Мясцовыя ўлады ў Гродне зноў звярнулі ўвагу на палац тэкстыльшчыкаў - вялікі будынак у самым цэнтры, які пустуе. На нядаўняй нарадзе, прысвечанай развіццю турызму, старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў даручыў да канца года распрацаваць праекта адбудовы палаца. Краўцоў хоча, каб у маі 2020 года палац у абноўленым выглядзе сустракаў гасцей чарговага Фестываля нацыянальных культур.
Тэкстыльнага камбіната даўно няма ў Гродне. Палац збіраліся аднавіць ужо не адзін раз. Узгадаем гісторыю яго будаўніцтва.
Што было тут раней
Летам 1944 г., калі савецкія войскі ўваходзілі ў Гродна, ваколіцы цяперашняй Савецкай плошчы (раней плошча Стэфана Баторыя) ляжалі ў руінах. Дамы, на месцы якіх знаходзіцца палац тэкстыльшчыкаў, згарэлі ў час нямецкай бамбардзіроўкі ў чэрвені 1941 г. Яшчэ год яны прастаялі пагарэлыя з пустымі сценамі, а пасля немцы сталі выганяць на разборку руін вязняў гродзенскага гета. Да пачатку 1943 г. ад большасці велічнай забудовы Савецкай плошчы засталіся толькі кучкі бітай цэглы.Раней тут было на што паглядзець. На куце Савецкай плошчы і Замкавай вуліцы стаяў так званы Замкавы двор, трохпавяховы будынак закладзены недзе ў 16 ст. Менавіта тут жыў Стэфан Баторый, пакуль для яго будаваўся-рэканструяваўся Стары замак.
Далей у бок тытунёвай фабрыкі (цяпер пальчаткавая фабрыка) ішлі камяніцы 17 — 18 ст. з прыгожымі аркамі, пад якімі знаходзіліся крамы.Без «архитектурных излишеств»
Савецкія архітэктары хацелі ўзвесці на пустой амаль плошчы нешта грандыёзнае. І палац культуры тэкстыльшчыкаў мусіў стаць толькі пачаткам. Завяршаць забудову плошчы мусіў палац саветаў са шпілем з зоркай.Сам палац тэкстыльшчыкаў - гэта тыпавы праект клуба на 450 месцаў, які рэалізаваны ў досыць многіх гарадах былога СССР. Цікавасць нашага палаца ў тым, што на ім часткова рэалізаваны дэкор у стылі сталінскага ампіру — найперш порцік з карынфскімі калонамі. Аднак поўнасцю аздобіць будынак бетоннымі сцягамі, гербамі і сярпамі-молатамі ўжо не ўдалося, бо маскоўскія ўлады акурат забаранілі «архитектурные излишества» на будынках на карысць будовы як мага большай колькасці хрушчовак.
500 аўтамабіляў «Перамога»
Праўда і без гэтага палац абыйшоўся дзяржаве ў 12 мільёнаў рублёў. Гэта не так і дорага — ўсяго крыху больш чым 500 аўтамабіляў «Перамога» па тагачасных коштах. Будова палаца тэкстыльшчыкаў цягнулася некалькі гадоў. Сам будынак узводзілі з цэглы, але перакрыцці ўнутры ўжо былі зроблены з цэменту.Будынак урачыста адкрылі на дзень кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1959 г. і наступныя амаль сорак гадоў палац тэсктыльшчыкаў быў адным з цэнтраў гарадскога жыцця. Гурткі самадзейнасці для рабочых і пенсіянераў, канцэрты, спектаклі, пасля дыскатэкі. Усё гэта адбывалася тут. Нават некаторыя з будучых салістаў «Песняроў» пачыналі сваю кар’еру ў гэтым будынку.
Ці паспеюць з рамонтам?
Апошнія гады існавання палацу ўжо былі не такія вясёлкавыя. Ужо гадоў з 10 у газетах публікуюцца праекты перабудовы палацу то пад кінатэатар, то пад нейкую ўстанову з рэстаранам, то яшчэ пад нешта.
Цяпер справа ягонай перабудовы павінна рушыць хутка. Праўда, ці хопіць грошай і часу на тое, каб крыху больш чым за год капітальна адрамантаваць гэты будынак — пакажа толькі сам час.