«Таемны пасажыр» Hrodna.life наездзіўся, правяраючы таксі, і зараз пачынае тэставаць аб’екты грамадскага харчавання. Спраўджваем якасць, хуткасць, смак, чысціню і іншыя паказчыкі ў кавярнях і рэстаранах. Па аўторках — замаўляем комплексныя абеды.
Для першага тэсту мы абралі адну з самых старых піцэрый у горадзе, якая прапануе наведвальнікам абедзенае меню.
Замову прынялі хутка
У 13:04 таемныя наведвальнікі ўжо былі ў холе кавярні, дзе чакалі калі ім адчыняць гардэроб. Пачакаўшы каля хвіліны, убачылі, што іншыя заходзяць у верхнім адзенні. Як высветлілася, распранацца трэба ў зале, а адзенне вешаць на вешалку.
Людзей у 13 гадзін няшмат.
У зале нас сустрэў афіцыянт з меню, ён правёў нас да століка. Абедзенае меню стаіць наўпрост на стале. Апроч яго афіцыянт пакінуў тры меню: барнае, меню з піццамі і з іншымі стравамі.
Абеды ў «Рэтра піцы» даюць у буднія з 12:00 да 16:00. У ім 14 пунктаў, восемь з якіх пазначаны зорачкамі. Уверсе меню інфармацыя: *Пры замове трох страў пазначаных зорачкамі пірог «Ароматный» у падарунак.
Праз 5 хвілін да нас падыйшоў афіцыянт гатовы браць замову. Зрабіўшы замову, мы набралі ажно 5 зорачак — трошкі не дацягнулі да двух пірагоў.
На стале і пад сталом
На стале стаіць соль, перац, дзве шляначкі з нейкімі вадкасцямі, зубачысткі і поўная сурвэтніца.
А пад сталом некалькі жувальных гумак.
Праз 3 хвіліны на стале з’явіўся суп, два напоі і сталовыя прыборы.
Тэмпература супа і ягоны смак парадавалі таемнага госця № 1, а вось сурвэтка, у якую былі абгорнутыя сталовыя прыборы, не.
У дадатак на адным з нажоў былі заўважыны нейкія дзіўныя плямы.
Астатні посуд і прыборы не выклікалі нараканняў.
Правяраем прыбіральні
Пакуль таемны № 1 еў смачны расольнік, таемны госць № 2, якому прыйшлося яшчэ 10 хвілін чакаць сваёй замовы, вырашыла праверыць жаночую прыбіральню. Прыбіральня чыстая. Вада цячэ з абодвух кранаў, але напор у адным з іх нават напоўніцу не надта моцны.
Вадкае мыла ёсць, фен для рук ёсць і ён працуе. Папяровых ручнікоў няма. Гарачая вада апынулася халоднай ды і напор у кране быў вельмі слабы.Грэцкі салат ці агароднінная нарэзка
Салаты і гарачыя стравы прынеслі ў 13:26, то бок праз 14 хвілін з моманту замовы. Да тэмпературы страў пытанняў не было. Але пакуль таемная наведвальніца ела салат, тэмпература пасты значна знізілася.
Грэцкі салат амаль не адрозніваецца ад звычайнай агародніннай нарэзкі: як і па выгляду, так і па смаку.
Тым часам наведвальнікаў станавілася больш.
У перапынку паміж першай і другой стравай мы праверылі мужчынскую прыбіральню.
У прыбіральні чыста, туалетная папера і ёршык на сваіх месцах, вадкае мыла таксама, фен для рук працуе, вада цяче. Папяровых ручнікоў няма.
Трошкі плям і павучок
Да чысціні самой залы ўзніклі пытанні. З аднаго боку «падваконніка» можна ўбачыць плямы.
З іншага, паназіраць за тым як працуе павучок.
Вынік: 42 хв і 13,14 руб
У 13:41 мы папрасілі нас разлічыць і ўжо праз дзве хвіліны афіцыянт прынёс чэк (з плямай).
Яшчэ праз 4 хвіліны забраў грошы і літаральна праз хвіліну прынёс рэшту. Праўда, без чэка. Яго прынеслі толькі па нашай просьбе — прыйшлося яшчэ пачакаць.
Увесь абед заняў 42 хвіліны і абышоўся ў 13,14 рублёў.
Спытаеце, як «Ароматный» пірог? А ніяк, бо нам яго не прынеслі. Чаму так выйшла, мы не запыталі, бо самі інфармацыю аб «акцыі» ў меню заўважылі толькі калі рыхтавалі матэрыял. Магчыма, проста забыліся, магчыма, палічылі, што дарыць пірог толькі аднаму з двух наведвальнікаў неяк непрыгожа і вырашылі не дарыць зусім.
З кавярні мы выйшлі сытыя, у час адведзенны на абед уклаліся. Сама кавярня з большага не пакінула ніякіх эмоцый. Кошт прымальны, абслугоўваюць хутка, ёсць з чаго выбраць, у тым ліку вегетарыянцам (але гэта не асобнае меню). А вось плямы, павукі і не зусім чысты нож пакінулі асадак.