Рэйды іміграцыйнай паліцыі, масавыя затрыманні, увод Нацгвардыі — гэтыя падзеі ў ЗША выклікаюць у некаторых імігрантаў-беларусаў «флэшбэкі» з радзімы. Журналіст Hrodna.life паразмаўляў з беларускай Касяй, якая жыве ў Лос-Анджэлесе. Яна расказала, як праходзяць пратэсты, як успрымаецца палітыка Трампа і ці магчымы ў Амерыцы сцэнар, падобны да беларускага 2020 года.

Каліфорнія ў агні: гісторыя пратэстаў і іх асаблівасці

Кася пераехала ў Амерыку па грын-карт. Беларуска працуе ў амерыканскай краме — займаецца зборам анлайн-заказаў. Яна ўдзельнічае ў акцыях пратэсту супраць палітыкі Трампа, якія праходзяць у Каліфорніі прыкладна раз на месяц. Гэтыя пратэсты ахопліваюць шмат гарадоў і часта сканцэнтраваныя на канкрэтных тэмах, такіх як ахова здароўя ці ўплыў на палітыку Ілана Маска.

Асаблівую трывогу выклікаюць рэйды ICE — іміграцыйнай і мытнай паліцыі. Паводле Касі, яны часта адбываюцца ў раёнах з вялікай колькасцю лацінаамерыканцаў ці цемнаскурых.

«Яны прыходзяць у масках, у цывільным, і пасля ніхто не ведае, што адбылося з затрыманымі», — кажа яна. Гэта прывяло да самаарганізацыі мясцовых жыхароў. «Калі з’яўляецца інфармацыя, што агенты ICE будуць, напрыклад, у пэўнай кавярні або раёне, людзі арганізуюцца і прыходзяць — каб спыніць, задакументаваць, выкрыкнуць, зняць на відэа. У ЛА так было: спачатку людзей было мала, але на другі дзень — ужо сотні. Цяпер дэманстрацыі ідуць цэлы дзень каля адміністрацыйных будынкаў».

Пратэсты ў Каліфорніі (3)_result
Пратэсты ў Каліфорніі. Фота: flickr.com

Каліфорнія — галоўная мішэнь для ICE. Тут адзін з найбольш высокіх працэнтаў людзей, якія знаходзяцца ў ЗША нелегальна. Яны жывуць тут гадамі: працуюць, вучацца, выхоўваюць дзяцей — але без дакументаў. Трамп абяцаў дэпартаваць да двух мільёнаў мігрантаў у год. Фермерскі сектар выступае супраць (бо шмат рабочых там — мігранты), а ўвага сканцэнтраваная на мегаполісах, дзе можна хутка прадэманстраваць «поспех». На практыцы гэта азначае ранішнія рэйды ICE на фабрыках, рынках, каля школ.

Лос-Анджэлес — эпіцэнтр «No Kings»: колькасць, яркасць, сутыкненні

6 чэрвеня 2025 года падчас міграцыйнага рэйда арыштавалі больш за 100 чалавек. На пратэсты, якія рушылі за гэтым, федэральныя агенты адказалі святлошумавымі гранатамі. 14 чэрвеня Лос-Анджэлес стаў эпіцэнтрам «No Kings Day». Тады ў горадзе на антытрампаўскія выступы і акцыі салідарнасці сабралася каля 200 000. Пазней паліцыя абвясціла збор незаконным, ужыла слёзатачывы газ, гумовыя кулі, святлошумавыя гранаты і конную паліцыю. Падчас сутыкненняў траўмы атрымалі і пратэстоўцы, і паліцыянты. Улады ўвялі каменданцкі час, а праваабаронцы зафіксавалі шматлікія выпадкі празмернага прымянення сілы.

Пратэсты збіраюць вельмі розную публіку. Хаця найбольш часта пад рэйды трапляюць прадстаўнікі лацінаамерыканскай супольнасці, на вуліцы выходзяць і белыя, і тыя, хто ніколі раней не ўдзельнічаў у акцыях. «Карацей, вельмі розная публіка, — кажа Кася. — Калі людзі аб’ядноўваюцца, гэта заўсёды прыносіць нейкую ўзнёсласць, веру ў супольнасць».

Адчуванне «флэшбэкаў» і негатоўнасць да радыкальных дзеянняў

Кася актыўна ўдзельнічае ў культурным жыцці Каліфорніі, вывучыла іспанскую мову і адчувае сябе «цалкам каліфарнійкай». Яна падкрэслівае, што мексіканская культура — гэта «сапраўднае сэрца гэтых мясцін». Кася праводзіць паралелі паміж падзеямі ў ЗША і сітуацыяй у Беларусі: «Калі Трамп прыйшоў да ўлады, я бачыла ў інтэрнэце, як беларусы пісалі, што ў іх „флэшбэкі з Беларусі“ — кансалідацыя ўлады, знішчэнне журналістыкі, звальненне „не сваіх“».

Пратэсты ў Каліфорніі (3)_result
Пратэсты ў Каліфорніі. Фота: flickr.com

Асаблівую трывогу выклікаюць заявы Трампа аб паляванні на «нелегалаў». «Я пра гэта думала яшчэ да выбараў. Прыблізна за пару тыдняў да іх Трамп адкрыта сказаў, што будзе паляваць на нелегалаў. А калі пачаў тлумачыць, каго лічыць „нелегальнымі“, то апісваў людзей, падобных да мяне. Ужо тады я захвалявалася», — прызнаецца Кася.

Першымі званкамі трывогі сталі выпадкі ў аэрапортах, калі затрымлівалі нават белых людзей з візамі ці грын-картамі. «Іх адпраўлялі ў турмы для нелегалаў, адкуль планавалі дэпартаваць. Я баялася, што гэта можа закрануць усіх нас. Але на вуліцах сітуацыя іншая — затрымліваюць пераважна „brown people“, тых, каго ўмоўна лічаць „мексіканцамі“. Белых людзей пакуль не чапаюць. Але мне здаецца, што гэта можа перарасці ў нешта большае», — разважае яна.

«Гэта не тое, на што можна заплюшчыць вочы. Людзей дэпартуюць у турмы ў Сальвадоры ці Гуантанама (амерыканская вайсковая база на Кубе — Hrodna.life). Многія з іх не маюць крымінальных абвінавачванняў. Большасць прыехала легальна», — падкрэслівае яна. Сапраўды, затрыманыя людзі маглі патрапіць у ЗША легальна, але не выехаць пасля таго, як тэрмін дазволу на побыт мінуў.

Увод Нацгвардыі і марской пяхоты ў Лос-Анджэлесе для «абароны ICE і захавання парадку» таксама выклікае дэжавю і падаецца «страшным». «У мяне нібыта ўжо няма месца для гэтых пачуццяў. Я ўсё гэта чакала», — канстатуе Кася.

Пратэсты ў Каліфорніі (3)_result
Пратэсты ў Каліфорніі. Фота: flickr.com

Праблемы беларусаў з іміграцыяй у ЗША

Акрамя агульных тэндэнцый, існуюць і канкрэтныя выпадкі, звязаныя з беларусамі ў ЗША. Адзін з нядаўніх выпадкаў датычыцца грамадзяніна Беларусі, які прасіў палітычны прытулак. Ён быў затрыманы адразу пасля інтэрв'ю ў Ньюарку (горад і буйны міжнародны аэрапорт у штаце Нью-Джэрсі). Яму выставілі абвінавачанне ў незаконным знаходжанні на тэрыторыі ЗША, бо ён прабыў больш за 180 дзён без падачы формы на прытулак. Таксама ёсць паведамленні пра спробы дэпартацыі сыноў беларускіх палітычных бежанцаў па новай схеме Трампа, нават калі іх бацькі атрымалі прытулак.

Рашэнне аб ад’ездзе і надзеі на будучыню

На пытанне, ці могуць гэтыя пратэсты вырасці ў нешта большае, як у Беларусі ў 2020 годзе, Кася адказвае: «Я спадзяюся, што так. Бо, шчыра, я не бачу іншага спосабу спыніць Трампа, акрамя як праз масавы супраціў», — кажа яна.

Аднак яна адзначае, што людзі «не гатовыя» да адкрытай размовы і формы супраціву. «Яны хочуць, каб усё вырашылася само, каб не было так дрэнна. Гэта — заплюшчванне вачэй», — лічыць Кася. Паводле яе слоў, людзі не разумеюць сур’ёзнасці сітуацыі і чакаюць, што Трамп проста «засмуціцца і вырашыць, што захоп улады яму больш нецікавы». Яна ж не бачыць іншага варыянту, акрамя як «збірацца ў Вашынгтоне і не сыходзіць з вуліц». «Ён не спыніцца без рэальнай барацьбы, прыпынення працы, агульных страйкаў. Але ніхто нават не прапаноўвае абмяркоўваць ці ўяўляць падобны сцэнар».

Пратэсты ў Каліфорніі (3)_result
Пратэсты ў Каліфорніі. Фота: flickr.com

Нягледзячы на ваганні, выкліканыя COVID-19, вайной ва Украіне і сітуацыяй на радзіме, Кася дагэтуль тут, «без добрага плана чарговай эміграцыі». У яе ў галаве «падвоеныя ўяўленні будучыні: той, калі застануся, і той, у якой я буду ў іншай краіне». Абодва варыянты цяжкія, але яна больш рыхтуецца да пераезду: «Спадзяюся, што не трэба будзе раптоўна пакаваць валізу ў адзін дзень. Але такі расклад не выглядае як штосьці цалкам неверагоднае».

Нягледзячы на «адвечнае дэжавю» і нарастаючае адчуванне нявызначанасці, Кася ўсё ж верыць у базавы гуманізм і лічыць, што ў такіх сітуацыях адказ відавочны: салідарнасць.

Чытайце таксама: Гуд бай, Гродна! Як дызайнерка-рэстаўратарка з’ехала ў ЗША праз Мексіку — нікога не папярэдзіўшы