31 сакавіка пракурор запытаў два гады калоніі агульнага рэжыму гродзенцу Вадзіму Плаўскаму, якога судзяць за хуліганства. 30 кастрычніка 2020 года Вадзім Плаўскі забраў малодшую дачку з дзіцячага садка і пайшоў з ёй гуляць па Альшанцы каля 17.30. У той дзень на дрэвах хтосьці развесіў белыя стужачкі, адну з іх у рукі ўзяла дачка Вадзіма. У гэты час да сям'і падышла Вольга Бондарава з «Антывандалу», пачала здымаць Плаўскага на камеру, размаўляць з ім і пераследаваць. Мужчына адправіў дачку дадому і паваліў Вольгу на зямлю.
39-гадовага Вадзіма затрымалі ў той жа дзень і ўзялі пад варту. Ён працаваў арматуршчыкам трэцяга разраду ў Гроднадругчармет, жанаты, у сям'і двое непаўнагадовых дзяцей.
Мужчыну абвінавацілі па ч. 1 арт. 339 «Хуліганства». На вул.Агінскага ў Гродне ён з «хуліганскіх меркаванняў» здзейсніў «наўмысныя дзеянні, якія груба парушалі грамадскі парадак, выказвалі відавочную непавагу да грамадства і суправаджаліся прымяненнем гвалту да Бондаравай». Вадзім Плаўскі не прызнаў віну. У судзе 31 сакавіка ён выглядаў спакойным.
— 38 гадоў, замужам;
— прыцягвалася да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці - за кантрабанду цыгарэт у Польшчу;
— праходзіла пацярпелай па справе Васіля Пільца, якога абвінавацілі ў хуліганстве і асудзілі на год «хатняй хіміі»;
— фігуравала ў справе аб «штрафе за гноміка» — звярнулася ў міліцыю па факце «пратэстнага дэкору» ў кватэры сваёй былой аднакласніцы;
— прыходзіла на Кірава, 3, дзе размешчаны «Цэнтр гарадскога жыцця» і крама «Адметнасць». Пасля гэтага там прайшлі ператрусы;
— здымае на відэа паразвешваныя ў Гродне стужкі, налепкі і сцягі, аб чым распавядае ў Telegram-канале.
Крымінальную справу завялі пасля звароту Бондаравай у міліцыю. Яна заявіла, што 30 кастрычніка каля 17.30 была «беспадстаўна збітая» і ёй прычынілі цялесныя пашкоджанні. У той жа дзень Вольга распавяла міліцыі, што прыехала ў Альшанку, дзе ўбачыла бацьку, які перадаваў дачцэ стужачку. Бондарава пачала здымаць. Яна зрабіла заўвагу Вадзіму, завязалася лаянка. Вадзім неаднаразова прасіў Бондараву перастаць здымаць і не пераследаваць яго, звярнула ўвагу ў судзе абаронца Плаўскага. Ужо каля сярэдняй школы № 39 мужчына адправіў дачку дадому і сказаў Вользе: «Што ты ідзеш за мной, выключы камеру!»
Дачка вярнулася дадому ў слязах. «Цётка чаплялася да папы, здымала на тэлефон, тата бегаў па вуліцы, цётка [бегала] за ім і працягвала здымаць», — пераказала словы дачкі ў судзе жонка Вадзіма Дыяна.
Што адбылося далей, відаць у роліках Вольгі і яе сяброўкі. Вадзім сказаў «Раз!» і рэзка пайшоў на Бондараву. Ён паваліў яе на зямлю, спрабуючы выхапіць тэлефон, каб сцерці запісы з ім і яго дачкой. Вольга актыўна супраціўлялася і крычала. Плаўскі пакінуў яе, падняў свой выпаў тэлефон і пайшоў дадому. Паводле версіі пракурора, Вадзім лаяўся і абражаў гродзенку, ударыў адзін раз Вольгу ў твар, схапіў і кінуў на зямлю, пачаў цягаць за валасы, утрымліваў рукамі за вопратку, таптаў ляжачую на зямлі.
«Злачынства было здзейснена ў дачыненні да жанчыны. Зверскім нечалавечым характарам», — адзначыў пракурор. Пасля нападу, як чуваць на відэа, Вольга сказала: «Малайчынка, ён на мяне напаў, паспрабаваў збіць».
Вольга тут жа выклікала міліцыю. Да самага пад’езда Вольга пераследавала яго. Каб «палегчыць і без таго напружаную пасля жнівеньскіх падзей працу праваахоўных органаў», патлумачыла яна ў судзе пераслед. У пад’ездзе зноў адбыўся канфлікт: Вадзім спрабаваў зачыніць дзверы, Вольга паставіла сваю нагу, замінаючы яму. Тады ён замахнуўся на яе нагу, Бондарава ў сваю чаргу ўдарыла Плаўскага па назе, ён змазана ўдарыў яе па назе ў адказ.
Калі міліцыя ўвайшла ў пад’езд, Вадзіма быў у ліфце і ішоў да праваахоўнікаў.
З нагоды удараў паказанні Бондаравай супярэчылі адзін аднаму. 30 кастрычніка яна заяўляла, што Вадзім нанёс не менш за 10 удараў па тулаве і ў вобласць галавы. 31 кастрычніка: Плаўскі ўдарыў яе ў твар, а потым паваліў на зямлю. У той дзень яна папрасіла пакінуць Вадзіма пад вартай — маўляў, ён выказваў у яе адрас пагрозы. 2 лістапада, падчас экспертызы, Вольга патлумачыла, што Плаўскі ўдарыў яе далонню па твары, пасля чаго яна ўпала на асфальт. На відэа удараў не відаць. «Кожнае дакрананне з боку Плаўскага я ўспрымала як удар», — патлумачыла Вольга ў судзе супярэчнасці ў паказаннях.
Вользе прычынілі комплекс пашкоджанняў - лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі кароткачасовага расстройства здароўя, сказаў у судзе пракурор.
Супрацоўнікі міліцыі спачатку апісвалі ўласную версію таго, што адбылося, адрозную ад таго, што прагучала ў судзе. «Жанчына ўбачыла, што ў мужчыны парушаная каардынацыя рухаў, ён знаходзіцца з малалетнім дзіцем і здзяйсняе маніпуляцыі з стужкамі — таму вырашыла пацікавіцца, ці аддае ён справаздачу сваім дзеянням і зможа давесці дачку дадому. Грамадзянін жа праявіў агрэсію, накінуўся на пацярпелую, паваліў яе на зямлю і стаў збіваць, а пазней сышоў дадому», — пісалі на афіцыйным партале УУС Гродзенскага аблвыканкама. Дзяржаўныя СМІ, як і сведкі па справе з боку Вольгі, блыталіся: белыя ці чырвона-белыя былі стужачкі, 29 або 39 гадоў было абвінавачанаму.
Сама Вольга у першапачатковых паказаньнях пра алкаголь не казала. Вадзім у судзе патлумачыў, што сапраўды выпіў 200 грамаў віскі, але ўжо пасля таго, што здарылася, каб зняць стрэс. Таму першыя паказанні ён даваў, будучы п’яным, і не чытаў іх. Абаронца папрасіла не ўлічваць яго першыя паказанні.
«Калі дзесьці я перабраў, я хачу папрасіць прабачэння», — сказаў Вадзім на відэа, якое знялі ў міліцыі пасля затрымання. Ён казаў, калі б быў цвярозым, сітуацыі, «можа быць», не адбылося б.
Вадзім не адмаўляе факту кідка пацярпелай на асфальт і нанясення аднаго слізгаючага ўдару ў вобласць нагі каля пад’езда дома, распавяла яго абаронца. Але ён не быў п’яны, не біў Бондараву ў твар, не хапаў за шыю і не цягаў за валасы. Хуліганскага матыву ў яго таксама не было, лічыць адвакат.
Яна мяркуе, што канфлікт справакавалі пераслед і здымка. У дзеяннях Вадзіма адсутнічае склад злачынства па ч. 1 арт. 339 КК, таму яго варта апраўдаць, сказала адвакат.
Агрэсія на відэаздымку непамерная дзеянням Бондаравай, мяркуе пракурор. Ён звярнуў увагу, што Вадзім не судзімы, але прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці па лініі ДАІ. Прымусова лячыць Вадзіма ад алкагольнай залежнасці не будуць. Змякчальнай акалічнасцю палічылі двух непаўналетніх дзяцей Вадзіма, абцяжваючай — алкагольнае ап’яненне.
Да пачатку пасяджэння Вольга Бондарава лаялася на журналістаў, якія спрабавалі сфатаграфаваць яе. Адну з рэпарцёрак яе сяброўка назвала «пацуком».
30 кастрычніка Бондарава ўбачыла, што мужчына ў парку з дзяўчынкай вешае стужкі, была здзіўленая і зрабіла спробу завязаць дыялог, каб не памыліцца ў сваіх падазрэннях, распавяла Вольга ў судзе пра падзеі 30 кастрычніка. Па яе словах, яна спытала, чаму мужчына вучыць дзіця і навошта развешвае стужкі. На што адказам была «не справакаваная і неадэкватна агрэсіўная рэакцыя». Вольга ўбачыла хісткую хаду, адчула пах алкаголю і вырашыла, што Вадзім п’яны. Абаронца Вадзіма звярнула ўвагі, што адразу пасля інцыдэнту Вольга пра пах алкаголю не распавяла.
Сітуацыю Вольга ацэньвае як «мэтанакіраваны і наўмысны напад».
— Я адчувала на сваім целе пабоі па галаве, па спіне, па руках, па нагах — у мяне пасля гэтага балела ўсё. Як круціў, біў, па асфальце круціў — балелі ногі, галёнкі, плечы, жывот, галава. Больш за ўсё пацярпеў твар — немагчыма было глядзець ў люстэрка. Я была пазбаўленая магчымасці ўдзельнічаць у грамадскай дзейнасці з-за таго, што мяне ванітавала. Досыць доўгі час я не магла зрабіць крок з ложка, таму што адразу пачыналася галавакружэнне. Гэта ўсё вынік бандыцкай і хуліганскай дзейнасці Плаўскага. Я была вымушаная прапусціць мерапрыемства, якія сама ж і арганізоўвала — рэспубліканскі аўтапрабег, — пералічвала Вольга ў судзе атрыманыя траўмы.
Вольга — арганізатар акцыі «Антывандал Гродна», распавяла яна аб сабе ў судзе. Сваю прамову яна вяла, абапіраючыся на напісанае на паперы. Па словах Вольгі, яе рух узгоднены з уладамі і праваахоўнікамі горада.
Праз пяць дзён пасля здарэння Бондарава прымала кветкі і прысмакі ад уладаў і прадстаўнікоў Беларускага саюза жанчын, якія прыйшлі да яе дадому падтрымаць. Лідэр абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Ірына Сцепаненка назвала учынак Вольгі «маленькі подзвігам». «Гродзенская праўда» тады напісала, што ў дзяўчыны дыягнаставалі страсенне мозгу і пералом носа. У судзе аб падобных траўмах не распавялі. На фота «Гродзенскай праўды» ад 3 лістапада ў Вольгі на твары не відаць ранак, сінякоў і зламанага носа.
У судзе Вольга паразважала аб тым, які Плаўскі бацька і назвала яго «п'янай пачварай». Суддзя Руслан Хіхол на гэта ніяк не адрэагаваў. Да гэтага ён выдаліў з залы бацькі Вадзіма Плаўскага за парушэнне парадку — той нягучна перагаворваўся з жонкай.
Муж удзельнічаў у выхаванні дзяцей, вадзіў іх у дзіцячы сад, школу, гурткі, распавяла Hrodna.life жонка Вадзіма, Дыяна. Яна працуе пазменна, таму паспяваць зараз з дзецьмі ёй складана. Да таго ж, паўстала фінансавае пытанне — да затрымання ў сям'і працавалі абодва бацькі, а цяпер адна Дыяна.
«Мы разам 12 гадоў і ніколі не расставіліся. А зараз…», — сказала Дыяна. Яна спадзяецца, што ўсе «вырашыцца добра».
Апошняе слова Вадзіма Плаўскага прызначанае на 11.00 2 красавіка.
Абноўлена 31 траўня. Вадзім Плаўскі, якога асудзілі на паўтара года калоніі за канфлікт з Вольгай Бондаравай, 25 траўня паспрабаваў абскардзіць прысуд у Гродзенскім абласным судзе. Справу разглядала судовая калегія ў складзе суддзяў Козел, Заяц і Бубенчыка. Пракурор — Клішына. Пацярпелая Вольга Бондарава на пасяджэнне не прыйшла. Абвінавачаны таксама не з’явіўся, так як знаходзіцца пад вартай.
Абвінавачаны і ягоны абаронца прасілі скасаваць прысуд і прызначыць больш мяккае пакаранне, бо ў дзеяннях Вадзіма не было хуліганскага матыву — а ён абавязковы для арт. 339 КК. Паказанні Вольгі і сведкі Васільевай, якія ляглі ў аснову прысуду, супярэчлівыя.
Пракурор Клішына палічыла, што пакаранне выбралі суразмерна зробленаму, а прысуд варта пакінуць без зменаў. Такое рашэнне судовая калегія і вынесла.
Чытайце далей: Полтора года колонии получил гродненец за конфликт с Ольгой Бондаревой. Потерпевшая: «Хотелось бы более сурового приговора»
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…