Дзве сяброўкі - Аня і Жэня — паехалі ў падарожжа. У сярэдзіне чэрвеня дзяўчаты правялі тры дні ў Будапешце, пяць дзён у Сафіі, тры дні ў Варне і чатыры — у Адэсе. Яны ўбачылі горы і пакупаліся ў Чорным моры. Незвычайнае ў гэтай гісторыі тое, што Аня перасоўваецца на інвалідным вазку.

Дзе вазочніку падарожнічаць

— Гэта было дастаткова цяжка, — кажа Аня. — Думаю, для Жэні было ў два разы цяжэй. Цяжка палічыць колькасць лесвіц, якія мы прайшлі ў метро, будынках.

Прасцей было ў гарадах з прыстасаванай інфраструктурай ці з сябрамі. Аню даводзіцца або цягнуць і спускаць па прыступках у вазку, або падняць яе, дапамагчы прайсці прыступкі і перацягнуць вазок.

Рухаліся дзяўчаты ў асноўным пешшу. Калі стамляліся, бралі таксі. Аказалася, метро нават у еўрапейскіх гарадах не паўсюль прыстасавана для вазкоў. Напрыклад, у цэнтры Будапешта метро прыстасаванае, а ў іншым канцы горада — не. Тым не менш, Будапешт скарыў сэрцы гарадзенак.

— Будапешт — прыгожы, чысты, прасторны горад. Туды хочацца вярнуцца, — кажа Жэня.

— Цяпер у мяне два любімых гарады — Берлін і Будапешт, — згаджаецца Аня.

padarozhzha-na-vazku_4

Дзяўчаты прызнаюцца, што невырашальных праблем не было: калі што, дапамагаюць людзі. На шчасце, Аня трошку ходзіць сама. А пасля падарожжаў яе фізічны стан наогул паляпшаецца.

— Калі тата прыехаў мяне сустракаць, ён сказаў, што я ніколі так хутка не выходзіла з цягніка.

— Вельмі смешна было, калі мы бачылі з боку, колькі ў нас торбаў, — смяецца Жэня. — У мяне быў заплечнік на 65 літраў, ноўтбук і дзве сумкі, якія я паклала на Аню, і яшчэ заплечнік ззаду вазка. Мой тата быў у шоку, калі ўбачыў мой заплечнік. А калі ён убачыў Аню, з вазком і яе рэчамі, сказаў, што гэта не адпачынак. Але мы добра адпачылі. Вось ужо месяц прайшоў, а мы пра гэта ўсё размаўляем і размаўляем.

«You can’t travel»

Цікавы выпадак адбыўся па дарозе з Будапешта ў Сафію. Дзяўчаты куплялі квіткі на цягнік і папрасілі ніжнюю паліцу. Касірка паглядзела на іх, адыйшла і параілася. Вярнуўшыся, яна ўпэўнена сказала Ані: «You can’t travel».

— Чаму? — пытаецца ўжо ў нас Аня. — Я і дагэтуль ездзіла, я магу падняцца. Я проста хацела, каб было зручней! А яна гэта «You can’t travel» казала яшчэ паўгадзіны.

Цікавосткі на гэтым не скончыліся. Напрыклад, у метро Сафіі ёсць туалет для інвалідаў. Але каб дабрацца туды, трэба пераадолець дваццаць прыступак! Вагон для інвалідаў у цягніку Сафія-Варна таксама выклікаў у дзяўчат смех.

— Мы зайшлі і пачалі смяяцца, — кажа Жэня. — Там былі тры паліцы, таму на ніжэйшую сесці было немагчыма — толькі адразу легчы. Давялося сесці на падлогу. Ад звычайнага вагона ён адрозніваўся тым, што было больш месца, каб паставіць вазок. І ў дасяжнасці рук была кнопка экстраннага выкліку.

padarozhzha-na-vazku_3

Таму нечаканым было знайсці электрапад’емнік на гомельскім вакзале.

— Калі параўноўваць з Балгарыяй, у Беларусі не ўсё так кепска. Добра, што ў Балгарыі нізкія заезды на тратуары. Але самі дарогі кепскія, а ў нас — роўныя. Да ўзроўня Берліна ці Будапешта нам далёка, але не кепска, — кажа Аня.

У планах — падарожжа адной

— Некаторыя кажуць, што пра мяне трэба пісаць, што я была б прыкладам для іншых. Але я не зрабіла нічога незвычайнага, я проста захацела трошкi адпачыць. Усё роўна большасць людзей з інваліднасцю вельмі пасіўныя і не хочуць нічога рабіць. Я ведаю толькі некалькі чалавек, якія з’яўляюцца прыкладам і для мяне. Яны адкрытыя, яны паўсюль, усяго хочуць, — кажа Аня.

padarozhzha-na-vazku_2

Гэта ці не першы раз, калі Аня ехала з мэтай падарожнічаць, а не ўдзельнічаць у адукацыйных паездках ці праектах. Але ей ужо давялося пабывать у Вільні, Мюнхене, Берліне, Будапешце, Варшаве, Беластоку. А таксама ў Турцыі, Балгарыі і Украіне.

Праблемы перасоўвання — не адзіныя. Ёсць праблемы маральна-этычнага плану:

— Падарожнічаць трэба з тымі, каго ты добра ведаеш і ў кім упэўнены, каб не было выпадковых складанасцей. Я прасіла Жэню, калі яна стоміцца, казаць пра гэта. Для любога чалавека дарога — цяжкая нагрузка, — кажа Аня.

padarozhzha-na-vazku_1

— Мы ўжо дамовіліся, што наступным разам возьмем менш рэчаў і мужчыну, — смяецца Жэня.

У будучыні Аня хоча паспрабаваць падарожнічаць адной, хаця б па Беларусі. Размовы выкадкова прыводзяць нас да філасофіі падарожжа.

— Падарожжа дае вельмі шмат у плане змены абстаноўкі, — кажа Аня. — Калі я адчуваю, што мне ўсё надакучыла, разумею, што трэба ад’ехаць. Прыедзеш — і ўсё будзе добра.