Людзі і справы

Не аказалі дапамогу, была язва, адрэагаваў Савет Еўропы. Што вядома пра смерць палітвязня Алеся Пушкіна

Пра смерць палітвязня мастака Алеся Пушкіна стала вядома 11 ліпеня. Паводле інфармацыі СМІ, ён трапіў у бальніцу 10 ліпеня і памёр падчас аперацыі. У яго было прабадная язва, але ў турме яму не аказалі дапамогу своечасова. На смерць палітвязня адрэагавалі еўрапейскія амбасады, а беларусы выйшлі на акцыі памяці. Свечкі запалілі нават у Мінску. Hrodna.life сабраў усё, што вядома пра яго смерць на дадзены момант.

Памёр падчас аперацыі

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, 57-гадовы Алесь Пушкін 10 ліпеня трапіў у гродзенскую лякарню хуткай медыцынскай дапамогі пад аховай міліцэйскага канвою.

Паводле інфармацыі «Свабоды», Алесь Пушкін памёр падчас аперацыі. Як распавяла выданню дасведчаная крыніца, Алесь Пушкін пісаў у апошніх лістах, што за кароткі час схуднеў на 20 кілаграмаў. Да таго ж ён прасіў перадаць яму пояс для паясніцы, бо яму балелі ныркі.

Паведамляецца, што Пушкіна даставілі ў бальніцу хуткай дапамогі без прытомнасці. Яму рабілі аперацыю. Падчас яе сэрца Алеся Пушкіна спынілася.

MOST: у Алеся Пушкіна была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў турме

Мастака ўжо ў несвядомым стане прывезлі ў бальніцу 11 ліпеня, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.

 — Пушкіна прывезлі ў бальніцу фактычна паміраючага. У яго быў развіты перытаніт, быў сэптычны стан і паліарганная недастатковасць. Калі сказаць простай мовай, у яго была дзірка ў страўніку. Практычна не было шанцаў на выратаванне.

Прабадная язва выклікае востры боль. Таму пацыент адразу звяртаецца са скаргамі. Як правіла, у чалавека ёсць некалькі сутак для таго, каб ліквідаваць праблему аператыўна. Калі чалавеку своечасова аказаць дапамогу, ён будзе далей жыць. Пасля такіх аперацый пацыента, як правіла, ужо праз пару дзён адпускаюць дадому. Калі гэтага не зрабіць своечасова, то прабадзенне язвы выкліча перытаніт і пасля сэптычны шок. Сітуацыя з Пушкіным? Яго проста забілі ў турме, па-іншаму я гэта не назаву. Проста не магло быць такога, каб ён не звяртаўся ў турме па дапамогу, таму што такая клінічная карціна выклікае востры боль. Ён павінен быў адчуваць моцныя пакуты, гэта як кінжал у жываце, — сказаў суразмоўца выдання MOST.

Цела аддалі сваякам

Цела Алеся Пушкіна аддалі сваякам, 12 ліпеня яго прывязуць у вёску Бобр, дзе ён жыў. Пра гэта «Свабодзе» распавяла дасведчаная крыніца.

Алеся Пушкіна пахаваюць 13 ліпеня на радзіме ў Бабры. Пра гэта «Свабодзе» паведаміў сябар памерлага. Пахавальная служба ў царкве пачнецца ў 12.30 13 ліпеня. Перад гэтым труна з целам Алеся будзе стаяць у яго дома, усе жадаючыя могуць прыехаць і з ім развітацца.

Прэсавалі ў калоніі

«Алеся моцна прэсавалі ў „Воўчых норах“ супрацоўнікі калоніі. Таму што ён не з гэтага свету, ён творчы чалавек. Там жа, у калоніі, трэба хадзіць толькі ў суправаджэнні канвою або строем, выконваць усе патрабаванні. А ён дзесьці мог забыцца, дзесьці пайсці адзін, без канвою, проста ад такой творчай натуры і разгубленасці. Алесь мог забыцца, што ў яго алоўкі ці альбом „лішні“ у тумбачцы. А канвойныя і стукачы гэтым карысталіся і вешалі на яго парушэнне за парушэннем, кідалі то ў СІЗА, то затым у ПКТ», — распавяла суразмоўца «Свабоды».

Яна дадала, што ціснулі на мастака і за беларускую мову. «Бо канвою беларуская мова не падабалася, а Алесь не хацеў пераходзіць на рускую з імі». Пасля пераводу ў «крытую турму» ў Гродна Алесь павінен быў там прабыць паўтара года, потым вярнуўся б у калонію.

Гродна вачыма Пушкіна. Малюнак з ліста да Валерыі апублікаваны ў Facebook

Хто звязаны са справай Пушкіна?

Блогерка і актывістка Вольга Бондарава. Ёй не спадабалася карціна з партрэтам беларускага антысавецкага партызана Яўгена Жыхара аўтарства Алеся Пушкіна. Карціна была выстаўлена ў Гродне ў Цэнтры гарадскога жыцця.

Суддзя Алена Шылько. Ёй 51 год, на пасадзе суддзі не менш за 17 гадоў. Палітычныя справы яна вядзе як мінімум з 2006-га. Пачынала Шылько ў судзе Маскоўскага раёна Мінска, а пасля перайшла ў Мінскі гарадскі суд. Тут яна паспела прысудзіць больш за 60 гадоў зняволення беларускім палітвязням з 2020-га, паведамляе «Наша Ніва».

Дзяржабвінаваўца Аляксандр Кароль. Аляксандру Каралю 31 год, і родам ён з Бабруйска. Выпускнік Акадэміі кіравання пры Лукашэнку, ён пайшоў працаваць у пракуратуру. Пачынаў памочнікам пракурора Заводскага раёна Мінска. Цяпер кароль атрымаў павышэнне — працуе старшым пракурорам аддзела дзяржаўнага абвінавачвання Генеральнай пракуратуры. Палітвязні паводле абвінавачванняў, якія ён падтрымліваў, атрымалі амаль 70 гадоў зняволення.

Сняжана Семярнік, доктар філасофскіх навук, дацэнт, прафесар ГрДу ім. Янкі Купалы. Гэта яна падпісала экспэртызу, што партрэт Яўгена жыхара з’яўляецца экстрэмісцкім.

Рэакцыя

Рада БНР: смерць Алеся Пушкіна з’яўляецца палітычным забойствам

«Наўпроставую адказнасць за гэтую заўчасную трагічную смерць нясе аўтарытарны рэжым, які пануе ў Беларусі», а таксама персанальна Аляксандр Лукашэнка, заявілі ў Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі, паведамляе «Позірк».

Рада БНР выказала шчырыя спачуванні родным Алеся Пушкіна.

Аўтары заявы патрабуюць вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў, а таксама пакарання для адказных за іх пераслед.

«Як гэта рабілі савецкія акупанты ў найбольш змрочныя часы СССР, рэжым Аляксандра Лукашэнкі займаецца мэтанакіраваным знішчэннем беларускай культурнай эліты. Спыненне гэтага любымі магчымымі спосабамі з’яўляецца неабходным для выжывання беларускага народа», — падкрэслілі ў Радзе БНР.

Амбасада ЗША

Алесь Пушкін стаў яшчэ адным палітвязнем рэжыму, які страціў жыццё ў жахлівых умовах, «які кожны дзень пазбаўляе Беларусь такога вялікага патэнцыялу і жыццёвай сілы», заявіла амбасада ЗША ў Мінску.

Савет Еўропы

Генеральны сакратар Рады Еўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч напісала, што «ўзрушаная смерцю ў турме Алеся Пушкіна, палітвязня і беларускага мастака». «Мае думкі з яго сям’ёй і сябрамі», дадала яна.

Германія

Дэпутат бундэстага Германіі Робін Вагенер выказаў «глыбокія спачуванні» блізкім Пушкіна. «Мы не можам ігнараваць зверствы беларускага рэжыму. Мы не здадзімся, пакуль не выйдзе апошні з усіх палітвязняў», — падкрэсліў ён.

«У Беларусі памёр яшчэ адзін палітвязень: Алесь Пушкін — мастак, абвінавачаны ў „злачынстве“, малюнку змагара антысавецкага супраціву. Нашы думкі - з яго сям’ёй», — падкрэсліў прадстаўнік МЗС Германіі Маціяс Лютэнберг.

Святлана Ціханоўская: «Яго творчасць была ўвасабленнем нязломнага духу беларускага народа»

«Алесь быў знаёмы за сваю творчасць, якая была ўсур'ёз нязломным духу беларускага народа. Ён марыў пра свабодную і дэмакратычную Беларусь. І наша мэта — разам працаваць справу Алеся і наблізіць Беларусь яго мары.

Прашу ўсіх, хто ведае нешта пра смерць Алеся, — перадайце інфармацыю яго жонцы, незалежным медыям ці праваабаронцам. Людзі не павінныя паміраць у турмах. Мы будзем даведвацца праўду", — напісала яна.

Акцыі памяці

Акцыі памяці мастака прайшлі ў Кракаве, Гданьску, Варшаве, Гаазе, Вільні, Берліне, Познані, Беластоку. Дома свечкі запалілі і ў Мінску.

12 ліпеня акцыя памяці пройдзе ў Тбілісі.

У Вільні 12 ліпеня пройдзе паніхіда па мастаку.

Інфармацыя і фота: Telegram-каналы «МотолькоПомоги», Беларускай асацыяцыі журналістаў, «Вясны», «Выборы видишь? | Зеркало Политика», «Свабода», «Позірк».

Гродзенцы адрэагавалі ў сацсетках

Чытайце таксама:

Апошнія запісы

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025

«Трэнд — мацоўня, здароўе». Задалі адны і тыя ж пытанні металістам з Беларусі і Польшчы

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…

26 сакавіка 2025

У гродзенскім ГЦ развяліся прусакі. Куды звяртацца, калі заўважылі насякомых у кафэ ці ў сябе дома

У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life…

26 сакавіка 2025

«Магчыма, будзе і новы матэрыял». Вакаліст гурта Ulis Слава Корань расказаў, як эміграцыя не дае яму пісаць

Беларускі гурт Ulis праіснаваў больш за 20 гадоў. Яго спадчына жыве - музыканты робяць каверы,…

20 сакавіка 2025

«Мама выпісвала фальшывыя дакументы і дапамагала трапіць у Польшчу». Рэпатрыянтка — пра дзяцінства ў Гродне і эміграцыю ў 1946-м

Крысціна Мішчук (Пянткоўская) нарадзілася ў 1933 годзе ў Гродне ў сям'і мясцовай інтэлігенцыі. Каталічка. Тата…

18 сакавіка 2025

«Мая зямля — што хачу, тое і раблю». З’ездзілі ў польскую вёску ля мяжы з Беларуссю, куды стараста запрашае жыць усіх ахвотных

У 500 метрах ад плота, узведзенага на польскім баку мяжы з Беларуссю, стаіць вёска Азяраны…

17 сакавіка 2025