Дзяржкантроль Гродзеншчыны незадаволены працай музеяў. Маўляў, у некаторых установах «не створаны ўмовы па захаванасці музейных прадметаў». А ў Лідзе знайшлі, што ў адным з музеяў у фондасховішчы не забяспечаны мікраклімат, няма мэблі для захоўвання, некаторыя рэчы захоўваюцца проста ў калідоры, няма выразнага ўліку. Hrodna.life спытаў у адмыслоўцаў, ці сапраўды ёсць такія праблемы ў рэгіянальных музеяў.
Схаваныя страты, парушэнні заканадаўства і шкодніцтва
КДК зрабіў свае высновы, калі правяраў, як рэалізуецца праграма «Культура Беларусі», паводле якой у Гродзенскай вобласці вылучылі 25,8 млн руб.
Напрыклад, у адной з устаноў культуры, якая атрымлівала субсідыі, знайшлі схаваныя страты ў гандлёва-вытворчага падраздзялення на 290 тыс. рублёў (іх закрывалі з прыбыткаў ад культурнай дзейнасці). У некаторых установах знайшлі парушэнні бюджэтнага і падатковага заканадаўства больш чым на 1,03 млн рублёў і факты шкоды на 12 тыс. рублёў.
«Стаўленне ў Гродзенскай вобласці заўсёды было на высокім узроўні»
Гэтыя лічбы ніяк не датычаць Гродна, заўважыў спецыяліст, які добра знаёмы з актуальнай сітуацыяй у музеях. Пры тым у Лідскім музеі, да якога мае прэтэнзіі КДК, надзвычай добры калектыў. З калектывамі могуць быць праблемы ў іншых райцэнтрах. Да прыкладу, музеі Навагрудка «амаль цалкам пазвальнялі яшчэ ў 2022 годзе», кажа крыніца Hrodna.life.
Культуролаг і музеязнаўца Рэгіна Лавор, заснавальніца Іўеўскага музея нацыянальных культур, таксама здзівілася лічбам КДК.
Яна працавала ў музеі з 2009 па 2013 год. Стаўленне да музейнай справы, музейных прадметаў, да супрацоўнікаў у Гродзенскай вобласці заўсёды было на высокім узроўні, адзначае жанчына.
«Там працавалі і працуюць спецыялісты, якія добра ведаюць сваю справу, любяць яе, і гродзенскі [абласны] музей заўсёды падтрымліваў невялічкія музеі - і лідскі, і іўеўскі - у тым, як трэба працаваць, што рабіць, прыязджалі метадысты і дапамагалі».
Пры тым, калі ствараўся іўеўскі музей, фінансавання амаль не было. Уся праца ішла на энтузіязме супрацоўнікаў, падкрэслівае Лавор. Тым не менш, музейныя прадметы ніколі не набывалі без дакументаў. Фондазакупачная камісія прымала прадметы, вырашала, куды іх аднесці, у які фонд; ім прысвойваўся нумар, усё падпісвалася і захоўвалася ў фондасховішчы.
Музейныя бюджэты: грошы ідуць на камуналку, а не на прадметы
Бюджэт кожнага музея складаецца са сродкаў, якія выдаткоўвае дзяржава, і сродкаў, якія зарабляе музей на платных паслугах. Калі закладаецца бюджэт музея, дакладна прапісваецца, колькі сродкаў адводзяць на якія патрэбы: на зарплаты, падаткі, камунальныя паслугі.
«Музейныя прадметы мы маглі набываць толькі за кошт пазабюджэтнай дзейнасці», — тлумачыць спецыялістка. Бюджэт музея распрацоўвае і падае кіраўнік разам з бухгалтарам. «Але справа ў іншым — наколькі гэты бюджэт прымаецца, наколькі ён уразаецца». У выніку спачатку закрываюцца першачарговыя пытанні. «На канец года амаль не застаецца грошай, якія былі выдаткаваныя на працу музея: набыццё абсталявання, прадметаў. Бо з гэтых параграфаў [бюджэту] грошы перакідаюцца на камунальныя плацяжы, заработную плату».
Кожны музей — гэта асобная юрыдычная асоба, якая мае свой рахунак, бухгалтара, пячатку, статут. Калі музей мае патрэбу ў абсталяванні, музейных прадметах, іх захаванні, і кіраўнік з эканамістам складаюць бюджэт, то ён проста не павінен абразацца, перакананая Рэгіна Лавор. Па праграме «Культура Беларусі» сапраўды выдаткоўваюць немалыя сродкі, але яна не дапускае, што праблема менавіта ў тым, што кіраўнікі музеяў няправільна іх выкарыстоўвалі і атрымалі страты. «Людзі, з якімі я працавала, гараць музейнай справай і робяць амаль немагчымае, каб захаваць прадметы».
«Мы з супрацоўнікамі ездзілі ў экспедыцыі на ўласнай машыне і куплялі прадметы за ўласныя сродкі. Бо быў план па прадметах фонду, а грошай у бюджэт на набыццё не было», — успамінае спецыялістка.
Праблема фондасховішчаў
Фондасховішчы музеяў сапраўды ў дрэнным стане: не хапае абсталявання, памяшканняў. Гэта найперш датычыць не буйных рэспубліканскіх музеяў, а раённых. «Нават калі ёсць фондасховішча, у ім бракуе шафаў, паліцаў, і на гэта не выдаткоўваюць сродкаў. Я думаю, сітуацыя не магла палепшыцца — хутчэй за ўсё яна магла пагоршыцца», — перакананая Лавор.
Зараз існуе шмат абсталявання для фондасховішча. Гэта шмат’ярусныя і шматпалічныя шафы, сцелажы з высоўнымі шуфлядамі (драйверамі) і картатэчныя шафы, для захоўвання карцін і габеленаў, шафы перасоўныя, для захавання адзення. Мікраклімат у фондасховішы павінен быць адным, з пэўнай тэмпературай і вільготнасцю. Для захавання асобных прадметаў існуюць шафы кліматычнага захоўвання. Для працы патрэбны драбіны. «Абсталяванне вельмі дарагое. Не думаю, што музеі яго могуць сабе дазволіць, таму кожны шукае выйсце, як можа. Адсюль і парушэнні».
«Дзесяць гадоў таму гэта былі лічбы, непараўнальныя з нашым бюджэтам. Напрыклад, мы маглі набыць у фондасховішча адну шафу. Пытанне вырашылі так: бібліятэка спісала металічныя сцелажы ад кніг, мы забралі іх у музей, выдраілі, пафарбавалі, сабралі, паставілі. І вось так проста, на адкрытых паліцах, захоўваліся і захоўваюцца музейныя прадметы. Нават тэрмометры ў фондасховішча даводзілася набываць са сваёй кішэні, або з пазабюджэтных сродкаў, якія ты і так не ведаў, на што размеркаваць».
Таксама існуе праблема захавання габарытных прадметаў. Напрыклад, Іўеўскі музей нацыянальных культур мае фондасховішча блізу 25 кв. м. «Калі падысці граматна да падбору абсталявання, то гэтага дастаткова для такога музея».
Але напачатку адкрыцця музея не выдаткоўвалі грошай, каб набыць абсталяванне ў фондасховішча, не кажучы пра тое, каб стварыць мікраклімат для захоўвання музейных прадметаў. «Гэтага не было падчас маёй працы, і, думаю, гэтага няма і зараз».
Заканадаўства і рэальнасць
«Працаваць з заканадаўствам, якое існавала і існуе — проста немагчыма. Каб сапраўды працаваў музей, кіраўнік павінен гэта заканадаўства ўвесь час парушаць, абыходзіць, падманваць, нешта прыдумляць. Бо фінансавая сістэма, падаткавая, музейныя інструкцыі распрацаваны не ў кантэксце супрацы з калектывамі і кіраўнікамі, а спушчаныя зверху.
Я сышла з пасады, таму што не магла паўплываць на гэту сістэму, і каб не сесці ў турму ў выніку бясконцых праверак. Толькі адно, што рэканструкцыя будынка ішла з парушэннямі будаўнічых нормаў… і ў выніку падлогу другога паверха паклалі на векавыя струхнелыя балкі, і праз нейкі час падлога стала правальвацца. Пытанне закрылі, падмацаваўшы падлогу, залаталі дзіркі і пабудавалі пастаянныя экспазіцыі. Шалёныя грошы выкінуць на вецер", — успамінае Лавор.
Неадпаведнасць заканадаўства рэальным умовам можа правакаваць і брак своечасовага ўліку экспанатаў. «Напрыклад, мы бярэм нейкі прадмет у фонды музея. Калі мы яго ўзялі ў асноўны фонд, і з гэтым прадметам нешта здарылася, мы не можам яго спісаць, трэба рыхтаваць кучу дакументаў, усё гэта падаваць у міністэрства. І ты нясеш за гэты прадмет такую адказнасць, што не кожны музей ідзе на гэта. Таму атрымліваецца так: паехалі ў экспедыцыю, узялі якіясьці прадметы, і далей вырашаецца, куды іх аднесці, які іхні стан, ці магчыма іх рэстаўраваць. Рэстаўрацыя — вельмі дарагі і складаны працэс, і не кожны музей можа сабе яго дазволіць. Таму можа атрымацца так — прыйшла праверка, і ў музея знайшлі нейкія прадметы, якія не ўлічаны. Бо калі вы ўзялі гэты прадмет у асноўны фонд і яго там з’елі мышы ці моль, вы далей не ведаеце, што рабіць, бо ў вас персанальная адказнасць за гэты прадмет».
Чытайце таксама: Гісторыя, інтэрактывы і дэгустацыя. У Лідзе адкрылі «Музей лідскага бровара»