Ад 27 лютага да 5 сакавіка наш сайт тэсціраваў Аляксей Буранок. Ён нарадзіўся ў Гродне, тут скончыў ліцэй №1. Пасля вучыўся ў Вільні, Варшаве ды Маскве. У Беларусі  яго ведаюць як былога сустрашыню “Ініцыятывы Вольная Беларусь” і суарганізатара канцэртаў “Салідарныя з Беларуссю” ў Варшаве. Незважаючы на тое, што з 2014 года Аляксей жыве ў Маскве, ён лічыць сябе гродзенцам і сочыць за гарадскімі навінамі. На допіс рэдакцыі аб пошуку чытачоў-тэсціроўшчыкаў ён адклікнуўся адным з першых.

“Сайт вельмі спадабаўся, – напісаў нам Аляксей. – Прыемны дызайн, зручная навігацыя, правільнае размяшчэнне блокаў навін, файны каляндар гарадскіх падзей”. Не хапае, яго меркаваннем, большай колькасці блогераў. «Вельмі суб’ектыўны, блогерскі погляд на рэчы, цікавы і часам прыводзіць да вялікіх дыскусій, розгаласу ў грамадстве і, разам з гэтым, папулярызуе сайт”.

Разынкаю Нrodna.life, якая набывае асаблівую важнасць, калі чытаць старонку здалёк, Аляксей назваў “навіны з падкрэсленым гродзенскім ухілам”. Напрыклад, як артыкулы

пра перамогу Яўгена Каралька ці адстаўку Велерыя Цапкалы.

“Каб не Нrodna.life, не даведаўся б, што яны гродзенцы“

– адзначае Аляксей.

Галоўным плюсам нашай старонкі, паводле Аляксея, з’яўляецца ўнікальны аўтарскі кантэнт – вялікія тэксты пра цікавосткі ў гродзенскай штодзённасці.

Менавіта такія матэрыялы Аляксей абраў для свайго ТОП-3, які аказаўся ТОП-5 :

“Вельмі спадабаўся артыкул пра гродзенскі кіналагічны атрад. Я, як хутчэй за ўсё і шмат іншых чытачоў, не ведаў што ў Горадні існуе такі цікавы атрад! Выдатна раскрыта тэма, вялікія каментары ўдзельнікаў атраду, расказваецца і тое, як ён ствараўся. А сапраўдная разынка артыкулу – гэта подпісы да фатаздымкаў “хвастатых ратавальнікаў”! Проста выдатна атрымалася!”

Чытайце яшчэ:  Сабакі, якія ратуюць людзей. Як працуе ў Гродне валанцёрскі кіналагічны атрад

Кожны артыкул з міжпакаленчай жывой бібліятэкі – кландайк ведаў ды жыццёвага досведу. Пасля прачытання артыкулаў адчуваецца такая ж асалода, як ад доўгай сяброўскай размовы. Ад артыкула пра Уладзіміра Рунге і артыкула пра спадарыню Тамару засталіся вельмі прыемныя адчуванні.

Чытайце яшчэ:  Дзед Салавей, а бацька - Рунге. Немец з Ізабеліна пра віражы лёсу сваёй сям’і і роднага мястэчка

Чытайце яшчэ:  За мужам у Афганістан і па джынсы ў Кітай. Неверагодныя гісторыі з гродзенскай «жывой бібліятэкі»

Зусім іншы, але не менш цікавы, артыкул пра веганаў. Іншы погляд на жыццё заўсёды цікава пачуць.

Чытайце яшчэ:  “Падла, так? Труп”. Этычныя веганы расказалі, чаму не ўжываюць мяса і жывёльныя прадукты

Прыкладам таго, як пра звычайны спальны раён можна распавядаць захапляльна, назваў Аляксей артыкул пра Пярэселку.

Чытайце яшчэ:  Вандроўка па раёне зніклай вёскі, ад якой застаўся адзін дом

“Не ведаю, ці будзе цікава жыхарам іншых гарадоў ды раёнаў, але мне цыкл Яна Лялевіча вельмі падабаецца! Я вельмі шмат часу праводзіў на гэтым раёне – таму проста не мог адарвацца ад артыкула”.

Асобна адзначыў Аляксей і артыкул пра конны ўзвод міліцыі. “Думаю, шмат гродзенцаў адчула настальгію пасля прачытання артыкула”, піша ён.

“Агулам, тыдзень чытання гарадскіх навін быў вельмі прыемным. З асалодай карыстаўся сайтам ды адкрыў для сябе новыя, цікавыя старонкі роднага горада”

– напісаў Аляксей.

Мы абавязкова скарыстаемся яго парадамі і шчыра дзякуем  за  зваротную сувязь. Наш фірмовы кубак будзе нагадваць Аляксею пра Гродна незважаючы на  адлегласць і час. А старонка Нrodna.life дапаможа і надалей трымаць руку на пульсе гарадскога жыцця.