Людзі і справы

Гродзенка паехала ў Егіпет без грошай з двума дзецьмі - вучыць чужых дзяцей анатоміі

Паляцець у Егіпет з двума дзецьмі, без грошай і зваротнага білета, забяспечыць сябе і перамагчы страх глыбіні. Усё гэта рэальна, калі вельмі захацець. Пра сваё незвычайнае падарожжа блогу «Суполка» расказала гродзенка Таццяна Валошчык.

У Егіпет без зваротнага білета

Падарожжа Таццяны пачалося са званка сяброўкі, якая сама даўно падарожнічае з сям’ёй: паўгода ў Нарвегіі, потым — Ізраіль, Егіпет.

«Тэлефануе мне неяк і кажа: «Таня, тут вельмі вялікая рускамоўная супольнасць, у цябе такія класныя заняткі, тут можна іх праводзіць». Яна прапанавала пазычыць грошай на дарогу.

Таццяна — гродзенка, ёй 42 гады. Скончыла ГрДУ як педагог-псіхолаг, але не працавала па спецыяльнасці. Пры гэтым з дзецьмі займалася з самага заканчэння ўніверсітэта, ужо каля 20 гадоў. Маці чацвярых дзяцей, аўтарка некалькіх курсаў заняткаў па развіцці для дзяцей, сузаснавальніца прыватнай дзіцячай экастудыі «Ветка» ў Гродне.

Таццяна Валошчык. Крыніца: «Суполка» (фота з асабістага архіва гераіні)

Чытайце таксама: «Развівашкі адпачываюць». Павялі дзяцей у лес, забралі мабільнікі і далі волю. Як гарадзенскія інструктары выхоўваюць заваёўнікаў вяршыняў

Ляцець з Беларусі было надта дорага, шлях праз Еўропу — прасцейшы і больш даступны па грошах, але патрэбны «шэнген». Таццяна ўзяла дваіх малодшых дзяцей — чатырохгадовага сына і дзесяцігадовую дачку — і паехала з імі спачатку ў Мінск, потым у Маскву, адтуль — чартарным рэйсам у Егіпет, у Шарм-эш-Шэйх, і далей трансферам у пасёлак Дахаб, за 130 км праз пустыню.

Білеты з Масквы для траіх падарожнікаў каштавалі каля € 600. За дарогу назад жанчына не пераймалася. «Мне ўсё казалі - глядзі квіткі. Я гляджу — а там цэннік па $ 600 на чалавека. Але ж я разумею, што чартарныя рэйсы перыядычна лётаюць». У выніку зваротныя білеты Таццяна купіла ўсяго за чатыры дні да вылету. Яны абышліся па $ 120 на кожнага. Пералёт — начны, праз дзве гадзіны пасля пасадкі ў Маскве быў цягнік на Мінск, а ў Мінску праз гадзіну — цягнік да Гродна.

Таццяна з дзецьмі. Крыніца: «Суполка» (фота з асабістага архіва гераіні)

Таццяна ўжо лётала з дзецьмі раней, але ніколі - шэсць гадзін, і ніколі - адна, без другога дарослага.

У Егіпце сям’я правяла месяц. Візу на такі тэрмін беларусы могуць купіць адразу пасля прылёту за $ 25.

Горад дайвераў

Дахаб — невялікі курортны пасёлак на Чырвоным моры на 6 тыс. чалавек, забудаваны двухпавярховымі катэджамі. Гэта горад дайвераў і віндсерфераў. Туды прыязджаюць людзі з усяго свету.

Таццяне запомнілася адкрытая атмасфера ў горадзе: усе размаўляюць, знаёмяцца адзін з адным. У мястэчку жывуць мясцовыя егіпцяне, горны народ — бедуіны, прыезджыя з розных краін, якія гавораць па-ангельску, і даволі шмат рускамоўных.

Панарама Дахаба

«Там вельмі прыгожа і не адчуваецца стомы. Там цудоўная прырода: рыфы, каралы, горы, пустыня. Быў баланс затраты энергіі на працу і натхнення ад усяго астатняга».

У Дахабе хапае гатэляў, але можна проста арандаваць кватэру ці дом. Прапановаў шмат. Таццяна з дзецьмі дзяліла кватэру з сяброўкай і яе дачкой. За месяц заплацілі 220 еўра на дваіх дарослых.

Заняткі пра цела і пра месца

У Егіпце Таццяна вяла аўтарскія заняткі для дзяцей ад 7 да 13 гадоў. Курсаў было некалькі.

На курсе «Цела чалавека» на кожнай сустрэчы разам з дзецьмі вывучалі нейкую адну сістэму арганізма. На занятках гулялі, эксперыментавалі - напрыклад, затрымлівалі дыханне на лік, рабілі фільтры, каб зразумець, як працуе печань — і стваралі адну старонку для будучай кнігі. У выніку ў кожнага атрымалася кніга пра ягонае цела.

На занятках. Крыніца: «Суполка» (фота з асабістага архіва гераіні)

«Гэта важна — ведаць пра сябе. Мы шмат інфармацыі даведваемся адусюль, пра ўсё на свеце. А так можна паглыбіцца ў сябе і паглядзець, што адбываецца ўва мне самім». Акрамя анатоміі, Таццяна краналася і таго, для чаго гэта трэба ведаць — як дзейнічае крывяносная сістэма, навошта патрэбны ныркі, чаму важна есці нейкую ежу і што адбываецца, калі мы ямо штосьці шкоднае, што такое пот і чаму ён выходзіць.

Многія дзеці не ведалі, як што выглядае і дзе знаходзіцца. Біялогія пачынаецца толькі ў пятым класе. Нешта ёсць у тэмах прадмета «Чалавек і свет», але часта ў школе тлумачаць суха і нецікава. У курсе ж было шмат таго, што не памяталі і дарослыя.

Чытайце таксама: «Вучыцеся шукаць добрае ва ўсім». Як не звар’яцець, калі дзеці ідуць у школу

Другім курсам была «Кардонная майстэрня» — з кардону рабілі дамы і іншыя рэчы, хто што захоча. Былі і майстар-класы па шыцці з фетру.

Ужо на месцы Таццяна прыдумала курс «Дахабскія прагулкі». На працягу гадзіны дзеці рабілі кнігу з іх асабістымі ўражаннямі ад Дахаба, запісвалі імёны сяброў, любімыя месцы, пахі, малявалі, уклейвалі лісцікі і кветкі. Другая частка занятку праходзіла на пляжы ў гульнях.

Дахаб — невялікае мястэчка, і спачатку было незразумела, ці атрымаецца знайсці матэрыялы для заняткаў: там магло наогул не быць канцылярскіх крамаў. «Наўрад ці тут ёсць клей-пісталет, і днём з агнём яго не адшукаеш» — казала Таццяне знаёмая, якая бывала там раней. Усе магазіны — на пары вуліц. У выніку ўсё знайшлося: клей-пісталет у будаўнічай краме, крафтавая папера ў канцылярскай, кардонныя скрынкі сабралі каля крамаў.

«Страшна было ўсё»

«Спачатку я думала — о, будзе крута, а потым — а раптам я не набяру дзяцей? Страшна было ўсё» — прызналася Таццяна. Грошай з сабой не было ўвогуле, акрамя тых, што яна пазычыла на білеты. «План Б» усё ж быў - у крайнім выпадку пазычыць у сяброўкі яшчэ. «Але я так не хацела, хацела зарабіць сама, пры гэтым не араць там, як конь, а атрымліваць асалоду ад таго месца, дзе я была. Страшна было нават пісаць у гэтыя чаты з анонсамі, я пішу і думаю — раптам ніхто не адгукнецца? Але я сказала сабе: «Збярыся. Ты прыехала сюды дзеля таго, каб зрабіць гэта. Ты дарослы чалавек, дарослы чалавек можа разабрацца з любой сітуацыяй».

Вельмі дапамагла падтрымка сяброўкі, якая верыла ў Таццяну. «Я сумнявалася. Часта бывае: ты ўмееш нешта рабіць, і здаецца — ну што тут такога, нічога звышнатуральнага. Але калі чалавек побач кажа: „Ты класна гэта робіш, ты справішся“, — то гэта наогул па-іншаму».

Першы раз на занятак прыйшло пару чалавек. Паступова пра Таццяну даведваліся, і людзей прыходзіла ўсё больш.

«Кожны дзень раніцай я малюся. Аднойчы ў гэты час мне прыйшла думка, што можна знаёміцца ​​з людзьмі на бясплатных занятках. Я вырашыла па вечарах, два разы на тыдзень, рабіць на пляжы дваровыя гульні з дзецьмі. У іх нямногія гуляюць, а я ведала яшчэ народныя камандныя гульні, даволі простыя па правілах».

Але на першы бясплатны занятак, пасля тыдня ў Дахабе, прыйшла адна маці з адным дзіцем. Аказалася, у яе свой невялікі цэнтр, дзе яна таксама праводзіць заняткі з дзецьмі. Яна вельмі матывавала Таццяну сваім водгукам і пераканала, што рабіць бясплатна не варта. Да яе самой на бясплатныя заняткі ніхто не прыходзіў: людзі думалі, што гэта нейкі развод.

Таццяна. Крыніца: «Суполка» (фота з асабістага архіва гераіні)

Выратавала «сарафанка»

Анонсы курсаў і майстар-класаў давала ў мясцовых рускамоўных чатах у Facebook і Telegram. Потым пачало працаваць «сарафаннае радыё», дапамагла кіраўніца мясцовага дзіцячага цэнтра. Яна рэкламавала Таццяну ў сябе ў чаце, клікала яе праводзіць заняткі і ў свой цэнтр.

Заняткі праходзілі два-тры разы на тыдзень, а пад канец і тры разы на дзень тры разы на тыдзень. На ўрокі хадзілі дзеці з рускамоўных сем’яў, якія часта падарожнічаюць. Некаторыя прыязджалі ў Дахаб зімаваць кожны год па шмат гадоў, нехта пераехаў жыць. Таццяніна падарожжа прыпала на канец вясны, і многія сем'і ўжо з’яжджалі да сябе на радзіму. З кастрычніка па красавік дзяцей звычайна больш.

У Егіпце Таццяна сустрэлася з жанчынай, на якую больш за год была падпісана ў Instagram — freedivekids. У яе сям'і чацвёра дзяцей, яны падарожнічаюць па свеце і займаюцца фрыдайвінгам [пагружэнні пад ваду з затрымкай дыхання], плаваюць з дэльфінамі і кітамі. Таццяне падабалася, як яны жывуць, як выхоўваюць дзяцей — яна вельмі хацела пазнаёміцца. Сям’я якраз прыехала ў Дахаб. Жанчына даведалася, што Таццяна праводзіць там заняткі, і папрасіла прыязджаць да яе з дзецьмі індывідуальна.

Крыніца: «Суполка» (фота з асабістага архіва гераіні)

Дзеці як кампаньёны ў паездцы

Увесь час Таццяна была разам са сваімі дзецьмі. У Беларусі яна таксама брала іх на заняткі, але там быў кампаньён, другі дарослы, які мог з ім пагуляць, адцягнуць. У Егіпце яна была адна: з імі рыхтавалася да занятку, з імі праводзіла, з імі шпацыравала. «Я баялася, што выгару, але гэтага не здарылася. Мусіць, было занадта шмат рэсурсных момантаў - прыгажосці мора, гор, душэўнасці людзей, якіх мы сустракалі. Я трымалася вельмі добра, у канцы паездкі нават сябе пахваліла: у мяне не было зрываў ні на дзяцей, ні ўвогуле».

Крыніца: «Суполка» (фота з асабістага архіва гераіні)

Дзецям паездка вельмі спадабалася. «Вара — як рыба ў вадзе, яна не баялася, у адрозненне ад мяне, ныраць там, дзе глыбока. Займалася фрыдайвінгам, дайвінгам, плавала да каралаў. Варачка — вельмі камунікабельнае дзіця, ёй цікава з людзьмі, з дзецьмі. Калі я праводзіла заняткі, яна таксама была там. Мірушцы было тады цяжкавата, ён яшчэ не дарос, хаця таксама слухаў і перыядычна выдаваў рэфлексіі».

Таццяна праводзіла заняткі ў кватэры, дзе яны жылі. Калі малодшаму рабілася сумна, ён адцягваў увагу. Мог падчас занятку пачаць капрызіць, бо не паспаў днём, мог абкакацца і яго трэба было пераапрануць, хутка прыдумаўшы заданне іншым дзецям. «Мне трэба было праявіць усё сваё педагагічнае і мацярынскае майстэрства, каб не загубіць занятак і супакоіць Мірушку, нешта яму прапанаваць. У гэтым таксама быў рост і вялікая вера ў сябе».

Крыніца: «Суполка» (фота з асабістага архіва гераіні)

Трэба вытрымліваць эмоцыі дзяцей, іхнія сваркі. Пры гэтым з імі можна было шмат аб чым размаўляць, як з дарослымі. У падарожжы яны аказаліся добрымі кампаньёнамі.

Зразумела, як працаваць са страхамі

Падарожжа ў Егіпет дапамагло Таццяне зразумець, як перамагаць страх. Працу са страхамі наогул яна прасачыла на сваім страху глыбіні.

Калі Таццяна прыехала ў Дахаб, яна ведала, што ў моры — вельмі прыгожыя каралы, празрыстая вада, «акварыўмныя» рыбкі. Усё гэта — на глыбіні. «Першы раз, калі я паплыла, мне было страшна адной і інструктар сказаў - паплывем разам. Я была ў масцы. Калі мы адплылі ад берага і я ўбачыла адразу шасціметровую глыбіню, найпрыгажэйшыя каралы, рыбы, але гэтая глыбіня — у мяне сэрца збілася, дыханне пачасцілася, я правалілася ў паніку. Немагчыма было дыхаць пад вадой нават праз трубку».

Страшна было і на другі дзень, але яна супакойвала сябе, што побач чалавек, які ўмее плаваць. З інструктарам яна нырала кожны дзень. У канцы месяца Таццяна проста з задавальненнем, расслаблена нырала, разглядала ўсё і магла прабыць пад вадой, далёка ад берага, цэлую гадзіну.

Таццяна. Крыніца: «Суполка» (фота з асабістага архіва гераіні)

«Я зразумела, што так можна працаваць з любым страхам: рухацца ад страху да любові. Гэта дарога любога страху, напрыклад, страху выступу на публіцы. Натуральна, мне страшна рабіць першы крок, і можа здарыцца такое, як здарылася са мной, калі я пагрузілася першы раз. Могуць адбывацца нейкія збоі на ўзроўні фізічнага цела, псіхалагічнае — „я гэта не магу, я гэта ніколі не рабіла!“. Калі ўсё гэта прыняць і пайсці далей — на другі дзень ты ўжо крышку ўяўляеш, што гэта, ужо крыху больш спакойны. Потым трэці дзень, чацвёрты дзень… І паступова ты робішся смялейшым, разумееш, што можаш, што гэта бяспечна, што гэта новае — добрае новае. У канцы я плавала спакойна, свабодна, праўда, не адна — з чалавекам, які паказваў мне ўсе гэтыя прыгажосці вакол Дахаба, падводныя сусветы. Я разумела, што хачу запомніць гэты стан: ісці ў страх, спазнаваць, прымаць і паволі, крок за крокам, дзейнічаць».

«Я прыехала назад нейкая іншая — смелая. Мне стала лягчэй праяўляцца: я — вось такая, я магу казаць пра сабе, пра тое, што я раблю. Калі страх з’яўляецца, я кажу — гэта тое ж самае, што было там, гэта ў тваёй галаве. Насамрэч мы шмат чаго ў галаве малюем, але можна гэта спакойна адсунуць і пачаць рабіць нешта новае, каб жыць па-новаму».

Крыніца: «Суполка» (фота з асабістага архіва гераіні)

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024