Аказваецца, цалкам можна сабраць гадовы гардэроб з лакальных брэндаў - ёсць і касцюмы з лёну, і сукенкі, і штаны з сеткі. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела летнія прапановы ад гродзенскіх вытворцаў.

Штаны ад Kosandra

Kosandra прапануе штаны-карго. Гэта самая папулярная мадэль гэтага сезону, сцвярджаюць яны. У іх высокая пасадка, рэгуляваная гумка па нізе штаноў, накладныя кішэні, лёгкая тканіна. Яны ёсць у бэжавым і аліўкавым колеры.

Кошт: 90 рублёў

Касцюм ад Krikate

Аб'ёмная кашуля з поясам і лаканічныя шорты – лепшае спалучэнне як для рытму мегаполіса, так і летняга падарожжа ў прыгарад, лічаць у Krikate. Ільняны касцюм у лімонным адценні лаканічна называлі LINEN LOVE.

Кошт: кашуля - 240 рублёў, шорты - 140.

Дарэчы, брэнд сшыў сукенку для пераможцы Mrs Globe Ланы Глумаковой.

Сукенка ад SoloBrand

«Далікатную навінку» прадставіў і SoloBrand. Гэта сукенка ў даўжыні міні з прэміяльнай бавоўны з вышыўкай рышэлье на баваўнянай падкладцы. Памеры — ад 42 да 48. Склад: 95% бавоўна, 5% спандэкс. Падшыўка: 100% бавоўна. Даўжыня сукенкі па спіне — 90 см. Кошт не пазначаны.

Адзенне з сеткі ад Zvonko

Брэнд Zvonkomadewithlove прэзентуе вырабы з баваўнянай сеткі "Italy" і прапануе ствараць лёгкія вобразы. Зроблена адзенне з 100% бавоўны.

Кошт: штаны - 300 рублёў, сукенка - 350.

Касцюм ад Fayno

Раскоша можа быць не толькі прыкметнай, але і зручнай, лічаць стваральнікі брэнда. І прапануюць касцюм з якаснага трыкатажу з віскозай.

«Але калі вас бянтэжыць нялётны чорны колер, не бянтэжцеся) ён не раз выручыць вас у самых нечаканых сітуацыях, хутка вырашыць праблему, калі няма чаго апрануць і падорыць жаданыя адчуванні дарагога рэспектабельнага вобраза 🤩», — абяцаюць у Fayno.

Чытайце таксама: Паглядзіце, які стыльны «гродзенскі» заплечнік выпусціў брэнд Vokladki

Кашуля ад Rissha 

Стваральнікі раяць насіць кашулю оверсайз замест накідкі або кардігана. Яе можна насіць з поясам або навыпуск, дапоўніўшы лук з кашуляй моднымі аксэсуарамі і трэндавым абуткам.

Оверсайз-майкі ад Banova

Брэнд прапануе оверсайз-майкі ў розных адценнях з неонавым лога. Яны зроблены з трыкатажу з эфектам велюру. Мяккія і прыемныя да цела, сцвярджаюць стваральнікі.

Кошт: 85−90 рублёў.

Жакет ад Ledi M

"Стыльны двухбортны жакет свабоднага крою оверсайз з доўгімі рукавамі і V-вобразным выразам стане незаменнай рэччу ў вашым гардэробе", - лічаць у Ledi M і запрашаюць у шоурум.

Лонгзліў ад Kardash

Белы лонгзліў з бавоўны з эфектам велюру стане незаменнай рэччу ў вашым гардэробе, абяцаюць яго стваральнікі.