13 лістапада ў Гродна знеслі чарговыя драўляныя пабудовы міжваеннага перыяду. І калі пра разбурэнне дома на Свярдлова напісалі многія, то знос дома на 17 Верасня прайшоў амаль незаўважна.
За паўмесяца гарадскія службы знеслі чатыры старыя дамы. На думку чыноўнікаў пад знос ідуць менавіта старыя будынкі, якія непрыдатныя для пражывання. Пра тое яшчэ ў пачатку жніўня казаў першы намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Жук.
Нягледзячы на выказванні чыноўнікаў, гродзенцы асцерагаюцца, што такімі тэмпамі будаўнічая тэхніка дабярэцца да сэрца Новага Свету, большая частка якога пабудавана з дрэва. Заклапочанасць выклікаюць у першую чаргу дамы на вуліцах 17 Верасня, Міцкевіча і Горкага.
Актыўныя гродзенскія блогеры, якія цікавяцца гісторыяй, выказалі сваё меркаванне з нагоды апошніх разбурэнняў ў гістарычным цэнтры Гродна.Мечыслаў Супрон
«Дамы, якія пайшлі пад знос, апынуліся нікому не патрэбнымі, на жаль. Нормы права ў нашай краіне робяць усё, каб драўляныя будынкі з цэнтраў гарадоў проста зніклі. Па-першае, вельмі складана прыстасаваць драўляны дом пад офіс або якую-небудзь установу: гэта складана зрабіць па супрацьпажарных нарматывах. Па-другое, большасць драўляных дамоў царскага або міжваеннага перыяду знаходзіцца на балансе мясцовага ЖЭСа: калі ўзнікае пытанне капітальнага рамонту падобнага жылля, то ўладам прасцей яго знесці. Па-трэцяе, псіхалогія людзей. Насельніцтва горада — у асноўным выхадцы з вёскі ў другім-трэцім пакаленні, і ў свядомасці такіх людзей драўляная архітэктура асацыюецца з вёскай, якой яны цураюцца і ад якой на падсвядомым узроўні імкнуцца адмежавацца».
Яўген Аснарэўскі
«Два апошнія дамы безумоўна мелі мастацкую выразнасць і ўяўлялі пэўную гістарычную каштоўнасць. Пабудовы мелі высокія каменныя цокалі, характэрныя для міжваенных дамоў, і іншыя цікавыя элементы. Ну і вядома — досыць салідны для такіх дамоў узрост. Аднак гэта не спыніла чыноўнікаў.
Думаю, асноўнай прычынай была перакананасць у тым, што гэтыя пабудовы нікому не патрэбныя і не змогуць быць запатрабаваныя на аўкцыёне. Вельмі падобных пабудоў шмат, да прыкладу, у Таліне, які ў архітэктурным плане развіваецца вельмі дынамічна, аднак і цэлыя прадмесці старадаўніх драўляных дамоў працягваюць існаваць. Але дзе гродзенскія чыноўнікі і дзе Талін.
Тым не менш, на мой погляд, шматгадовая актыўнасць гісторыкаў усё ж аказвае сваё дзеянне. Калі б не яна, чыноўнікі ўжо даўно знішчылі б значную частку Новага Свету, у тым ліку і найбольш каштоўныя ўзоры драўлянага дойлідства горада. Ды і, акрамя таго, важны сам факт пратэсту супраць знішчэння спадчыны, бо ён застанецца ў гісторыі. Так што гісторыкам і проста неабыякавым мае сэнс працягваць змагацца за стары Гродна".
Абяцаюць аднаўляць
Нядаўна мы распавядалі, як у Гродне на вуліцы Чкалава жыхар пачаў рамантаваць драўляны дом міжваеннага перыяду, які перажыў пажар і разбурэнні. Але гэты прыклад чыноўнікам падаўся непераканаўчым і знос старых пабудоў у Гродне прадоўжыўся. Адзінае, што сказаў Андрэй Жук на апошнім абмеркаванні экалагічнага дакладу па генплане Гродна: усе знесеныя пабудовы будуць адноўлены, толькі з сучасных матэрыялаў.