Высотныя 19-павярховыя дамы будуць навісаць над Каложай і сапсуюць гэтую частку гарадскога скайлайна, лічаць стваральнікі зварота на платформе «Удобный город». Яны патрабуюць ад Гродзенскага гарвыканкама не будаваць раён «Залаты» або прынамсі абмежаваць колькасць паверхаў у дамах. Зараз ідзе збор подпісаў пад зваротам. Hrodna.life пачытаў яго і разабраўся, дзе аўтары маюць рацыю, дзе заблыталіся і чаму ўсё ж іх зварот слушны.
З-за чаго аўтары ўсхваляваліся і што гэта наогул за раён
Аўтараў зварота хвалююць планы пабудовы новага мікрараёна «Залаты» (раней у планах гарвыканкама ён называўся «Вясенні») ў ваколіцах вуліц Вясенняй і Каліноўскага. Гэты раён запланаваны даўно, для яго будаўніцтва знясуць 79 прыватных дамоў. Але ў верасні 2022 стала вядома, што ў частцы новых высотак вырашылі павялічыць колькасць паверхаў з 15 ажно да 19. На гэта тады звярнуў увагу канал «Urban Hrodna». Паводле аўтараў петыцыі, высоткі будуць вытыркацца з-за дрэваў Каложскага парку — і сапсуюць від на горад з левага берага Нёмана.
Што не так з «Залатым» раёнам і з самім зваротам
У звароце пішуць, што Каложская царква ў Гродне з’яўляецца імаверным кандыдатам на ўнясенне ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ад Беларусі - і акурат каля яе плануюць збудаваць новы мікрараён на 6000 жыхароў. Насамрэч, гэта паўпраўда. Раён з’явіцца не ля самой Каложы, а каля 1−1,5 км ад яе. Таму побач з самой царквой від наўрад ці сапсуецца. Але некаторыя асабліва высокія дамы сапраўды могуць стаць добра бачнымі на панараме горада — і гэта рэальная праблема.
На гэта звяртаюць увагу аўтары зварота: маўляў, жыхары апошніх паверхаў новых дамоў атрымаюць выдатны від на стары горад, але адначасова іх дамы сапсуюць панараму Гродна. «Гэта нерацыянальны паход да ўрбаністыкі», — пішуць аўтары.
Чытайце і слухайце: Як адрозніць добрую архітэктуру ад дрэннай
Далей аргументы аўтараў робяцца дзіўнымі. Яны сцвярджаюць, што для будаўніцтва новага раёна трэба будзе перанесці памятны камень Давыду Гарадзенскаму ў Каложскім парку і памятны знак «Пагоня на Грунвальд» ля Каложы. Але гэта не мае нічога агульнага з рэальнасцю. Дамы будуць будаваць за кіламетр ад парка.
Чаму будаўніцтва раёна прыцягнула ўвагу толькі зараз
Увагу да запланаванага будаўніцтва прыцягнула карыстальніца Instagram olya_m.i.r.o.n.o.v.a. Яна 25 студзеня апублікавала просты фотамантаж, дзе над дрэвамі Каложскага парка бачныя высоткі (насамрэч гэта фота дамоў у Барнаўле). Пост сабраў 212 лайкаў і больш за 20 каментарыяў.
«Оказывается много кто не знает, что в этом году собираются сносить частный сектор на ул Весенней и близ прилегающей к ней территории», — піша аўтарка і дадае: «[…] полностью поменяется панорама исторического города. На заднем плане Коложской церкви, архитектурного памятника 12 века появятся „коробочки“ которые „убъют“ весь понорамный вид» (арфаграфія аўтаркі захаваная).
Насамрэч, від будзе далёка не такі. Рэдакцыя Hrodna.life зрабіла свой мантаж — больш рэалістычны. Аднак нават па нашых сціплых ацэнках бачна, што апошнія паверхі будуць вытыркацца з-за дрэваў парку.
Пасля з’яўлення мантажу ад olya_m.i.r.o.n.o.v.a на праблему звярнула ўвагу «Наша Ніва». Выданне заўважыла, што нават сёння, калі глядзець на Каложу са Старога моста, можна заўважыць па-над дрэвамі дах 15-павярховага дома на рагу вуліц Каліноўскага і Вясенняй. А значыць, тым болей будуць бачныя 19-павярховікі.
«Я больш чым перакананы, што ўзвядзенне новага квартала на фоне храма XII стагоддзя — аднаго з галоўных кандыдатаў на трапленне ў спіс ЮНЕСКА ад Беларусі — можа негатыўна паўплываць на станоўчае рашэнне камісіі. Па апублікаваных рэндарах складана дакладна ацаніць, наколькі моцна будзе сапсаваная панарама, але відавочна, што 15- і 19-павярховыя дамы ў пару кіламетрах ад Каложы будуць вельмі моцна выбівацца», — цытуе «Наша Ніва» краязнаўцу Мечыслава Супрона.
Ён звяртае ўвагу, што ў параўнанні з ранейшымі рэндарамі 2021 года, колькасць кватэр і вышыня дамоў павялічыліся. У «Залатым» плануюць збудаваць 2475 кватэр, а не 2284. Гэта, на думку Супрона, не адпавядае сучасным еўрапейскім тэндэнцыям. У суседніх Польшчы і Літве прынята будаваць кварталы на 4−6 паверхаў, каб не перагружаць асяроддзе.
Як падпісаць зварот
На ўсе гэтыя праблемы звяртаюць увагу і аўтары петыцыі ў Гродзенскі гарвыканкам. Яны падкрэсліваюць, што псаванне гарадскога скайлайна ў выніку можа кепска адбіцца на турыстычнай прывабнасці горада і нашкодзіць яму і яго жыхарам. Таму яны прапануюць гарадскім уладам або не ўзводзіць мікрараён «Залаты», або абмежаваць яго будынкамі да шасці паверхаў вышынёй.
Зварот можна падпісаць да 8 лютага ўключна. Дзяржаўныя органы ў Беларусі абавязаныя адказваць на такія звароты ў тэрмін да 14 дзён, а ў складаных справах — да месяца.
Чытайце таксама: «Прапануюць ісці вось у такое дзярмо». Як мясцовыя жыхары будучага мікрараёна на Вясенняй чакаюць зносу