Гродзенка Рыма Ушкевіч ходзіць у кавярні са сваім тэрмакубкам. Аднак не паўсюль ёй наліваюць ва ўласны посуд. Мы праверылі, дзе ў цэнтры горада пагаджаюцца зрабіць каву ў посудзе кліента. Санстанцыя не мае адназначнага адказу, ці такі продаж парушае санітарныя нормы.

У «Ці&Кава» грэюць кубак, а ў «Раскошы» бяруць на 18 капеек менш

Рыма Ушкевіч часта п’е каву. Першы раз ранкам дома, а пасля недзе ў горадзе бярэ «каву з сабой».

— Аднаразовая тара адразу робіцца смеццем. Калі гаворка пра адзін кубак, здаецца, што тут такога. Ну выпіў каву, ну выкінуў. А ты ўяві, што тое самае ў адзін дзень зробяць 500 чалавек у Гродне, а колькі па ўсёй краіне, — разважае Рыма.

“Іду туды, дзе наліваюць”. Дзе ў цэнтры Гродна адшукаць экасяброўскія кавярні?
Рыма Ушкевіч
Дзяўчына выступае за чыстую прыроду і памяншэнне колькасці смецця. Таму прыкладна год назад вырашыла зрабіць свой «кававы» крок да экасяброўства. Барысты часта ідуць насустрач. У «Ці&Кава» нават грэюць посуд, калі ён з марозу, а ў «Раскошы» робяць зніжку ў 18 капеек — гэта кошт папяровага кубка.
“Іду туды, дзе наліваюць”. Дзе ў цэнтры Гродна адшукаць экасяброўскія кавярні?
Кавярня «ЦіКава»
Аднак у кавярні «Просто кофе» і ў «Калабках» у парку Жылібера ёй адмовілі. Маўляў, гэта парушае санітарныя нормы. Прычым гэта залежыла не ад месца, а ад канкрэтных барыстаў: у адной і той жа кавярні ў розны час некаторыя налівалі, іншыя не.

— Я гатовая даплачваць за экасяброўства, — кажа гарадзенка. — Таму іду туды, дзе наліваюць. Ад тых кавярняў застаўся непрыемны асадак. Я не адчула, што мяне, як кліента, хочуць утрымаць.

«Тут вам не Еўропа»

Карэспандэнтка Hrodna.life таксама прайшлася па цэнтральных гарадзенскіх кавярнях са сваім тэрмакубкам.

— Так, канешне, давайце паспрабуем наліць у ваш кубак, — прыязна кажа дзяўчына ў кавярні «Шэкспір». — Вам з сіропам, цынамонам? Адно, што не ведаю, ці змесціцца ў кавамашыне па памеры. Вы першая, хто звяртаецца з такой просьбай.

Далей іду па маршруце парк Жылібера — Віленская вуліца — Савецкая — Замкавая. Ахвотна гатовыя наліць у тэрмакубак кліента ў кавярні «Ці&Кава», бары «Лондан», кавярнях «Раскоша», «Кавярня ў доме Хона Піка», «Наша кава», «Starlight».

“Іду туды, дзе наліваюць”. Дзе ў цэнтры Гродна адшукаць экасяброўскія кавярні?

У большасці месцаў кажуць, што такую просьбу чуюць упершыню, але выканаюць без праблем. Пра забарону так рабіць ім нічога невядома ні з правілаў установы, ні ад кіраўніцтва.

У кавярнях «Раскоша», «Наша кава», «Starlight» прызнаюцца, што дастаткова кліентаў прыходзіць са сваім посудам, асабліва турысты.

Ніхто з барыстаў не прапануе даплаціць і не дае зніжку, бо аднаразовыя кубкі ў большасці месцаў бясплатныя.

“Іду туды, дзе наліваюць”. Дзе ў цэнтры Гродна адшукаць экасяброўскія кавярні?
«Наша кава», фота з архіву HL
Катэгарычна адмаўляецца ад ідэі прадавачка ў кавярні крамы «Ратушны»: «Нам забаронена наліваць у іншы посуд».

Барыста «Просто кофе» Яўген прапануе нібы кампраміс: зрабіць каву ў аднаразовы кубак, а пасля кліент сам можа пераліць напой у свой посуд. Хлопец спасылаецца на ўнутраныя правілы ўстановы:

— Наш посуд чысты. Аднаразовыя кубкі запакаваныя, у іх я ўпэўнены. А калі чалавек прыйдзе са сваім посудам, невядома, ці няма ў ім чагосьці [шкоднага — заўв. Hrodna.life]. Раптам ён атруціцца, а пасля паскардзіцца на нашую ўстанову ў суд, — Яўген кажа, што ведае пра такія выпадкі.

“Іду туды, дзе наліваюць”. Дзе ў цэнтры Гродна адшукаць экасяброўскія кавярні?

Барыста тлумачыць, што ён супраць такіх эксперыментаў з посудам і па правілах кавярні, і па асабістых перакананнях. Праўда, адразу назваць пункт у законе, які б забараняў наліваць каву ў кубак кліента па санітарных прычынах, не можа.

— Тут вам не Еўропа, — упэўнены Яўген. — У іх, напрыклад, ёсць дазвол гатаваць ежу на продаж дома. Аднак да першага атручвання. Пасля цябе пазбаўляюць дазволу на дзейнасць на пяць год.

Катэгарычнай забароны няма

Як патлумачыла ўрач-гігіеніст аддзялення гігіены харчавання Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццяна Хартановіч, у санітарных правілах няма катэгарычнай забароны наліваць каву ў асабісты кубак пакупніка.

— Аднак для раздачы ў арганізацыі спажывання гатовых страваў павінен выкарыстоўвацца чысты і сухі посуд, у тым ліку аднаразовы. Паўторна выкарыстоўваць аднаразовы посуд забаронена. Гэта прадугледжвае пункт 111 «Санітарна-эпідэяміялагічных патрабаванняў для аб’ектаў грамадскага харчавання», зацверджаных Міністэрствам аховы здароўя Беларусі 10.02.2017 № 12, — кажа ўрач-гігіеніст.

Акрамя таго, па правілах гандлю, забараняецца водпуск харчовай працукцыі ў брудную тару пакупніка і друкаваную макулатуру (п. 180 Санітарных нормаў і правіл «Эпідэміялагічныя патрабаванні для арганізацый, якія ажыццяўляюць гандаль харчовай прадукцыяй», зацверджаныя пастановай Міністэрствам аховы здароўя Беларусі 28.82 012 года № 132).

Падобна, што тыя, хто адмаўляецца наліваць каву ў кубак кліента, абапіраюцца на выснову: «не магу праверыць — значыць, посуд патэнцыйна брудны».

У «папяровым» кубку ёсць пластык, а ў крышцы — канцэрагены

У Беларусі ўжо дзейнічае кампанія за свае кубкі ў кавярнях «My cup, please» («Мой кубак, калі ласка»). Да яе далучыліся каля 30 кавярняў: большасць у Мінску, ёсць па адной у Віцебску, Барысаве, Рэчыцы. Гродна на мапе не адлюстраваны.

“Іду туды, дзе наліваюць”. Дзе ў цэнтры Гродна адшукаць экасяброўскія кавярні?

Ініцыятары кампаніі тлумачаць, што ў склад нават «папяровага» кубка ўваходзіць пластык. Акрамя таго, дзеля іх вырабу ў свеце вырубаюць 20 мільёнаў дрэваў штогод.

Крышачку робяць цалкам з палістэролу. Ён кепска перапрацоўваецца і можа ўтрымліваць канцэрагены, якія пяройдуць у напой пры нагрэве. Сам кубак звонку пакрыты паліэціленавай плёнкай, каб вадкасць не працякала. Такі кубак нельга перапрацаваць, таму што папярэдне трэба аддзяліць паперу ад пластыку. А гэтым у рэальнасці ніхто не будзе займацца.