэст, яго турбуе сітуацыя ў краіне, яму не падабаецца, што адбываецца цяпер. Ноччу пасля затрымання ён напісаў мне,
што яго не білі і што ён у ІЧУ на Гая. Агулам ён малайчына і так скажуць многія, з кім ён працуе».
Дзмітрый працуе майстрам цэха на адным з прадпрыемстваў горада.
Звязацца са сваякамі затрыманых Паўла Мількоўскага і Яўгена Амплеева пакуль не ўдалося. Калі пройдуць суды над затрыманымі, у міліцыі і судах не паведамляюць.