Урад Беларусі прапанаваў дапоўніць КаАП. Калі закон прымуць, то беларусаў змогуць штрафаваць за «прапаганду гомасэксуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці, педафіліі». Спыталі ў ЛГБТ-актывіста і дэпутата Валянціна Цішко, які не адбыўся, як гэта зменіць штодзённасць беларусаў - у тым ліку гетэрасэксуальных.
На каго паўплывае закон?
Калі браць больш глыбока, то, хутчэй за ўсё, ён паўплывае на ўсіх і ўся. Гэта ўжо пачалося. Забараняюцца кнігі, хутка будуць забароненыя фільмы. Гэта справа часу. Умоўная «Гарбатая гара» (фільм, дзе ёсць гомасэксуальныя адносіны — Hrodna.life) будзе першай, якую забароняць. Таму што ў спіс забароненых, напрыклад, трапіла такая літаратура, як «І ў канцы яны абодва памруць». Там гомасэксуальнасць ёсць, але яна праходзіць такой маленькай тоненькай нітачкай праз палову кніжкі. Гэта значыць нават за гэта кнігу забаранілі. Хоць, як па мне, гэта цудоўнф літаратурны твор.
Літаратура пацерпіць, кінаіндустрыя. Мы атрымаем тую ж самую сітуацыю, што цяпер адбываецца на ўмоўным Захадзе, калі там абавязкова ў любым творы павінен быць гомасэксуальны персанаж. Толькі мы зараз ідзем у супрацьлегласць, дзе ні найменшага намёку нават быць на гэта не павінна. Атрымаецца класіка дзіцячага старога анекдота пра тое, што ж*а ёсць, а слова няма. Гэта значыць геі ёсць, але казаць пра гэта будзе нельга. Таму, на жаль, пацерпяць ад гэтага не толькі геі і не толькі ЛГБТ-супольнасць, але яна, вядома, у першую чаргу.

Многіх у Беларусі прэсуюць па любых падставах. Даходзіць да абсурду, калі да ЛГБТ-актывістаў, якія актывістамі былі толькі ў пачатку 2000-х, адзін раз і выпадкова, дагэтуль могуць прыходзіць з пытаннем. Наркакантроль можа прыходзіць правяраць, ці няма ў вас наркотыкаў? Сам трапляўся яшчэ калі быў у Беларусі, калі ўдалечыні ад мяне ў 400 кіламетраў знік хлопчык 9-гадовы. Вось да мяне прыходзілі апытваць — а дзе я быў у дзень яго згубы?
Каго закон закране — публічных людзей ці не толькі?
Пытанне, як гэты закон будзе прымяняцца. Што значыць гома-прапаганда? У Беларусі я нікога не бачыў яшчэ з плакатам «Хлопчыкі, любіце хлопчыкаў, дзяўчынкі, любіце дзяўчынак!» Што будуць прыцягваць пад фармулёўку закона? А ўсё што заўгодна. Двое людзей аднаго полу ішлі за руку — гэта гома-прапаганда. Дзесьці ў літаратуры згадалі, што персанаж глядзеў на сімпатычнага хлопца і ацаніў яго напампаваныя ногі ці, не дай бог, напампаваныя ягадзіцы. Усё гэта прапаганда. Завушніца ў вуху — прапаганда. Закон напісаны цікава — «прадухіліць азнаямленне з гэтым непаўналетніх». Гэта значыць, я іду па вуліцы — непаўналетнія могуць мяне ўбачыць. Калі б я сёння быў у Беларусі, проста сваім фактам існавання быў бы прапагандай.
Ну і плюс у мяне заўсёды пытанне да людзей пра гома-прапаганду. Я 89-га года нараджэння. Я нарадзіўся і рос у гетэрасэксуальным асяроддзі, дзе мама, тата, дзядуля, бабуля, цётка, дзядзька. Але чамусьці натуралам я ад гэтага не стаў. У гэтых пытаннях чамусьці ў заканадаўцаў спрэс адсутнічае прычынна-следчая сувязь.
А відэа, дзе гетэра-пара з сабакам радуюцца свайму дню, не паказваючы дзяцей — гэта прапаганда чайлдфры ці яшчэ не? Дзе гэтая вось мяжа?
Вось у тым і праблема, што пры жаданні гэты закон можна прыцягнуць да чаго заўгодна, да любой сітуацыі, што называецца, нацягнуць саву на глобус.
Да чаго гэта прывядзе ў доўгатэрміновай перспектыве? З грамадскага жыцця, па сутнасці, выключаюцца цэлы пласт людзей.
Да маргіналізацыі грамадства, да таго, што ўсё больш і больш Беларусь будзе інтэгравацца ў рускі свет ва ўсіх яго дрэнных сэнсах гэтага слова. Таму што чаму рускі свет? Таму што сам закон — гэта калька з Расіі. Гэта відаць па апошніх навінам, тэндэнцыям сусветным. Беларусь прымае аналагічны закон аб прапагандзе. Грузія прымае аналагічны закон з Расіяй па замежных агентах. Гэта не што іншае, як проста захоп Беларусі, але пакуль не фізічна, а праз юрыдычныя пытанні, праз заканадаўчыя акты.

Да чаго гэта прывядзе ў далейшым? Узмацніцца гамафобія. «Фобнасць» узмоцніцца. Беларусь і так была не самай талерантнай краінай. А цяпер усё больш і больш апускаецца ў мінулае. Гэта Савецкі Саюз часоў застою.
Вы казалі, што закон паўплывае на культуру, фільмы. Як гэта будзе выглядаць на побытавым узроўні, як гэта паўплывае на штодзённасць?
Робіцца ўсё вельмі проста. Ёсць спіс забароненай літаратуры — літаратура аўтаматычна знікае з прылаўкаў крам, таму што ніводнаму краме не хочацца атрымаць штрафы. OZ.by першы выкідае гэтыя кніжкі сабе на склады і на знішчэнне, проста каб не атрымаць штраф.
З бібліятэк, з пракату гэта ўсё знікне. Так, вядома, мы можам яшчэ далей пампаваць у інтэрнэце. Але рана ці позна можна прыцягнуць «захоўванне» да «распаўсюджвання».
Мы пойдзем проста ў падполле. На сённяшні дзень у падполлі сышла частка беларусаў, якія хочуць чытаць кніжкі Арлова, кніжкі Караткевіч і кніжкі Васіля Быкава. Заўтра ў падполлі сыдзе яшчэ частка Беларусі, якая хоча чытаць «Лета ў піянерскім гальштуку» і «Лісіная нара».
Чытайце таксама: Памятаеце, у OZ прыбралі «ЛГБТ-кнігі»? Аказалася, іх забараніў Гродзенскі гарвыканкам

Напэўна яшчэ будзе самацэнзура — падумаеш, выкладваць ці фота, дзе па-пацанску абдымаеш аднаго за плячо?
Яно ўжо ёсць у Беларусі - гэтая самацэнзура. Пасля 2020 года многія пакідалі свае фатаграфіі ў Facebook, напрыклад. Людзі баяцца нават згадкі, што яны знаёмыя з кімсьці, хто можа быць непажаданы ўлады. У тым горадзе Польшчы, дзе я цяпер знаходжуся, аказалася, у мяне жыве шмат знаёмых. Перыядычна з імі сустракаешся, але яны кожны раз акцэнтуюць увагу, што, калі ласка, без фатаграфій. Так, мы тут ужо атрымалі грамадзянства, мы нікуды з’язджаць адсюль не збіраемся, але ўсё роўна, калі ласка, без фатаграфій, каб, не дай бог, у Беларусі па фатаграфіі не ўвязалі, што мы з табой знаёмыя.
Вы думаеце, што людзей за мяжой таксама закране гэты закон?
Эмігрантаў яно закране ў нейкіх дробных бытавых пытаннях. Я, седзячы ў Польшчы, не баюся атрымаць за прапаганду ў Беларусі штраф. Хоць пры жаданні можна так скрывіць законы, што абкласці штрафамі сваякоў, якія засталіся ў Беларусі.
Яно можа закрануць яшчэ здалёк і ўскосна. Умоўна кажучы, я, седзячы ў Польшчы, хацеў бы прачытаць «Лісіную нару». Поўны збор, цыкл твораў. Але ў рускамоўных краінах яны забароненыя, іх проста друкаваць цяпер будзе няма дзе. Зразумела, што можна ў Лондане ці ў Парыжы, але гэта істотна падаражае кнігу.
У вас ёсць ідэі, чаму менавіта цяпер гэты закон аб забароне прапаганды ўвялі?
Яго на самай справе хацелі ўвесці яшчэ ў 2017-м. Але яго праводзілі ўпотай, з парушэннем працэдуры, так, каб пра гэта не стала вядома. Адбылася ўцечка, інфармацыя ўсплыла. Актывісты паднялі кіпіш — парушэнне працэдуры, закон не можа быць прыняты. І хуценька беларуская сістэма сказала: «Ой, так-так, прабачце, гэта наогул памылка. Ён памылкова сюды трапіў». Сапраўды, кожны дзень памылкова трапляюць законапраекты на пасяджэнне парламента.
Таму гэта проста была справа часу. А цяпер чаму? Таму што нас усё больш і больш паглынае Расія. Беларусь усё больш становіцца падобная да краіны-агрэсара і да часткова акупаванай тэрыторыі.
Як частка ЛГБТ-кам'юніці, як вы гэты закон сустракаеце? Што вы адчуваеце, калі ён прымаецца ў Беларусі?
Іспанскі сорам. Не, шчыра, нічога не адчуваю. Па адной простай прычыне — гэта чакана. У 2017 годзе гэта было шокам для ўсіх, асабліва ўлічваючы палітычную сітуацыю на той момант. А на сённяшні дзень у Беларусі магчыма ўсё.
Калі яшчэ хтосьці застаўся ў Беларусі з актывістаў, хутчэй за ўсё, гэта павялічыць іх адток. Гэта можа павялічыць рана ці позна адток людзей яшчэ па прычыне чайлдфры. Беларусь робіць усё, каб людзі адтуль з’язджалі.
Гэта значыць, мы ідзем да Савецкага Саюзу версія 2.0, але з зорачкай. Таму што з таго Савецкага Саюза, пра які так смуткуе і сумуе Аляксандр Рыгоравіч, мы ўзялі самае горшае.

Не выключаны такі варыянт, што мы прынялі закон, бо Масква папрасіла. Што далей з гэтым законам рабіць, незразумела. Мы яшчэ не ўсіх палітычных прыдушылі, а тут трэба яшчэ людзей адшукваць, каб яшчэ і ЛГБТ і чайлдфры душыць. Гэта значыць, гэта ўсё можа і заглухнуць.
Яшчэ нюанс — закон можа быць прыняты на фоне такіх навін, як вызваленне Ціханоўскага. Гэта спроба палітычных таргоў. Умоўна, мы пайшлі захаду на саступкі, выпусціўшы Ціханоўскага. Цяпер мы пойдзем Маскве на саступкі, прыняўшы такі закон. Або — мы сёння прымем такі закон, каб ім шантажаваць і трымаць трошачкі на адлегласці Захад. Прыняць, але нікога па ім не судзіць. І гэта будзе падстава для чарговых таргоў з Захадам. Каб дакладна сказаць, чым гэта ўсё будзе заканчвацца і працягвацца, трэба ведаць, што ў галаве ў двух пенсіянераў пры ўладзе.