Піяніста Аляксея Пятрова з Гродна запрасілі на некалькі тыдняў у Кітай. Ад 11 да 25 ліпеня маэстра праводзіць майстар-класы для мясцовых выканаўцаў і знаёміцца з культурай краіны. Раней Пятроў разам з жонкай, таксама піяністкай, Ганнай Голуб, дапамагалі арганізаваць у Гродне канцэрты кітайскіх оперных спявачак, што вучацца ў Беларусі.

Музыкі лічаць, што абмен музычным досведам паміж краінамі будзе развівацца. Тым больш, ад 10 жніўня паміж Кітаем і Беларуссю скасоўваецца візавы рэжым.

Кітайскія музыканты – тысячы “моцартаў” у адной зале

“У Кітаі велізарная колькасць дзяцей вучыцца іграць на фартэпіана. Займацца пачынаюць вельмі рана, многія ва ўзросце 4 гадоў, што для еўрапейскай культуры даволі незвычайна, – расказвае Аляксей Пятроў. – У нас Моцарт, мабыць, выключэнне, але мы і гэта не можам праверыць”. Па словах маэстра, такой вялікай колькасці маладых людзей, якія жадаюць паслухаць урокі, яму яшчэ не даводзілася сустракаць.

“На маіх майстар-класах прысутнічаюць не толькі студэнты, але і іх педагогі. Размовы з імі часам доўжацца гадзінамі. Масавасць захаплення ігрой на фартэпіяна сярод моладзі, тут у Кітаі, робіць на мяне каласальнае ўражанне”.

Шаўковы шлях да музыкі. Піяніст з Гродна выкладае ў Кітаі, а кітайскія музыкі спяваюць "Купалінку"

Хочуць вучыцца ў Беларусі. Гэта не танна, але не так дорага, як у Еўропе

“Свет музыкі часта не мае межаў і ў многім трымаецца на сяброўстве”, – расказваюць Ганна Голуб і Аляксей Пятроў. Спявачкі з Кітая Галімэн Чжу і Ся Чжан даведаліся пра Аляксея Пятрова ад калегаў, потым пачулі яго выкананне ў кансерваторыі і папрасілі папрацаваць таксама з імі. Абедзьве спявачкі скончылі ў Беларусі дактарантуру па оперным мастацтве і абаранілі дысертацыі. Беларуская оперная школа лічыцца ў Кітаі прэстыжнай. Дзякуючы такому “рэнамэ” навучанне музыцы ў Беларусі вельмі запатрабаванае.

Шаўковы шлях да музыкі. Піяніст з Гродна выкладае ў Кітаі, а кітайскія музыкі спяваюць "Купалінку"

“Вучыцца ў нашай акадэміі музыкі для іх не танна, але ўсё ж не так дорага, як у Еўропе. Ды і кантакт паміж дзяржавамі даволі моцны, – тлумачыць Ганна Голуб. – А мець досвед выступаў са знакамітым музыкам і лаўрэатам шматлікіх конкурсаў лічыцца вельмі прэстыжным”.

Сябар, брат і родная маці

Па словах піяністкі, не ўсе музыкі могуць добра акампанаваць вакалістам. Таму для спявачак вельмі важна, з кім яны выступаюць. “Моцны музыка для вакаліста – сябар, брат і родная маці. Настрой, эмоцыі, іх адпаведнасць тэксту – усе гэта кладзецца на нашы  акампаніятарскія плечы. Канцэртмайстар для выканаўцы – гэта трэнер і дарога ў будучыню”.

Шаўковы шлях да музыкі. Піяніст з Гродна выкладае ў Кітаі, а кітайскія музыкі спяваюць "Купалінку"

“Купалінка” ў іх выкананні проста ўзрывае мозг!

“Ідэя памузыцыраваць разам са спявачкамі з Кітая прыйшлася нам з Ганнай даспадобы і мы падтрымалі дзяўчат. Арганізавалі ім канцэрты ў Гомелі і ў Гродне, – расказвае Аляксей Пятроў. – Для нашых слухачоў гэта – экзотыка, а для кітайскіх музыкаў экзотыка – гэта прыехаць у Беларусь”.

З такой нагоды спявачкі рыхтавалі адмысловы рэпертуар – спявалі па-кітайску, па-руску, па-беларуску, па-італьянску і па-французску. Для беларускіх музыкаў кітайскі стыль выканання і кітайская музыка ўвогуле аказаліся “не менш цікавымі, чым кітайская кухня”.

“Гэта музыка такая пазітыўная і медытатыўная, што добра заходзіць у любой аўдыторыі і мае шанец стаць папулярнай у Беларусі, – мяркуе Аляксей Пятроў. – А нам таксама цікава зрабіць добрую справу для горада і прывезці сюды цікавых выканаўцаў. Бо Гродна – гэта горад таленавітых людзей. Тут шмат і вядомых музыкаў, і знакамітых мастакоў, і ўдзячнай публікі. У прынцыпе, тут шмат класных і творчых людзей”.

Шаўковы шлях да музыкі. Піяніст з Гродна выкладае ў Кітаі, а кітайскія музыкі спяваюць "Купалінку"

Музыка і баявыя мастацтвы Шаоліня

На сваёй радзіме кітайскія спявачкі дапамагаюць беларускаму маэстра камунікаваць з кітайскімі студэнтамі. Галімэн добра асвоіла рускую мову і суправаджае яго ў якасці перакладчыка.

А вольныя ад музыкі хвіліны Аляксей Пятроў скарыстоўвае для знаёмства з краінай. У фэйсбуку піяніста з’явіліся здымкі на фоне кляштара, для здымаўся культавы фільм 1985 года “Баявыя мастацтвы Шаоліня”.