«У 19 год у мяне на рахунку было 7 тысяч еўра, у 22 — 500-ы Мерсэдэс „S“ класа. Зараз мне 27, я займаюся толькі музыкай, у кішэні часам 5 рублёў і больш нічога». Гродзенец Пётр Клюеў — самы адкрыты суразмоўца «Арт Сядзібы». Ён шчыра распавёў пра развод з жонкай, стасункі з бацькам, алкаголь, чаму перадумаў ісці ў ксяндзы ды іншыя рэчы.

«Альбо канцэрты і стадыёны, альбо сыход у небыццё»

Пётр Клюеў у складзе гурта «Амплітуда смеласці» прайшоў у чвэрць фінал украінскага шоу «Х-Фактар». Назву музычнай камандзе даў верш Рыгора Барадуліна, а склад бэнда сапраўды смелы і зорны: Пётр Клюеў — вакал, клавішы (удзельнік і пераможца шматлікіх беларускіх і замежных музычных конкурсаў), Аляксандр Старажук — бубны, перкусія («Ляпіс Трубецкой», Trubetskoy), Руслан «Пан» Уладыка — гітара («Ляпіс Трубецкой»), Сяргей Адамовіч — бас (удзельнік розных кавэр-гуртоў). Цяпер артсядзібавец шмат часу праводзіць у Кіеве: хоча максімальна выкарыстаць магчымасці тамтэйшага шоу-бізнесу.

[irp posts="2457″ name="Гродзенец Пётр Клюеў пра «Х-фактар»: «Для музыкі гэта проста амерыканскія горкі""]

Той, хто хоць троху знаёмы з Пятром асабіста, добра ведае: да музыкі ён ставіцца адказна і амбітна.

«У мяне толькі два шляхі: альбо ўзлёт, канцэрты і стадыёны, альбо сыход у небыццё», — кажа хлопец.

З першага погляду можа падацца, што ён альбо заляцаецца, альбо красуецца. Аднак далей разумееш, што чалавек проста жыве сваёй справай.

«Чаму многія з музыкі сыходзяць? Яны не вытрымліваюць: калі ты за карпаратыў зарабіў 300 баксаў, а інвеставаць у сябе мусіш 3000! Многія ідуць працаваць у фірму, маючы талент у музыцы. У творчасці перамагае не талент, а ўпартасць», — тлумачыць сваю пазіцыю Пётр.

Калі яму было 6 гадоў, бацькі запрасілі настаўніка музыкі дахаты (пра дасканалае выхаванне нашага героя вы даведаецеся крыху пазней). Але тады хлопчык захапляўся шахматамі і тэнісам ды ад сальфеджыо з інструментазнаўствам адмовіўся. Пачатак ягонай музычнай кар’еры быў рамантычны. Яму спадабалася дзяўчына, якая любіла фартэпіянную музыку. Каб пакінуць уражанне, 15-гадовы Пётр Клюеў сказаў маці, што хоча граць на фартэпіяна.

За год Пётр вывучыў праграму музычнай вучэльні і некаторыя п’есы кансерваторыі, а пра сваю натхняльніцу… і думаць забыўся.

«Я стаў выбіраць паміж музыкай і тым, каб стаць святаром. Калі я закахаўся ў дзяўчыну, зразумеў, што цэлібат не вытрымаю», — жартаўліва кажа хлопец.

Калі ў 2011 годзе Пётр пераехаў з Гродна ў Мінск, прыбытак з ягонага першага канцэрта ў Палацы Рэспублікі быў «мінус 3000 $» (на музычным жаргоне кажуць «уляцеў»). Сёння ён выступае на карпаратывах і мерапрыемствах некалькі разоў на тыдзень. Калі Пятра запрашаюць выступаць на вяселлі, то просяць зайграць песню «Асцярожна, лістапад» на верш Генадзя Бураўкіна ў якасці першага танца.

[irp posts="12 796″ name="Пётр Клюеў: «У беларусаў дзве праблемы — нелюбімая праца і дрэнны сэкс""]

Мала хто задумваецца пра адваротны бок медаля жыцця музыкаў:

«Я магу граць на фартэпіяна 8 гадзін без перапынку. Пасля забіраю дачку з садка, вязу класці яе спаць, пасля на рэпетыцыю да другой ночы, а ў палову на трэцюю — „карпарат“: выступаю апошні на vip-п'янцы. Там граю да пятай, а восьмай ужо трэба ўставаць», — расказвае хлопец пра свой лад жыцця.

У «адным пакеце» з вялікай нагрузкай ідзе і іншы атрыбут рок-н-рольнага жыцця.

«Канешне, лепей было б без алкаголю, але я амаль не ведаю людзей, якія ў нашым рэжыме абыходзяцца без „допінгаў“, — шчыра гаворыць музыка. — Маю асобу стварае канфлікт. Пётр Клюеў, выкладчык і бацька, ды Пеця, які „пад віскі“ стаіць на сцэне, але трымае марку, бо імя не дазваляе, ды можа завіснуць да раніцы ў бары. Калі б не было рок-н-рольшчыка, быў бы адзін батанік. А калі б не было таго батаніка, то рок-н-рольшчык забіў бы Пецю фізічна».

Калі Пятру будзе 60 гадоў, ён таксама будзе ў спартовым касцюме з «Пагоняй» «дзыгаць» са сцэны.

«Зараз майму сябру, барабаншчыку Аляксандру Старажуку, 58 гадоў. Ён легендарны чалавек: граў з Антонавым, Фінбергам, „Ляпісамі“. На сцэне мне і яму па 18: віскарок, ха-ха, хі-хі, паглядзець пад спадніцу, але ў працы ён сур’ёзны і патрабавальны», — ні на хвіліну не задумваецца мой суразмоўца.

Пётр не хавае, чым для яго абярнулася самавызначэнне ў музыцы. У 19 год у яго было 7 тысяч еўра на рахунку, праз тры гады — 500-ы Мерсэдэс «S» класа, яшчэ праз нейкі час — тры хостэлы. Сёння — у кішэні бывае 5 рублёў. Частку маёмасці прыйшлося прадаць, каб укласці ў здымкі кліпа. Але грошовыя страты не самыя страшныя.

«Дачка ўбачыць, што яе тата — фірмач!»

«Маё стаўленне да кар’еры часткова і знішчыла маю сям’ю. Я заплаціў касмічны кошт за тое, што займаюся музыкай, — гаворыць Пётр. — Мы ў выдатных стасунках з былой жонкай, яна цудоўны чалавек. Яна і так малайчына, што столькі год са мной пратрымалася. Я не ведаю, ці калі-кольвек зноў ажанюся. Мая жанчына — мая кар’ера, а дачка — адзіная любоў».

З будучай жонкай ён пазнаёміўся на канцэрце ў Мірскім замку пасля вяртання з навучання ў Італіі. Закахаўся па вушы ды паставіў сабе мэту заваяваць дзяўчыну.

Сямейнае жыццё ўласна і перанесла хлопца ў 2011 годзе з Гродна ў Мінск. Тады Пётр Клюеў і далучыўся да каманды «Арт Сядзібы»: шукаў беларускае асяроддзе ў новым месцы.

Пасля разводу мой суразмоўца стараецца спраўна выконваць бацькоўскія абавязкі. Забірае чатырохгадовую дачку з садка, праводзіць з ёй шмат часу, зрэдку бярэ з сабой на гастролі і нават прадставіў Генадзю Бураўкіну.

«Дачка вырасце, пабачыць, што яе тата фірмач. Яе сяброўкі будуць афігеваць!» — з захапленнем гаворыць тата-музыка.

Пётр Клюеў: «Маю асобу стварае канфлікт: інтэлектуальны батанік і ўгарны рок-н-рольшчык»

«Я не мог пайсці спаць, не пацалаваўшы маму»

У многім прыклад адносінаў у сям'і Пётр браў з уласнага бацькоўскага дома. Там па нядзелях не маглі не пайсці ў касцёл, а есці нават у буднія дні сядалі разам.

Бацька Пятра Клюева — чэмпіён СССР па пяцібор'і: стральба з пісталета, бег, плаванне, фехтаванне, язда на кані. Некалькі год запар у Мінску яго ніхто не мог абагнаць у плаванні вольным стылем на сто метраў. Таленавітага спартоўца чакала бліскучая алімпійская кар’ера!

Пасля Акадэміі фізкультуры ён на год трапіў у войска ў Гродна. Аднойчы ён атрымаў траўму і трапіў у вайсковы шпіталь. Маці Пятра Клюева працавала там фельдшаркай. Так пачалося каханне. Бацька Пятра кінуў Мінск, пераехаў у Гродна ды ўладкаваўся настаўнікам плавання ў гімназію. Праз некаторы час ён звольніцца і адтуль, каб весці справы сваёй жонкі.

Пётрава маці скончыла медвучылішча і медакадэмію ў Польшчы. Яна вывучала ірыдалогію, метад, з дапамогай якога можна выявіць хваробы паводле зменаў у колеры радужнай абалонкі вока. Яна беспамылкова ставіла дыягназы.

«Мама казала, палова справы — прымусіць чалавека паверыць у сваё вылячэнне. Яна паводзіла сябе, як анёл! Да яе прыходзілі проста пагаварыць. Гэтым яна сябе моцна спаліла», — распавядае Пётр.

Музыка ўзгадвае, як каля іх дома чакала па 40 пацыентаў і яго не пускалі, маўляў, «займайце чаргу!»

«Яна адчувала смерць і казала мне, што хутка памрэ. Але зазначала, што гэта яшчэ не канец», - гаворыць Пётр.

Ягоная маці ніколі не давала інтэрв'ю. З-за гэтага па горадзе хадзілі чуткі, што жанчына -экстрасэнс. Насамрэч, спадарыня Леакадзія была набожнай каталічкай. На яе пахаванні быў муфтый, праваслаўныя святары, пратэстанскія пастыры, ксяндзы і равін — усе ейныя пацыенты.

«Вольны час мама прысвячала толькі нам. У мяне дзяцінства было залатое. Плацінавае!» — кажа мой суразмоўца.

У бацькоўскім доме было немагчыма, каб нехта прапусціў сняданак ці вячэру: круглы стол, малітва, супольны прыём ежы: у буднія, а восьмай, у выходныя — а дзясятай. Па нядзелях не існавала прычыны, з-за якой нехта мог бы прапусціць імшу ў касцёле. Маці Пятра любіла прымаць гасцей (у іх доме яны былі частай з’явай) ды сама хадзіла на вечарыны ў рэстаран «Кронан-парк гатэль».

Пётр Клюеў: «Маю асобу стварае канфлікт: інтэлектуальны батанік і ўгарны рок-н-рольшчык»

«Я не мог пайсці спаць, не пацалаваўшы маму. Нават калі мы ўжо з жонкай прыязджалі. Нават калі я п’яны вяртаўся, — прызнаецца Пётр. — Ад бацькі мне гэтага не хапіла. Мы зблізіся толькі пасля смерці мамы».

У 16 год наш герой пакінуў родны дом ды падаўся за мяжу. Пётр Клюеў атрымаў стыпендыю ў Аўстрыі. Там ён вывучаў філасофію. Пасля быў Ватыканскі ўніверсітэт у Рыме.

«Да 17 год майго злога „я“ не было. Я саромеўся слова „сэкс“, баяўся запаліць папяросу, я быў батанікам, — расказвае музыка. — У Аўстрыі мая мянушка была „Baby Peter“, бо мае аднакурснікі былі нашмат старэйшыя за мяне. Я хадзіў у гарнітуры. Там у мяне ўсё адбылося першы раз…».

Мама тэлефанавала сыну кожны дзень. Калі Пётр прыязджаў на вакацыі, у доме было свята.

«Чаму не вяртаюцца студэнты? Таму што іх не чакаюць! 21-га снежня я сядаў у Рыме на самалёт. Мама з татам ехалі з Гродна ў мінскі аэрапорт, каб мяне сустрэць, там адразу мы ішлі ў рэстаран. Сын прыехаў! Госці былі штодзень: прыходзілі паглядзець на Пецю з Італіі. Я адчуваў, што мяне любілі», — узгадвае артсядзібавец.

У сям'і наш герой атрымаў яшчэ адну навуку, якая ў многім вызначыла ягонае жыццё.

«Mój Ptyśku»

«Польскі нацыяналізм навучыў мяне быць беларусам», — кажа музыка. Здаецца, такое таксама магчыма толькі ў Гродна. Маці Пятра ад ягонага нараджэння размаўляла з ім па-польску ды звярталася «Mój Ptyśku» (з польскай — «мая мордачка»).

«Я вырас у вельмі нацыяналістычным асяродку. Маміна бабуля, калі пачуе ад мяне расійскае слова, рэагуе так, быццам я лаюся матам. Яна жыве каля літоўскай мяжы: у іх гадзіннікі ідуць па польскім часе», — расказвае музыка.

Нядзіўна, што ягонага бацьку тут успрынялі ў штыкі. У вачах сваякоў будучай жонкі адсутнасць шкодных звычак у спартовага юнака кампенсавалася яго ўсходнім паходжаннем: тут жыхары Мінску ўспрымаюцца не інакш, як рускія.

Калі ў 91-м годзе здарыўся Жнівеньскі путч, іх сям’я была ва Чанстахове. Бацька Пятра сказаў «застаемся тут». Маці ўпёрлася, бо бачыла сваё жыццё толькі на радзіме, у Гродна.

Пятра аддалі ў польскамоўную 36-ую школу. У першыя шэсць год навучэнне было не толькі цалкам на польскай мове, але і польскім па духу: у класах віселі партрэты Пілсудскага, бацькі і дзеці паміж сабой камунікавалі па-польску, а большасць настаўнікаў былі грамадзянамі Польшчы. Пётр Клюеў узгадвае мітынгі напярэдадні яе адкрыцця: усёй сям’ёй яны стаялі з беларускім (бел-чырвона-белым) і польскім сцяжкамі ў руках.

Пётр Клюеў: «Маю асобу стварае канфлікт: інтэлектуальны батанік і ўгарны рок-н-рольшчык»

«Рускую мову ўвялі са скандалам пасля таго, як яна ўжо трэці год была дзяржаўнай», — распавядае Пётр. Разам з мовай польскія сцягі ў класах замянілі на афіцыйную сімволіку Беларусі, а педагогаў з Польшчы — на мясцовых.

«У дзявятым класе я пачаў задумвацца, чаму ўсе размаўляць па-руску. Нешта тут не так», — працягвае Пётр пра шлях да нацыянальнага самавызначэння.

Аднакласнік Аляксей Шота запрасіў нашага героя ў Палац творчасці дзяцей і моладзі ў краязнаўчы гурток. Гэты асяродак выхаваў нямала патрыётаў Гродна і Беларусі. У канцы школьнага навучання Пётр ужо лічыў сябе «змагаром». Аднойчы ён нават паўдзельнічаў у дыверсіі: таемна перад кабінетам дырэктара падмяніў афіцыйны сцяг на бел-чырвона-белы.

«Старэйшых людзей я не асуджаю: яны ўхапіліся за польскасць, каб абараніцца ад камунізму. Мне не зразумелыя маладыя людзі, якія ведаюць „Пагоню“, беларускую мову, нашу гісторыю, але ангажуюцца ў польскую культуру», — падсумоўвае Пётр Клюеў.

Польскую мову і грамадазнаўчыя навукі ён выкладае ў непрызнаным Коласаўкім ліцэі.

Не гледзячы ні на што, ён шчаслівы, бо абраў свой шлях і ведае, для чаго жыве. Музыка лічыць, што самае важнае для чалавека, — максімальна самарэалізавацца.

«Выйсці з зоны камфорту ды задаць сабе пытанне: для чаго ты жывеш? Але як яго задаць, калі бацькі нічога не казалі? Я вельмі хачу, каб чалавек пачуў мае словы, трапіў на мой выступ. Важна заўжды мець адчыненыя розум і сэрца», — дзеліцца Пётр Клюеў.