Пірог з ласосем, слойкі з садавінай ці тварожныя вафлі – давайце адзначым Сусветны дзень выпечкі па-сапраўднаму. Гэта значыць – знойдзем просты рэцэпт, спячом нешта дома і пачастуем родных і сяброў. Сёлета Дзень выпечкі адзначаюць 19 траўня. Выбірайце рэцэпт ад цёці Іры і разам зробім сабе свята!
Пірог са слаёнага цеста з ласосем і брокалі

Складнікі:
- Слаёнае цеста (1 упакоўка) – 250 г;
- Брокалі 150 – 200 г;
- Квяцістая капуста – 100 – 150 г;
- Ласось – 300 г;
- Брынза (лепш салёная) – 70 г;
- Яечны жаўток – 1 шт;
- Кунжут – 1 сталовая лыжка;
- Соль – на смак.
Разбіраем брокалі і квяцістую капусту на суквецці. Варым у злёгку падсоленай вадзе 7-10 хвілін. Па гатоўнасці ваду зліваем.
З рыбы выдаляем костачкі, здымаем скурку і рэжам на невялічкія кавалкі па 2-3 см даўжынёй.
Брынзу кроім нажом ці крышым пальцамі.
Гатовае замарожанае цеста пакідаем пры пакаёвай тэмпературы для размарозкі.
Форму для выпечкі засцілаем пергаментам ці фольгай і выкладаем цеста па донцы і сценках. Частку цеста трэба пакінуць, каб закрыць пірог.

Паверх цеста выкладаем у форму спачатку сумесь брокалі з квяцістай капустай, потым слой ласося, потым – слой брынзы. Зверху закрываем апошнім кавалкам цеста і зашчыпваем край. Па версе пірага робім некалькі касых надрэзаў.
Каб дадаць пірагу смаку і водару, прамажам верх жаўтком і пасыплем кунжутам.
Выпякаць у духоўцы пры 180 градусах. На першыя 20 хвілін лепш накрыць форму фольгай. На наступныя 10 мінут фольгу зняць, каб зарумянілася скарынка.
Глядзіце таксама пакрокавы рэцэпт з фота.
Тварожныя вафлі з вяршкамі і мандарынамі

Складнікі:
- Тварог – 360 г (2 пачкі);
- Яйкі – 4 шт.;
- Масла – 30 г;
- Цукар (ці замяняльнік) – 70 г;
- Мука – 90 г;
- Разрыхляльнік для выпечкі – 1 ч.л.;
- Ванілін ці ванільны цукар – на смак;
- Соль – на смак;
- Вяршкі 30% (па жаданні);
- Садавіна ці ягады да падачы.
Масла трэба растапіць і дадаць да тварагу. Туды ж убіць яйкі і ўсыпаць цукар і ванілін. Змяшаць блэндарам.
Да мукі дадаць разрыхляльнік. Гэтую сумесь высыпаць у ёмістасць з тварагом. З дапамогай блэндара перамяшаць да аднастайнасці. Цеста мае атрымацца ўмерана густым.
Вафельніцу нагрэць, паверхні змазаць алеем. Выкладваць цеста ў формы і выпякаць па 3–5 хвілін.
Пакуль выпякаюцца вафлі, зоймемся вяршкамі. Іх трэба ўзбіць міксерам да ўстойлівай пены.
Дадаткам да вафель з узбітымі вяршкамі будзе любая садавіна, ягады ці сочыва.
Глядзіце таксама пакрокавы рэцэпт прыгатавання тварожных вафель з фота.
Слойкі з трускалкамі і садавінай

Складнікі:
- Слаёнае цеста ў пласцінах – 500 г (1 упакоўка);
- Трускалкі – 150 г;
- Крухмал – 2 сталовыя лыжкі;
- Цукар – 2 сталовыя лыжкі (не абавязкова);
- Апельсін – палова;
- Ківі – 1 шт.;
- Жаўток курынага яйка – 1 шт.
Цеста раскласці пластамі і даць размарозіцца. Парэзаць на квадраты. На кожным квадраце зрабіць надрэзы ўздоўж кожнага бока на адлегласці 1 см ад краю. У двух кутах па дыяганалі не даразаць да канца па 0,5 см. Скласці надрэзаныя палосы дыяганальна.

Бляху засцяліць пякарскай паперай. Пакласці слойкі. У кожную ўсыпаць троху крухмалу і цукру. Крухмал патрэбны, каб сок з трускалак не размачыў цеста. Калі начынне будзе не з такіх сакавітых ягад, можна абысціся без крухмалу.
Жаўток узбіваем венчыкам да аднароднасці. Змазваем верхні слой цеста.
Выпякаем слойкі пры тэмпературы 160-180 градусаў, 20-30 хвілін, у залежнасці ад духоўкі.
Пакуль слойкі пякуцца, падрыхтуем садавіну. Ківі ачысцім і парэжам паўколцамі. Апельсін – на сегменты.
Гатовыя слойкі выкладзем на талерку і ўпрыгожым кавалачкамі апельсіна і ківі. Можна падаваць.
Глядзіце пакрокавы рэцэпт слоек з фота.
Смачна есці!
Чытайце таксама:



