У снежні ў гістарычнай частцы Гродна адкрыецца новы рэстаран з відам на Стары замак і Нёман. Інтэр'ер будзе часткова ўпрыгожаны нацюрмортамі, прысвечанымі Льву Баксту. У гонар 150-годдзя вядомага мастака — ураджэнца Гродна, уладальнік вырашыў назваць рэстаран імем Бакста.

Рэстаран адкрыецца на першым паверсе ў новым будынку, які ўзвялі на вуліцы Замкавай, каля сінагогі і пажарнай каланчы.

«На жаль, мы — гродзенцы — мала ведаем сваю гісторыю, а гэты год асамблея ЮНЭСКА абвясціла годам Бакста. Таму мы палічылі, што наш рестаран павінен насіць імя славутага земляка. Старое месца, побач сінагога і рэстаран «Бакст» у габрэйскім раёне — думаем, будзе многім даспадобы.

Але варта адзначыць, што гэта не ўстанова прысвечаная Баксту, мы не робім музей і не прэтэндуем на гэта. Будзе проста лёгкі нацюрморт, прысвечаны стылю мастака. Галоўнае, каб наведвальнікам было ўтульна, цёпла і цікава", — распавяла ўладальніца ўстановы Аксана Гуліева.

Вядома, што ў рэстаране будуць падавацца стравы, як агульнаеўрапейскай, так і беларускай, літоўскай ды яўрэйскай кухні. Уладальніца ўстановы абяцае дэмакратычныя цэны, даступнасць кожнаму, а таксама напоі і ежу на вынас.

Вясной рэстаран «Бакст» мае адкрыць веранду з відам на Нёман і Стары замак.